Прэзідэнт даручыў пабудаваць новы мост паміж Жыткавічамі і Туравам у бягучым годзе

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў у час рабочай сустрэчы з намеснікам прэм’ер-міністра Міхаілам Русым праблемныя пытанні паставак беларускага малака ў Расію, а таксама шэраг іншых актуальных пытанняў.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што паміж Беларуссю і Расіяй зноў пачаліся спрэчкі аб пастаўках малака. У гэтым пытанні было даручана разабрацца Міхаілу Русаму.

“Але хачу сказаць, што без адказу такія рэчы не застануцца. Мы проста цярпець гэта не будзем. Таму што мяне спецслужбы інфармуюць, што завезлі з Новай Зеландыі або адкуль-небудзь сухое малако (гэта іх справа), з’явіліся лішкі, зараз яны пачынаюць нас прытрымліваць, пакуль рэалізуюць тое малако па высокіх цэнах. Таму ім не падабаецца таннае малако”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Мы ім аддадзім сваё малако па той цане, якую лічым патрэбнай, а яны няхай расіянам павялічваюць цану, калі там ужо рускія людзі, масквічы або піцерцы аб’еліся новазеландскім малаком. Таму мяне цікавіць, як вырашаецца гэтае пытанне”, — сказаў прэзідэнт.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай сустрэчы з намеснікам прэм’ер-міністра Міхаілам Русым даручыў у бягучым годзе пабудаваць новы мост паміж Жыткавічамі і Туравам.

“На жаль, што было пабудавана ў савецкі час, гэтыя масты маюць праблемы. Дрэнна, што гэта нечакана здарылася. За гэты год новы мост павінен быць там пабудаваны”, — даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён сам часта бывае ў гэтым рэгіёне. “Гэта нядобра будзе, калі прэзідэнт туды прыедзе, а людзі будуць скар-дзіцца. Яны разумеюць, што бяда здарылася. Усяляк бывае, але людзі не павінны пакутаваць, — падкрэсліў ён. — Трэба арганізаваць падвоз да Турава, Жыткавіч, каб людзі маглі перамяшчацца. Зрабіць усё, каб людзі маглі пераходзіць цераз рэчку, хаця б тыя, якія на работу едуць. За год мост павінен быць адноўлены”.

Прэзідэнт сказаў, што мае намер наведаць гэты раён вясной і пракантраляваць гэтыя пытанні. “Не дай бог людзі пачнуць скардзіцца, што мы не працавалі з гэтай праблемай, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — У мяне гэтае пытанне на кантролі. Але гэта твая радзіма, і ў Год малой радзімы ты не павінен ад гэтага адвярнуцца”.

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў праверыць стан іншых падобных мастоў у краіне. “Не трэба чакаць, пакуль зноў недзе штосьці лопне ці трэсне. Трэба ўмацоўваць, перарабляць гэтыя масты, магчыма, яшчэ дадатковыя апоры падвесці, але так, каб яны трымаліся і служылі. А так мы цяпер паабмяжоўваем рух, потым закрыем масты, і людзі будуць за 300 км ездзіць. Гэта ж нядобра”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *