Прэзідэнт даручыў прапрацаваць пакет прапаноў па ўдасканаленні падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі

- 15:05Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Немагчыма пайсці па інавацыйным шляху развіцця без навуковага суправаджэння і адукаваных кадраў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы з дакладам старшыню Вышэйшай атэстацыйнай камісіі (ВАК) Генадзя Пальчыка.

“Мы выбралі інавацыйны шлях развіцця нашай краіны, эканомікі. Зразумела, без навуковага суправаджэння (а навуковае суправаджэнне — гэта кадры), без адукаваных, высокакваліфікаваных, падрыхтаваных кадраў гэта немагчыма. І якраз у эпіцэнтры гэтай работы становіцца Вышэйшая атэстацыйная камісія”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў Генадзя Пальчыка, на чым цяпер будуецца работа ВАК, як праходзіць амаладжэнне навуковых кадраў у Акадэміі навук, сферы адукацыі і рэальным сектары эканомікі. “Мы не адмаўляем ролю масцітых вучоных, але рана ці позна (жыццё так наладжана) яны сыходзяць, павінны прыйсці маладыя”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўзняў пытанне аб тым, што сёння можна зрабіць у Беларусі, улічваючы пажаданні навуковых супрацоўнікаў і магчымасці дзяржавы, каб вучоны чалавек меў адпаведнае палажэнне і статус.

Як паведаміў журналістам пасля даклада Прэзідэнту Беларусі старшыня ВАК Генадзь Пальчык, кіраўнік дзяржавы даручыў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі прапрацаваць пакет прапаноў па ўдасканаленні падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі.

“Даручана падрыхтаваць і разгледзець у найбліжэйшы час на Прэзідыуме Савета Міністраў пакет, што тычыцца сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі”, — сказаў Генадзь Пальчык.

Паводле слоў старшыні ВАК, галоўнай тэмай яго даклада прэзідэнту стала падрыхтоўка навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў кантэксце задач, якія былі пастаўлены на V Усебеларускім народным сходзе па інавацыйным развіцці дзяржавы. “Напэўна, найважнейшы складнік, калі мы гаворым аб інавацыйным блоку, — выхад вучонага на вытворчасць. Таму з прэзідэнтам абмяркоўвалася пытанне аб магчымасці захавання тых надбавак, якія атрымлівае доктар навук, кандыдат навук, працуючы ва ўсіх сферах эканомікі і ўкараняючы вынікі сваёй навуковай дзейнасці. Трэба разглядаць навуковую ступень як пэўную дзяржаўную атэстацыю, кваліфікацыю вучонага незалежна ад таго, дзе ён працуе”, — растлумачыў Генадзь Пальчык.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як сёння падтрымліваюць навуковую моладзь і якія крокі ў гэтым напрамку можна яшчэ зрабіць. Паводле слоў Генадзя Пальчыка, у рамках спецыяльных фондаў прэзідэнта маладым вучоным штогод выдзяляюцца стыпендыі, паралельна ў іх ёсць магчымасць атрымаць ільготны крэдыт на будаўніцтва жылля. “Такая сацыяльная падтрымка з’яўляецца сістэмнай, выніковай і будзе ў далейшым развівацца”, — адзначыў кіраўнік Вышэйшай атэстацыйнай камісіі.