Прэзідэнт канстатаваў, што для падтрымкі сем’яў з дзецьмі ў Беларусі прыняты выключныя меры

- 11:52Інфармацыйная гадзіна

Дэмаграфічная сітуацыя і ўдасканаленне мер дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, абмяркоўваліся на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пры разглядзе мер па падтрымцы сем’яў размова павінна ісці не толькі аб укараненні новых механізмаў, але і аб удасканаленні сістэмы ў цэлым. “У нас і так ужо дабаўлена настолькі, што ніводная краіна ў свеце не падтрымлівае сем’і з дзецьмі так, як мы. У нас, па-мойму, да 11 розных дапамог. Я прачытаў аналіз па краінах: дапусцім, у Германіі вельмі моцныя выплаты, а нараджальнасць практычна як у Беларусі. І там, дзе не вельмі падтрымліваюць сем’і, такая ж нараджальнасць”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Таму, на яго думку, трэба разабрацца ў самой сістэме падтрымкі сям’і і, магчыма, пераразмеркаваць сродкі, што выдзяляюцца. “Можа, нам дзесьці ўзмацніць падтрымку, а дзесьці нейкую дробязь, якая не працуе, наогул зняць. Напрыклад, калі мы прымем рашэнне па забеспячэнні шматдзетных сем’яў жыллём, то, зразумела, гэта стымул. Жыллё для сям’і, гэта ўсё. А калі вы на санаторна-курортнае лячэнне адпраўляеце і даяце чалавеку 3 долары, гэта вы проста распыляеце грашовыя сродкі. Таму нам трэба сур’ёзна падумаць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Давайце выбудоўваць па-чалавечы гэту размову, адштурхоўваючыся ад зямлі”.

“У сферы дэмаграфічнай бяспекі мы сутыкаемся з такімі ж праблемамі, як і большасць дзяржаў свету. Гэта зніжэнне ўзроўню нараджальнасці і павелічэнне натуральнай страты насельніцтва. Калі не прымаць папераджальных мер, то, паводле прагнозаў спецыялістаў, тэндэнцыі да зніжэння колькасці насельніцтва і яго старэння будуць толькі ўзмацняцца аж да 2040 года”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што для падтрымкі сем’яў з дзецьмі ў Беларусі прыняты выключныя меры. Сярод іх — аплачвальны водпуск па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3-х гадоў, ільготнае крэдытаванне для шматдзетных сямей і праграма сямейнага капіталу. “Гэта істотныя меры, якія працуюць, таму трэба падумаць: калі ўжо ўзмацняць, то меры, якія працуюць, і знімаць тыя, якія не працуюць. Усё роўна чалавек у выніку атрымае больш”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама расказаў, што яму да гэтага часу дакладваюць аб недапрацоўках у забеспячэнні шматдзетных сем’яў жыллём. Вырашыць гэтае пытанне да 2021 года прэзідэнт даручаў на нядаўняй нарадзе-семінары па будаўніцтве.

У краіне з 2016 па 2020 год дзейнічае дзяржаўная праграма “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь”. Ёю прадугледжваецца стварэнне ўмоў для паляпшэння здароўя насельніцтва, развіцця і ўмацавання сямейных каштоўнасцей, павышэння прэстыжу бацькоўства, паляпшэння ўзнаўлення насельніцтва, скарачэння ўзроўню смяротнасці, павелічэння чаканай працягласці жыцця, павышэння якасці і даступнасці паслуг сістэмы аховы здароўя, а таксама аптымізацыі ўнутраных міграцыйных працэсаў.

Прэзідэнт спытаў, як выконваецца гэтая праграма і ці дазволіла яе рэалізацыя знізіць смяротнасць насельніцтва. “Як гэта праграма рэалізоўваецца, я бачу, глыбока акунуўшыся ў праблему. Мы пакуль вельмі шмат гаворым пра здаровы лад жыцця, цокаем абцасамі, пачынаючы ад урада, у прыватнасці, віцэ-прэм’ера, які павінен гэтым займацца, кіраўніка Адміністрацыі і іншых падначаленых… Яшчэ раз папярэджваю: хоць адно нявыкананае маё даручэнне — адразу збірайцеся і ідзіце, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я таксама патрабаваў ад міністра аховы здароўя прыняць комплексныя меры па зніжэнні смяротнасці. Хацелася б пачуць, што робіцца ў гэтым напрамку”.

Кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў: у найбліжэйшыя гады неабходна распрацаваць і рэалізаваць дзейсныя меры, накіраваныя на павелічэнне нараджальнасці насельніцтва Беларусі. Пры гэтым важна ўдзяліць увагу фарміраванню ў грамадстве пазітыўнага і ўважлівага стаўлення да мацярынства і сямейных каштоўнасцей. “Чакаю ад удзельнікаў актыўнага абмеркавання і прапаноў па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Ніякіх самасправаздач і разглагольстваванняў: трэба было разглядаць ва ўрадзе гэтыя пытанні, перш чым прыходзіць да прэзідэнта”, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыла на нарадзе міністр працы і сацабароны Ірына Касцевіч, з 1993 года Беларусь уступіла ў этап дэпапуляцыі: смяротнасць перавышае нараджальнасць. Краіна не ўзнаўляе сваё насельніцтва з 1978 года, калі каэфіцыент простага ўзнаўлення ўпаў ніжэй за парогавае значэнне. “Прынятыя на дзяржаўным узроўні меры дазволілі дабіцца з 2010 года адноснай стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі. Аднак гэтая тэндэнцыя не набыла ўстойлівы характар, пра што сведчаць вынікі апошніх двух гадоў. Нараджальнасць зніжаецца”, — канстатавала яна.

У 2018 годзе ў Беларусі нарадзілася менш за 95 тысяч дзяцей, што на 8 працэнтаў менш у параўнанні з 2017-м. Узровень смяротнасці застаецца даволі высокі: у мінулым годзе ў краіне памерла амаль 200 тысяч чалавек, што на 600 больш, чым у 2017-м. У выніку натуральная страта склала больш за 25 тысяч чалавек, павялічыўшыся на 9 тысяч.
“Вынікі 2018 года: колькасць насельніцтва зменшылася і склала амаль 9,476 млн чалавек”, — прывяла статыстыку Ірына Касцевіч.

Каб пераадолець гэтую негатыўную тэндэнцыю, удзельнікі нарады разглядаюць усе меры, якія маглі б дапамагчы палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне — ад прадаўжэння праграмы сямейнага капіталу да больш актыўнага будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў і прадастаўлення магчымасці бясплатна правесці адну спробу ЭКА.

У нарадзе прынялі ўдзел прэм’ер-міністр, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, старшыні аблвыканкамаў і кіраўніцтва Банка развіцця.