Прэзідэнт не бачыць падстаў мяняць існуючы знешнепалітычны курс

Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы напярэдадні 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы, дзе прысутнічалі міністры замежных спраў, якія ў розны час узначальвалі МЗС Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пастаянна павышаецца аўтарытэт і роля Міністэрства замежных спраў, а ў кіраўніцтва знешнепалітычнага ведамства выбудаваны дружалюбныя адносіны з замежнымі калегамі, што пацвярджаецца частымі запрашэннямі на розныя канферэнцыі і міжнародныя мерапрыемствы. “Гэта сведчыць аб тым, што Беларусь пачынае адыгрываць усё большую ролю на міжнароднай арэне. Таму ў гэтай сітуацыі неяк мяняць знешнепалітычны курс я падстаў не бачу”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Пашырана кола замежных партнёраў, саюзнікаў, адкрыты перспектыўныя рынкі (вядома, не зусім так, як хацелася б па хуткасці, але тым не менш). Беларуская дыпламатыя выйшла на якасна новы ўзровень. Вы таксама гэта не можаце не заўважыць. На мінскай перагаворнай пляцоўцы абмяркоўваюцца вельмі складаныя рэгіянальныя і глабальныя праблемы”, — адзначыў прэзідэнт.

Ён асабіста цёпла вітаў кожнага ўдзельніка сустрэчы і выказаў меркаванне, што такія сустрэчы з кіраўнікамі міністэрстваў і ведамстваў мінулых гадоў могуць стаць добрай традыцыяй. “Наша сустрэча праходзіць напярэдадні 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы. Гэта і прызнанне вашых заслуг. Мы пагаворым сёння, якое ваша меркаванне, ваш пункт гледжання на развіццё Беларусі. Вы — людзі вопытныя”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у фармаце жывой дыскусіі абмяняцца думкамі, як дзейнічаць далей і выбудоўваць збалансаваную знешнюю палітыку.

На сустрэчу былі запрошаны Пётр Краўчанка (узначальваў МЗС у 1991—1994 гадах), Уладзімір Сянько (1994—1997), Іван Антановіч (1997—1998), Урал Латыпаў (1998—2000), Міхаіл Хвастоў (2000—2003), Сяргей Мартынаў (2003—2012), а таксама цяперашні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Кіраўнік дзяржавы выказаўся па шэрагу актуальных праблем сучаснай знешняй палітыкі, у тым ліку па пытаннях, якія тычацца адносін з Расійскай Федэрацыяй. Так, Прэзідэнт Беларусі назваў умовы, на якіх магчыма развіццё саюзнага будаўніцтва з Расіяй, у тым ліку ўвядзенне адзінай валюты, уніфікацыя падатковай і мытнай палітыкі.

“Саюз — калі ласка. Аб’яднанне — калі ласка, але толькі гэта людзі павінны вырашыць, а не мы. Мы не адмаўляемся ні ад аднаго тэзіса. Калі нехта мне пачынае гаварыць пра аб’яднанне, дык зноў жа з даху: давай валюту агульную. Мы не супраць агульнай валюты, але гэта павінна быць агульная валюта, а не валюта Цэнтрабанка Расіі. Павінен быць эмісійны цэнтр, створаны на роўных умовах. Калі вы прыводзіце прыклад ЕС, добра — на прынцыпах Еўрасаюза. Але каб умовы былі роўныя і падыход”, — заявіў беларускі лідар.

“Вы хочаце падатковую, мытную палітыку ўніфікаваць? Згодны. Тое ж сказаў мінулы раз: але на лепшых традыцыях і ўмовах, возьмем усё лепшае ў беларусаў і расіян. Але не так: мы — вялікія, вы — малыя, давайце рабіце так, як у нас”, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў некаторых нападках на Беларусь няма ніякіх міждзяржаўных або міжнародных адносін. “Усё ў асобах, усё ў тым, што некаму не падабаецца курс, які Беларусь праводзіць. Нават не знешнепалітычны. А тую эканоміку, якую мы будуем, той сацыяльны ўклад, які мы ствараем на прынцыпах перш за ўсё справядлівасці. Гэты тэзіс я 20 з лішнім гадоў прапаведую.
Аказваецца, ён сёння ў Расіі вельмі запатрабаваны. Таму ўсё банальна: камусьці хочацца панізіць градус Беларусі і Расіі. Вось і пачынаюцца гэтыя нападкі”, — адзначыў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што на гэта неабходна рэагаваць спакойна і мэтанакіравана. “Мы павінны абараніць свой суверэнітэт і незалежнасць. Мы не супраць расіян, палякаў, літоўцаў. Мы хочам быць у любым саюзе, але жыць у сваёй уласнай кватэры. У нас гэта кватэра ёсць. Нашы суседзі, якія б яны ні былі, мы іх не выбіраем, і мы гатовы з усімі будаваць добрыя, цёплыя, узаемавыгадныя адносіны”, — запэўніў беларускі лідар.

“Як бы ў нас ні складваліся адносіны з Расіяй, мы ніколі не дазволім, каб у нас у Беларусі на гэтай святой зямлі дрэнна ставіліся да расіян. Не толькі да рускіх. І калі некаму хочацца сутыкнуць нас — не атрымаецца. Мы ведаем, як на гэта рэагаваць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“На шчасце, ужо не толькі першы, другі, трэці каналы трансліруюцца на ўсю Расію. Але ёсць і інтэрнэт. І мы свой пункт гледжання заўсёды давядзём да рускага чалавека. Да расіяніна наогул”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка не лічыць цяперашні момант адносін з Расіяй нейкім крытычным або вострым. “Проста павінен сказаць, што там з’явіліся… Не з’явіліся, а і былыя кіраўнікі, якія даўно працуюць, яны занялі пэўную пазіцыю націску нават на ўласнага прэзідэнта Пуціна. Думаю, гэта ж не хлопчык, у палітыцы не навічок. І па сустрэчах з ім бачу, что чалавек нацэлены на тое, каб мы ні ў якім разе не разарвалі адносіны Беларусі і Расіі, — сказаў прэзідэнт. — Гэта вельмі нявыгадна. Для яго як палітыка, а для мяне тым больш. Таму што мы заўсёды з вамі праводзілі, можна сказаць, прарасійскі курс. Прапаведуючы шматвектарную знешнюю палітыку, мы заўсёды Расію вызначалі не проста як нашага галоўнага партнёра, а як самую блізкую, брацкую дзяржаву, дзе жывуць проста нашы людзі. Так і будзе”.