Прэзідэнт падтрымаў прапанову ўрада аб павелічэнні стаўкі першага разраду

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звяртае ўвагу на неабходнасць больш грунтоўнай прапрацоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў (НПА), каб пазбегнуць далейшых частых карэкціровак заканадаўства. На гэта кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу віцэ-прэм’ера Уладзіміра Дворніка і першага віцэ-прэм’ера Аляксандра Турчына, якія дакладвалі аб шэрагу ініцыіраваных урадам пытанняў, звязаных з неабходнасцю карэкціроўкі нарматыўных прававых актаў.

“Трэба пазбягаць вельмі частага звароту да ўказаў прэзідэнта ў мэтах змянення або карэкціроўкі таго ці іншага заканадаўства, прытым праз адносна кароткі прамежак часу. Я, вядома, разумею, што жыццё на месцы не стаіць, усё цячэ і мяняецца. Але калі мы, вобразна кажучы, учора прынялі нарматыўны прававы акт, закон, падзаконны акт, дэкрэты прэзідэнта, указы, а праз год-два пачынаем карэкціраваць гэтыя нарматыўныя прававыя акты, гэта сведчыць пра тое, што на экспертным узроўні і на ўзроўні падрыхтоўкі гэтых законапраектаў работа арганізавана слаба”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Трэба прымаць такія нарматыўныя прававыя акты, якія маглі б працаваць хаця б пяцігодку, таму што любыя змяненні, асабліва ў эканамічнай сферы, вядуць да пэўнай занепакоенасці прадпрымальнікаў і тых, хто гэтым займаецца”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта трэба мець на ўвазе і звяртацца да карэкціроўкі тых ці іншых нарматыўных прававых актаў толькі тады, калі гэта абсалютна неабходна і вельмі трэба, паколькі тармозяцца тыя ці іншыя грамадска-палітычныя і эканамічныя працэсы.

Адзін з праектаў прадстаўленых увазе кіраўніка дзяржавы нарматыўных прававых актаў тычыцца інвесціравання ў аграпрамысловы комплекс і, у прыватнасці, спонсарскай дапамогі. “Я хачу разабрацца, што гэта за спонсарская дапамога і ці трэба нам прымаць адпаведны нарматыўны прававы акт на ўзроўні прэзідэнта. Мне здавалася, што тычыцца спонсарскай дапамогі, у нас у цэлым праблемы ўрэгуляваны, механізм існуе. Чаму мы не можам абысціся тым нарматыўна-прававым полем, якое ў нас сёння створана?” — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адзін праект дакумента тычыцца пытанняў ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці. “Я так разумею, што праект указа падрыхтаваны ва ўрадзе па даручэнні, якое было да­дзена на нарадзе з прадпрымальнікамі ў свой час. Пры гэтым я хачу сказаць, што мы зрабілі апошнім часам беспрэцэдэнтныя крокі па адмене лішніх дазволаў. Я ўжо не ведаю, якія напрамкі ў нас рэгулююцца такім чынам, якім відам дзейнасці трэба займацца, каб ісці атрымліваць дазвол, — ад­значыў кіраўнік дзяржавы. — У нас лібералізавана гэтая сістэма настолькі, наколькі ні ў адной краіне яна не лібералізавана. Але, зноў жа, жыццё ідзе, усё мяняецца. Відаць, недзе неш­та трэба падкарэкціраваць. Дзе, навошта і чаму?”

Першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын і намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Дворнік таксама праінфармавалі прэзідэнта аб ходзе ўборачнай кампаніі і правядзенні сезонных сельскагаспадарчых работ.

“Сёння мы маем 97 працэнтаў убраных плошчаў. Намалочана больш за 6 млн т збожжа”, — расказаў журналістам Уладзімір Дворнік па выніках даклада прэзідэнту.

Кіраўніку дзяржавы ў цэлым было даложана аб бягучай сітуацыі ў сельскай гаспадарцы з улікам яго ранейшых даручэнняў па хутчэйшым завяршэнні ўборачнай кампаніі. “Прэзідэнт заўсёды трымае руку на пульсе і гля­дзіць, што ў нас адбываецца. Пастаўлены задачы, каб мы як мага хутчэй завяршалі палявыя работы, і галоўнае сёння сяўба. Гэта тое, што мы закладзём у гэтым годзе для атрымання ўраджаю ў наступным. Задачы прыняты, будзем іх выконваць”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.

Згодна з аператыўнай інфармацыяй Мінсельгасхарча, па стане на 27 жніўня збожжавыя і зернебабовыя (без уліку кукурузы) убраны ўжо на 97,1 працэнта плошчаў. Намалочана больш за 6,4 млн т збожжа. У мінулым годзе на гэтую ж дату было намалочана крыху менш як 5,2 млн т. Сярэдняя ўраджайнасць у бягучым годзе складае 31,2 ц/га, што значна вышэй за мінулагодні ўзровень — 26,4 ц/га.

У ходзе даклада прэзідэнт падтрымаў прапанову ўрада аб павелічэнні стаўкі першага разраду для бюджэтных арганізацый. Тарыфная стаўка першага разраду будзе павышана з 1 верасня на 12,6 працэнта — з Br36,4 да Br41.

“Узровень сярэдняй заработнай платы па краіне за студзень — ліпень склаў Br1055. Гэта тыя параметры, на якія мы планавалі выйсці па выніках года. Калі сярэдняя зарплата па краіне будзе прадаўжаць расці, магчыма, нам давядзецца прымаць яшчэ нейкія рашэнні па павышэнні заработнай платы бюджэтнікаў да канца бягучага года”, — сказаў першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын.

Паводле разлікаў урада, павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду на 12,6 працэнта і захаванне пры гэтым сярэдняй заработнай платы па краіне на ўзроўні Br1055 дасць магчымасць выканаць даручэнне прэзідэнта аб тым, каб зарплата бюджэтнікаў захоўвалася на ўзроўні 80 працэнтаў да сярэдняй зарплаты.

У цэлым на павышэнне аплаты працы бюджэтнікаў будзе накіравана дадаткова Br300 млн да канца бягучага года. Першы віцэ-прэм’ер звярнуў увагу, што частка неабходнай сумы будзе пакрыта за кошт бюджэтных сродкаў, сэканомленых у час падрыхтоўкі і правядзення II Еўрапейскіх гульняў. Усяго, паводле яго слоў, у бюджэце засталіся нявыкарыстанымі Br94 млн. Па даручэнні прэзідэнта, Br80 млн з гэтай сумы будуць патрачаны на павышэнне заработнай платы ў бюджэтнай сферы, а астатняя частка пойдзе на рамонт інтэрнатаў вышэйшых навучальных устаноў да пачатку навучальнага года.