Прэзідэнт патрабуе ад прадпрыемстваў сумленнай канкурэнцыі і выкарыстання ў вытворчасці айчыннай прадукцыі

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў пры наведванні інавацыйнага прадпрыемства “Адані”.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся ўмовамі працы рэзідэн­таў свабодных эканамічных зон і прэферэнцыямі, якія яны маюць. Ён падкрэсліў, што льготы ім будуць захаваны толькі ў тым выпадку, калі будзе сур’ёзная аддача для краіны.

Цяпер рэзідэнты СЭЗ вызвалены ад выплаты падатку на прыбытак у выпадку пастаўкі прадукцыі на экспарт або продажу іншым рэзідэнтам СЭЗ. За мінулы год яны выплацілі ў бюджэт Br1,3 млрд, сфарміраваўшы 3,5 працэнта яго даходнай часткі.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што на прадпрыемствах, якія ён наведвае і якія не ўваходзяць у СЭЗ, часта скардзяцца на няроўныя ўмовы канкурэнцыі.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ўклад СЭЗ у дабрабыт краіны можа быць большы. Таму плануецца ўважліва прааналізаваць Падатковы кодэкс з гэтага пункту гледжання. “Мы вернемся да Падатковага кодэкса і паглядзім, што дрэнна, што добра, — адзначыў прэзідэнт. — Не таму, каб зашчаміць кагосьці. Вы бачыце, у якой сітуацыі функцыянуе дзяржава: за кожную капейку, за рынкі даводзіцца змагацца”.

Прэзідэнт настойвае на атрыманні максімальнай карысці для дзяржавы ад рэзідэнтаў СЭЗ. “Галоўнае, каб валюта паступала, і пажадана, каб яна расходавалася тут”,— падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У час наведвання кампаніі абмяркоўвалася і тэма забяспечанасці высокакваліфікаванымі кадрамі. У прыватнасці, кіраўнік “Адані” выказаў зацікаўленасць у тым, каб за кошт кампаніі вучыць студэнтаў, калі ў далейшым яны абавязуюцца тут адпрацаваць. Пры невыкананні гэтай умовы трэба будзе кампенсаваць кошт навучання. Па такім жа прынцыпе праводзіцца мэтавы набор. Пакуль заканадаўства не дае магчымасці замацаваць такія абавязацельствы для прыватнай кампаніі. Кіраўнік дзяржавы станоўча паставіўся да такой ініцыятывы работадаўца і паабяцаў садзейнічаць у яе ажыццяўленні.

Аляксандр Лукашэнка пры наведванні інавацыйнага прадпрыемства “Адані” пазітыўна ацаніў вырабленыя імі камп’ютарныя тамографы і даручыў прадоўжыць аснашчэнне медустаноў краіны гэтымі апаратамі.

У мінулым годзе кампанія паставіла па заказе Міністэрства аховы здароўя сем камп’ютарных тамографаў у розныя рэгіёны краіны, выйграўшы тэндар — яна прапанавала цану, удвая меншую, чым у замежных вытворцаў. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся характарыстыкамі навінкі і па выніку даручыў кіраўніку “Адані” ўзяць пад асабісты кантроль аснашчэнне такімі апаратамі мед­устаноў па ўсёй краіне. “Вазьмі на кантроль забеспячэнне медустаноў апаратамі аналагічнага класа ўласнай вытворчасці, — сказаў прэзідэнт. — Галоўнае — ты свой, ты на месцы і гэта танней”.

Як далажыў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, цяпер абмяркоўваецца магчымасць таго, каб кампанія “Адані” ўзяла пад цэнтралізаванае сэрвіснае абслугоўванне ўсю сваю тэхніку, якая цяпер працуе ў медустановах (толькі рэнтген-апаратаў па краіне амаль 850). Гэта дасць магчымасць сэканоміць час і выключыць доўгі прастой абсталявання.

Абмяркоўвалася таксама тэма правядзення тэндарных закупак для патрэб аховы здароўя. Прэзідэнт падкрэсліў эфектыўнасць гэтай працэдуры, паколькі “спаборніцтва павінна быць”. Магчымы прамыя пастаўкі, калі айчынны вытворца прапануе выгадную цану. “Але тады трэба не пра сваю кішэнь клапаціцца, а па-гаспадарску шукаць, як танней купіць якасны тавар”, — сказаў прэзідэнт.

У час наведвання навукова-вытворчага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Адані” Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэн­ка адказаў на шэраг актуальных пытанняў журналістаў.

Так, у прыватнасці, журналісты пацікавіліся, як анамальна цёплая зіма і ў цэлым змяненні клімату паўплываюць на сельскую гаспадарку і ці гатова краіна да кліматычных катаклізмаў. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што аграрны сектар эканомікі гатовы да змяненняў клімату, а сённяшняя сітуацыя проста ідэальная для пасяўной.

“Што тычыцца гэтага года, то павінен сказаць, што сітуацыя ідэальная. Чаму ідэальная? Таму што пры высокіх тэмпературах зімой ішлі дажджы, таму пры адсутнасці снегу вялікі запас вільгаці ў глебе”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў: у сувязі з такімі пакуль спрыяльнымі ўмовамі трэба хутчэй пасеяць раннія збожжавыя і ў цэлым арганізавана правесці веснавыя палявыя работы. Ён не выключыў, што тады ўдасца завяршыць у больш раннія тэрміны ўборку збожжавых. “Гэта значыць, пакуль усё ідэальна: і вільгаці хапае, і тэмпература нармальная”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў цэлым у краіне даволі даўно прымаюцца меры ў сувязі са змяненнем клімату. Гэта тычыцца новых відаў культур, якія раней вырошчваліся ў больш паўднёвых рэгіёнах, а цяпер — і ў нашай краіне, напрыклад тыя ж кавуны.

“Мы ўжо шмат у чым даўно перабудавалі раслінаводства, ды і жывёлагадоўлю давялося перабудоў­ваць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Як будзе развівацца фінансава-эканамічная сітуацыя ў свеце, да канца не зразумела, у Беларусі яе аналізуюць, адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў размове з жуналістамі.

“Не хачу быць банальным, проста выкажу сваё меркаванне. Што тычыцца фінансава-эканамічнага крызісу, мы ўжо туды адной нагой уступілі. А цяпер, паколькі валацільнасць і ваганні па ўсіх напрамках вельмі высокія, спрабуем гэтую нагу вярнуць на месца, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У чым галоўнае пытанне: удасца нам назад гэтую нагу вярнуць і побач паставіць або мы туды і другую нагу ўсунем?”

Паводле слоў прэзідэнта, пакуль незразумела, наколькі моцна пагоршыцца эканамічная сітуацыя ў свеце. Магчыма, у краін яшчэ атрымаецца вярнуцца да таго ўзроўню развіцця, які быў учора. “Трэба аналізаваць, што мы цяпер робім. Наперадзе пасланне прэзідэнта народу і парламенту, таму прапрацоўваем і аналізуем некаторыя напрамкі. Магчыма, да таго часу сітуацыя дасць нам магчымасць зрабіць пэўныя адназначныя вывады”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Пракаменціраваў кіраўнік дзяржавы і сітуацыю з каранавірусам.

“Трэба людзей у рэшце рэшт прымусіць адказваць за сябе і тых, хто побач. Калі ты смаркаешся, кашляеш, дык не выходзь на вуліцу і не заражай іншых, заразу не разнось. У гэтым уся сутнасць. І вельмі многія дзяржавы вельмі жорсткія меры ў гэтым плане прымаюць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час ён падкрэсліў, што беларусы не знаходзяцца ў той сітуацыі, каб прымаць драконаўскія меры. Але і супакойвацца не трэба, звярнуў увагу прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы вельмі крытычна выказаўся пра людзей, якія вяртаюцца з-за мяжы, пабываўшы ў эпідэміялагічна нестабільных краінах, і ўтойваюць гэта. У якасці прыкладу ён прывёў бізнесмена, які вярнуўся з Італіі і звярнуўся да ўрачоў, калі ўжо знаходзіўся ў крытычным стане. З-за яго давялося ўзяць на кантроль больш за 300 чалавек, якіх ён патэнцыяльна мог заразіць. “Зразумела, паехаў ты за мяжу, пабываў у Германіі, Італіі і Францыі. Але прыедзь і скажы — мы цябе праверым, калі трэба, зробім заключэнне”, — заклікаў грамадзян Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт чарговы раз назваў сітуацыю з каранавірусам “псіхапатыяй”. “Спланавалі і зрабілі нейкі псіхічны дом, — сказаў ён. — Але я парадаваўся за нашых спецыялістаў: яны, не маючы вакцыны, не ведаючы, як лячыць, ніводнага чалавека не страцілі”. Паводле яго слоў, у гэтым годзе ад пнеўманіі ў цэлым памерла значна менш людзей, чым у пачатку папярэдняга года.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што “ўзняўся гвалт і псіхоз каранавірусны”, а пры гэтым важна выконваць элементарныя меры гігіены, пачынаючы з мыцця рук. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не трэба залішне панікаваць, а трэба пастаянна прытрымлівацца мер перасцярогі.

Выказаў неразуменне кіраўнік дзяржавы і ў адносінах да беларусаў, якія, нягледзячы на небяспечную сітуацыю, паехалі адпачывац­ь за мяжу. “А цяпер яны ломяцца ў дзверы пасольстваў нашых, тэлефануюць у МЗС: забярыце нас. Але мы не можам 10 тысяч за адзін дзень забраць”, — канстатаваў ён. Тым не менш прэзідэнтам пастаўлена задача дапамагчы грамадзянам, у тым ліку расійскім, вярнуцца на радзіму. “Дарэчы, расіяне на борт нашых людзей у Тайландзе не пускалі. Але, думаю, дамовімся. Гэта звычайная бязглуздзіца, гэта тупасць, глупства. Для Расіі гэта практычна нічога не каштавала, а шкоды прынясе вельмі шмат. Вось тады і будзе “інтэграцыя”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт чарговы раз заклікаў грамадзян не панікаваць і не ламіцца ў магазіны. “У нас дастаткова прадуктаў. Расіяне калі закрылі граніцу, рэтэйлеры іх звярнуліся да нас: дайце прадукты харчавання, таму што ў нас пачынаецца дэфіцыт. Вядома, мы фарміруем партыі і адпраўляем, і цана ўжо зусім іншая”, — заўважыў ён.

Пры гэтым, на думку кіраўніка дзяржавы, сярод беларусаў няма такой “псіхапатыі”, як у заходніх краінах. Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што калі скончыцца перыяд вострых вірусных інфекцый, то і захваральнасць на каранавірус пойдзе на спад.