Прэзідэнт патрабуе ад урада непахіснага выканання праграмы развіцця

- 10:13Інфармацыйная гадзіна

Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на найбліжэйшыя гады, прынятая на V Усебеларускім народным сходзе ў 2016 годзе, павінна быць выканана. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам.

Сяргей Румас праінфармаваў прэзідэнта аб праграме дзейнасці ўрада на найбліжэйшыя два гады. Яе палажэнні заснаваны на рашэннях V Усебеларускага народнага сходу і даручэннях кіраўніка дзяржавы, дадзеных у час Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў гэтым годзе.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ўважліва азнаёміўся з усімі матэрыяламі і падкрэсліў, што праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, прынятая ў 2016 годзе, непахісная, яна павінна быць выканана. “У адваротным выпадку з чым мы прыйдзем да народа? У рамках гэтай праграмы — калі ласка, любыя мерапрыемствы ўрада. Я буду толькі вітаць. Галоўнае, каб быў вынік. Усе мерапрыемствы павінны быць вывераны, мы людзі вопытныя, нам ужо эксперыментаваць няма чаго. Наўрад ці знойдуцца пытанні для якіх-небудзь эксперыментаў”, — адзначыў прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што не супраць прапаноў, якія ўносіў яшчэ папярэдні ўрад, аб стварэнні на некаторых прадпрыемствах наглядальных саветаў. “Але будзе вельмі сур’ёзны кантроль і за дзейнасцю ўрада па рэалізацыі гэтых прапаноў, асабліва за тымі старшынямі, якія будуць назначаны на гэтыя пасады. Калі ласка — любыя мерапрыемствы, але трэба помніць аб тым, што асноўную праграму, нашы абяцанні народу мы павінны выканаць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Асобна на сустрэчы былі разгледжаны пытанні сацыяльнай сферы, у прыватнасці прапановы ўрада па павышэнні пенсій.

“Урад палічыў, што ў гэтым годзе мы рэальныя пенсіі павысім недзе на 8—9 працэнтаў. Гэта будзе нядрэннае павышэнне, але ў будучым годзе трэба рухацца далей. Мы плануем, што ў нашай краіне заработная плата перасягне ўжо Br1 тысячу за кошт таго, што мы паднімем заработную плату ў нізкааплатных слаёў насельніцтва. Па гэтых пытаннях рашэнні прыняты, яны таксама на кантролі. І ўрад няхай у гэтым напрамку рухаецца. Усім людзям трэба разумець, што грошы павінны быць зароблены, ніхто нам іх не скіне”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

“Мы адкрылі вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Паглядзіце, колькі там беларускага: вельмі мала. А нам трэба, каб мы выраблялі ўсё сваё. Давайце будзем рабіць там сядзенні для аўтамабіляў, з часам — рухавікі, трансмісіі”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускім прадпрыемствам трэба пераймаць сусветныя тэхналогіі, закупляць адпаведнае абсталяванне і вырабляць па імпартазамяшчэнні ўсё неабходнае.

“Гэтага хопіць на ўсё наша жыццё і нашым дзецям для развіцця эканомікі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы яшчэ па імпарце столькі завозім, што ў вачах часам становіцца цёмна: ад зубачыстак да рухавікоў. Імпартазамяшчэнне — гэта вельмі важнае пытанне. Нічога не трэба выдумляць, трэба ставіць станкі, тэхналагічнае абсталяванне і вырабляць камплектуючыя”.

Закранаючы праблему пасрэдніцтва, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што яно часта становіцца асновай для карупцыйных схем. “За што людзі ідуць у следчы ізалятар, а потым у турму? І перш за ўсё чыноўнікі… Усе завязаны пасрэдніцкімі схемамі. Што ўражвае: у нас пасрэднікі нават на беларускую прадукцыю. У Мінску вырабляем — праз пасрэдніка мінскія прадпрыемствы купляюць”, — абурыўся прэзідэнт.

“Пасрэднікі сёння ў банках бяруць грошы, купляюць прадукцыю і перапрадаюць тут жа нашым прадпрыемствам. Гэта абсурд поўны! Ды і трэба паглядзець пасрэднікаў па імпарце, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Я не хачу выдаваць нейкія нярыначныя рэкамендацыі, але пасрэдніцтва стала праблемай. Раней гэта называлі спекуляцыяй: купі і перапрадай. І ў гэтым ланцужку нават некалькі пасрэднікаў. За кошт гэтага цана павялічваецца на 30—50 працэнтаў, а часам і больш”.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што раней ставіў задачу заняцца гэтай праблемай старшыні Камітэта дзяржкантролю Леаніду Анфімаву, аднак зрухаў пакуль не ўбачыў. Прэзідэнт даручыў Сяргею Румасу ўзяць на свой кантроль пытанні развіцця імпартазамяшчэння і барацьбы з пасрэдніцтвам і да канца года ўнесці адпаведныя прапановы.