Прэзідэнт патрабуе своечасовай выплаты пенсій і дапамог

- 14:09Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе своечасовай і поўнай выплаты пенсій і сацыяльных дапамог. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе аб асобных пытаннях сацыяльнага забеспячэння.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ў краіне больш як 2,5 млн пенсіянераў, з іх 646 тысяч працуючых. “Але астатнія жывуць на пенсію, таму сёння мы абавязаны своечасова і поўна выплаціць пенсію гэтым людзям”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў гэтым годзе тэмп росту заработнай платы невысокі, паколькі ён строга ўвязаны з тэмпам росту прадукцыйнасці працы. “Але гэта правільна, гэта законы эканомікі, ад гэтага нікуды не дзенешся. Тым больш у складаны час ніхто з гэтымі пытаннямі ні ў адной дзяржаве не жартуе. А калі заработная плата не такая вялікая, значыць, у нас і пенсіі адпаведным чынам прывязаны да зарплат”, — падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада далажыць, як ідуць справы з фарміраваннем фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, наколькі забяспечваецца своечасовасць выплаты пенсій і сацыяльных дапамог. Ён нагадаў, што раней дэталёва былі разгледжаны многія вострыя праблемы, якія стаяць у сферы эканомікі і перш за ўсё перад вялікімі прадпрыемствамі, дзе адной з прыярытэтных задач з’яўляецца захаванне працоўных калектываў і своечасовая выплата зарплаты.
Як далажыла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна, цяпер са сродкаў фонду пенсённыя выплаты атрымліваюць 2,573 млн пенсіянераў. Паводле яе слоў, пенсіі выплачваюцца з 5-га па 26-е чысло. Сярэдняя пенсія па ўзросце складае Br2,749 млн, і ў адпаведнасці з палажэннямі канцэпцыі аб нацыянальнай бяспецы суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы па краіне, так званы каэфіцыент замяшчэння, не павінен быць ніжэйшы чым 40 працэнтаў.
На нарадзе прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што лічыць недапушчальным звальняць пенсіянераў, здольных працаваць далей.
“У сродках масавай інфармацыі чытаю аб пазіцыі некаторых кіраўнікоў прадпрыемстваў і падыходах, якія дазваляюць, захоўваючы працоўныя калектывы, звальняць пенсіянераў. Маўляў, сітуацыя складваецца такая, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вось гэтага дапус каць нельга! Хоча чалавек працаваць, можа працаваць — няхай працуе. Інакш наш лозунг аб сацыяльнай дзяржаве так і застанецца лозунгам”.
“Па-чалавечы трэба ставіцца да людзей. Але калі некаторыя кіраўнікі гэтага не разумеюць, то трэба перш за ўсё кіраўніка адправіць на вуліцу, таму што без ведама ўлады ён нікуды не ўладкуецца, і потым паглядзім, як ён будзе сябе паводзіць. Нельга фармальна выконваць пастаўленыя мною задачы”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу прысутных на тое, што аб пенсіянерах і іншых неабароненых слаях насельніцтва трэба памятаць заўсёды. “І справа тут не ў выбарах”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што пенсіённы ўзрост у Беларусі павышацца не будзе. “Маё меркаванне наконт гэтага вядома: калі людзі не хочуць павышэння пенсіённага ўзросту, мы ім адкрыта сказалі: вось такі пенсіённы ўзрост, такі пенсіённы фонд, мы яго дзелім на ўсіх пенсіянераў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“І размова сёння не ідзе аб гэтым, і ўзнімаць гэтае пытанне няма чаго”, — дадаў прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на тое, што з кожным годам хоць пакрыху, але становіцца менш працуючых лю-дзей, якія ажыццяўляюць адлічэнні ад сваёй заработнай платы на сацыяльныя патрэбы. “Таму людзі ведаюць сітуацыю, і жаваць гэтае пытанне абсалютна недарэчы, ды і не час”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.