Прэзідэнт пацікавіўся прапановамі ўрада па пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў энергарэсурсаў

- 11:02Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду аб забеспячэнні эфектыўнай работы паліўна-энергетычнага комплексу краіны.

“Мы сабраліся для таго, каб абмеркаваць шэраг мер па выкананні прагнозных паказчыкаў і, няма чаго ўтойваць, пераадоленні тых негатыўных тэндэнцый, якія намеціліся ў нашай эканоміцы ў сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце і перш за ўсё ва ўзаемаадносінах з Расіяй, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта не толькі вузкія пытанні. Яны ва ўсіх на слыху — пастаўкі нафты, газу, прадуктовыя войны, якія, на жаль, сталі прывычнымі апошнім часам”.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, што ёсць у арсенале ўрада для вырашэння праблемных пытанняў, як будуць забяспечаны рост валавога ўнутранага прадукту, выкананне параметраў бюджэту, цэнавая стабільнасць і самае галоўнае — паступальны рост даходаў усіх слаёў насельніцтва. “Ні ад адной праграмы мы адмовіцца не можам. І не толькі таму, што гэты год — год экзаменаў”, — дадаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што чарговы раз узніклі рознагалоссі па энергетычных пытаннях з най­бліжэйшым партнёрам — Расіяй. Гэта адбываецца рэгулярна ўжо на працягу 13 гадоў, нягледзячы на ўзаемныя абавязацельствы, заўважыў ён. “Хоць пры іх падпісанні нам былі дадзены цвёрдыя гарантыі. Напрыклад, у гэтым го­дзе Расія абавязалася на міжурадавым узроўні паставіць у Беларусь 24 млн т нафты — па 2 млн кожны месяц. У сту­дзені было пастаўлена 500 тысяч — адна чвэрць. Вы мне далажыце, што зроблена для таго, каб Расія выконвала абавязацельствы”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што Беларусь вельмі часта вымушана карэкціраваць планы развіцця сваёй эканомікі. “Таму хацелася б пачуць аб механізмах кампенсацыі страт, якія наша краіна непазбежна нясе ў гэты перыяд не па сваёй віне. Патрабаванні вядомыя — ні адзін жыхар Беларусі, ні адно прадпрыемства не павінны адчуць на сабе наступствы ўсякіх манеўраў нашых партнёраў”, — звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся прапановамі ўрада па пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў энергарэсурсаў і на­дзейных каналаў іх пастаўкі. “Яшчэ раз, публічна ўжо, паўтараю: усе нафтапера­працоўчыя заводы павінны працаваць. Мы павінны забяспечваць нафтапрадуктамі не толькі ўнутраны рынак, як гэта адбываецца цяпер, але і выконваць нашы абавязацельствы па кантрактах на знешніх рынках, гэта значыць, продаж нафта­прадуктаў Еўропе, Украіне, іншым краінам”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.