Прэзідэнт прапануе Ленінградскай вобласці зрабіць рывок наперад у эканамічным супрацоўніцтве

- 10:49Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе Ленінградскай вобласці пачаць прарыў у гандлі з сельскай гаспадаркі, будаўніцтва і машынабудавання. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Аляксандрам Драздзенкам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сярод рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі Ленінградская вобласць уваходзіць у лік традыцыйна ключавых гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі. Ён нагадаў, што сустрэча з Аляксандрам Драздзенкам трохгадовай даўнасці ў значнай ступені садзейнічала стабільнаму росту тавараабароту, які ў мінулым годзе перасягнуў паўмільярда долараў. Сёння, на жаль, намецілася тэндэнцыя да зніжэння аб’ёмаў узаемнага гандлю, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
“Мы зацікаўлены не толькі выраўнаваць сітуацыю, але і зрабіць значны рывок наперад. І пачынаць нам трэба з такіх традыцыйных напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва, як сельская гаспадарка, будаўніцтва, прадукцыя машынабудавання”, — упэўнены прэзідэнт.
У Расіі добра зарэкамендавала сябе беларуская сельскагаспадарчая тэхніка. У прыватнасці, амаль палова трактарнага парка ў Ленінградскай вобласці ўкамплектавана мінскімі трактарамі. “Мы гатовы павялічыць пастаўкі ў рамках вашай дапамогі вяскоўцам у набыцці тэхнікі за кошт вашага бюджэту, калі ў гэтым ёсць неабходнасць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу беларускія аграрыі зацікаўлены ў наладжванні пастаянных сувязей з племяннымі заводамі малочнай жывёлагадоўлі Ленінградскай вобласці. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Ленінградскай вобласці, якая заўсёды была флагманам у гэтых адносінах, ёсць чаму павучыцца. “Мадэрнізуючы сельскую гаспадарку ў Беларусі, мы апіраліся ў тым ліку на ваш вопыт і шмат куплялі ў вас племянной жывёлы”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускія вучоныя могуць падзяліцца багатым вопытам у сферы раслінаводства, селекцыі і насенняводства бульбы, збожжавых, зернебабовых культур, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. Добрыя перспектывы адкрываюцца ў будаўнічай сферы. Прадпрыемствы “Краснасельскбудматэрыялы” і “Крычаўцэментнашыфер” гатовы экспартаваць цэмент, “Керамін” — керамічную плітку, “Гомельшкло” — паліраванае шкло. “Нашы будаўнічыя арганізацыі прапануюць свае паслугі ў рэалізацыі праграм Ленінградскай вобласці ад праектавання да здачы аб’ектаў пад ключ”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Яшчэ адным важным напрамкам узаемадзеяння ён назваў пастаўку беларускай пасажырскай, грузавой, камунальнай, дарожнай і іншай тэхнікі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць добры вопыт супрацоўніцтва з Санкт-Пецярбургам, які пераходзіць да эксплуатацыі аўтобусаў МАЗ, што працуюць на газаматорным паліве. “З улікам перспектыў будаўніцтва ў Ленінградскай вобласці комплексу аўтамабільных газанапаўняльных кампрэсарных станцый у супрацоўніцтве з Беларуссю ў гэтай сферы адкрываюцца істотныя магчымасці”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, цяпер самы зручны час для таго, каб перагледзець напрамкі супрацоўніцтва Беларусі і Ленінградскай вобласці. “Стратэгічна мы абсалютна правільна вызначыліся, гэта прыносіць вынік. А вось ва ўмовах, якія змяніліся, асабліва апошнім часам, нам трэба паглядзець іншымі вачамі на нашы ўзаемаадносіны”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Аляксандр Драздзенка адзначыў, што Ленінградская вобласць зацікаўлена ў набыцці беларускага селекцыйнага насення, ужо ёсць добрыя напрацоўкі па бульбе і збожжавых. Аляксандр Драздзенка расказаў, што Ленінградская вобласць увайшла ў пілотны праект, які будзе падтрымлівацца з бюджэту Расійскай Федэрацыі, па стварэнні насенняводча-селекцыйнага цэнтра. “Мы разлічваем, што беларускія спецыялісты, нашы традыцыйныя партнёры, прымуць удзел у стварэнні гэтага цэнтра, нас падтрымаюць і мы разам будзем працаваць”, — сказаў ён. Губернатар Ленінградскай вобласці адзначыў, што гэта стане крокам наперад у двухбаковым супрацоўніцтве.
У час сустрэчы былі намечаны новыя напрамкі супрацоўніцтва, напрыклад, у энергазберажэнні. Ленінградская вобласць зацікаўлена ў набыцці абсталявання беларускіх кампаній для будаўніцтва сучасных кацельняў. Акрамя таго, беларуская тэхніка будзе закупляцца для рэалізацыі праграмы капітальнага рамонту жылога фонду. У прыватнасці, размова ідзе аб ліфтах.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Драздзенка расказаў, што на сустрэчы з беларускім прэзідэнтам таксама абмяркоўвалася неабходнасць будаўніцтва ў Ленінградскай вобласці сэрвіснага цэнтра беларускай тэхнікі. Гэта дасць магчымасць знізіць выдаткі на яе абслугоўванне. Расійскі рэгіён актыўна закупляе беларускую тэхніку (дарожную, пасажырскую, сельскагаспадарчую), улічваючы аптымальныя суадносіны цаны і якасці. Аляксандр Драздзенка праінфармаваў, што ў складзе дэлегацыі, якую ён узначальвае, ёсць прадстаўнікі вялікіх пасажыраперавозчыкаў з Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці. Яны разглядаюць магчымасць заключэння кантрактаў на пастаўкі беларускіх аўтобусаў, у тым ліку якія працуюць на газаматорным паліве.