Прэзідэнт прыняў рашэнне актывізаваць перагаворны працэс па далучэнні да СГА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў актывізаваць перагаворны працэс па ўступленні Беларусі ў СГА. Такую задачу ён паставіў на нарадзе аб узаемадзеянні з Сусветнай гандлёвай арганізацыяй, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

“З аднаго боку, відавочна, што не інтэгравацца ў сусветную гандлёвую сістэму Беларусь дазволіць сабе не можа, паколькі наша эканоміка экспартна арыентаваная і ад умоў на знешнім рынку ў многім залежыць дабрабыт краіны”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Але ўступленне ў СГА не павінна стаць для нас самамэтай. Захаванне нацыянальных інтарэсаў у ходзе перагавораў — ключавы прынцып”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуўся да прысутных на нарадзе з прапановай прывесці канкрэтныя аргументы як “за”, так і “супраць” далучэння Беларусі да СГА.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці змогуць беларускія вытворцы працаваць ва ўмовах СГА — без большасці цяпер дзеючых мер нетарыфнага рэгулявання і дзяржпадтрымкі.
Акрамя таго, прэзідэнта цікавіла, што дадаткова трэба зрабіць на ўзроўні ўрада для абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы, калі краіна ўступае ў СГА.
“Самае галоўнае пытанне — ці трэба нам гэта ў цяперашніх умовах”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Яшчэ зусім нядаўна, учора, гаварылі, што нас там не хацелі б бачыць. Сёння нас ужо актыўна да гэтага падштурхоўваюць. Хто? Што, у нас добразычліўцы ў свеце ёсць? Няма. У эканоміцы суцэльная канкурэнцыя. І я заўсёды, калі нашы сапернікі падштурхоўваюць да нейкіх рэчаў, сур’ёзна задумваюся, з чаго б гэта”, — адзначыў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што створаны два магутныя саюзы: з аднаго боку — Трансатлантычнае гандлёвае і інвестыцыйнае партнёрства, з другога — Трансціхаакіянскае партнёрства.
“Што застаецца для Сусветнай гандлёвай арганізацыі ў гэтым свеце? Некаторыя мае калегі ў вузкім коле, калі мы абмяркоўваем гэтае пытанне, гавораць, што СГА амаль сябе вычарпала”, — дадаў беларускі лідар.
“Я не гавару аб дробных саюзах: MERCOSUR, Еўразійскім эканамічным саюзе і іншых — іх у свеце мноства. Але вось гэтыя два буйныя аб’яднанні, думаю, што асабліва ўлічваць правілы Сусветнай гандлёвай арганізацыі наўрад ці будуць. Яны будуць абараняць сваіх членаў арганізацый”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Членамі СГА з’яўляюцца галоўныя саюзнікі Беларусі — Расія і Казахстан. “Нам даводзіцца гэта ўлічваць. Тым не менш мы маем пэўную ступень свабоды, не звязаную правіламі Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Дык вось гэтая ступень свабоды нам патрэбна або не патрэбна? Пры ўступленні ў СГА мы атрымаем нешта больш, або гэта нічога не дасць, або мы звяжам самі сябе пэўнымі абавязацельствамі?” — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прысутных на нарадзе.
Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць выканання партнёрамі прынцыпаў празрыстасці і паслядоўнасці.
“Мы вельмі інтэнсіўна вялі перагаворы, перш за ўсё тры дзяржавы — Расія, Казахстан і Беларусь. Я вельмі добра памятаю тыя дамоўленасці, якія тады існавалі паміж намі”, — сказаў беларускі лідар. Ён адзначыў, што расійскі бок у свой час гаварыў аб тым, што пасля стварэння Мытнага саюза, выпрацаваўшы цвёрдыя пазіцыі трох дзяржаў, краіны будуць уступаць на іх у СГА. Паводле слоў прэзідэнта, тым не менш праз некаторы час Расія стала членам СГА, прапанаваўшы партнёрам на прынцыпах гэтай арганізацыі ствараць Мытны саюз, а потым і эканамічны. Пасля, не інфармуючы саюзнікаў, як гэта было абяцана, у СГА ўступіў Казахстан, панізіўшы мытную абарону.
“І мы фактычна засталіся адны, не ўступіўшы ў СГА”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
На яго думку, з улікам сітуацыі, што склалася, Беларусь вымушана адстойваць свае інтарэсы, пры гэтым улічваючы дамоўленасці з партнёрамі.
“Я спецыяльна ўпершыню публічна гавару аб паводзінах нашых саюзнікаў і нашага галоўнага саюзніка, таму што я часта чую, што мы тут, у Беларусі, павярнуліся кудысьці на Захад, — сказаў прэзідэнт. — Гэта таксама як рэакцыя на тое, хто тут куды паварочваўся”.
На нарадзе былі падрабязна разгледжаны ўсе станоўчыя бакі і магчымыя рызыкі ўступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Па выніках абмеркавання прынята рашэнне актывізаваць перагаворны працэс па далучэнні Беларусі да СГА.