Прэзідэнт прыняў удзел у цырымоніі пасадкі Дрэва міру

- 16:01Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 кастрычніка прыняў удзел у цырымоніі пасадкі Дрэва міру і ўстойлівага развіцця ў гонар 70-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны і заснавання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Цырымонія прайшла ў Лошыцкім парку ў Мінску.

Разам з Аляксандрам Лукашэнкам удзел у пасадцы дрэва прынялі намеснік адміністратара Праграмы развіцця ААН рэгіянальны дырэктар па краінах Еўропы, СНД і Балтыі Джыхан Султанаглу, пастаянны каардынатар ААН і пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.
У Лошыцкім парку з’явілася ніцая вішня. Такое ж дрэва было пасаджана ў маі гэтага года ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Цырымонія пасадкі Дрэва міру і адзінства была прымеркавана да 70-й гадавіны перамогі над фашызмам. Белы колер, якім цвіце ніцая вішня, у розных культурах сімвалізуе чысціню і адраджэнне, добразычлівасць і заклік да прымірэння.
Для Аляксандра Лукашэнкі правялі кароткую экскурсію па музеі Лошыцкай сядзібы. Прэзідэнт Беларусі паразмаўляў з кіраўнікамі дыпмісій краін-донараў і прадстаўнікамі міжнародных арганізацый, якія прыйшлі на цырымонію.
У доме-музеі “Лошыцкая сядзіба” ў прысутнасці прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі была падпісана рамачная праграма ААН па тэхнічнай дапамозе Беларусі ў мэтах развіцця на 2016—2020 гады.
Подпісы пад дакументам паставілі міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі і пастаянны каардынатар ААН і пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха.
Праграма з’яўляецца другім па ліку дакументам, які вызначае сумесную стратэгію дзейнасці арганізацый сістэмы ААН у Беларусі. Увага ў дакуменце засяроджана на чатырох найбольш важных для краіны галінах: устойлівае эканамічнае развіццё; інклюзіўнае, адказнае і падсправаздачнае кіраванне; захаванне спрыяльнага навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыроднага патэнцыялу, заснаванае на прынцыпах “зялёнай” эканомікі; устойлівае развіццё чалавечага капіталу з упорам на ахову здароўя, адукацыю, сацыяльную абарону.