Прэзідэнт Расіі заклікаў аказваць гуманітарную падтрымку без палітызацыі

- 11:41Інфармацыйная гадзіна

Расія, Турцыя і Іран павінны абмеркаваць практычныя крокі па ліквідацыі тэрарыстычнага ачага ў правінцыі Ідліб. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на трохбаковым саміце ў Сочы па сірыйскім урэгуляванні, паведамляе ТАСС.

“У правінцыі Ідліб удаецца падтрымаць рэжым спынення баявых дзеянняў, але гэта не азначае, што мы павінны мірыцца з прысутнасцю ў раёне Ідліба тэрарыстычных груповак. Таму прапаную разгледзець канкрэтныя практычныя крокі, якія Расія, Турцыя і Іран маглі б прыняць для поўнага знішчэння тэрарыстычнага ачага”, — сказаў Уладзімір Пуцін.

Уладзімір Пуцін заўважыў, што рэжым спынення агню захоўваецца практычна на ўсёй тэрыторыі Сірыі, што стала вынікам сумесных намаганняў Масквы, Анкары і Тэгерана. Ён таксама лічыць важным, каб сірыйскі канстытуцыйны камітэт пачаў працаваць у найбліжэйшы час. Прэзідэнт Расіі адзначыў, што дыпламаты трох краін у каардынацыі з сірыйскімі бакамі і ААН правялі сур’ёзную работу па фарміраванні сірыйскага канстытуцыйнага камітэта.

Прэзідэнт Ірана Хасан Раўхані выказаў думку, што прысутнасць у Сірыі амерыкан­скіх сіл, якія знаходзяцца там без дазволу ўрада САР, павінна быць як мага хутчэй завершана.

Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што праблемы бяспекі на паўночным усходзе Сірыі ў кантэксце магчымага вываду адтуль войскаў ЗША павінны вырашацца выключна на аснове захавання суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці арабскай рэспублікі.

Уладзімір Пуцін таксама заклікаў ААН і сусветную грамадскасць больш актыўна аказваць гуманітарную падтрымку Сірыі без палітызацыі гэтага пытання і выстаўлення папярэдніх умоў.