Прэзідэнт станоўча ацаніў дзейнасць інтэграцыйных структур у АПК Віцебшчыны

- 10:34Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў станоўчыя змяненні ў гаспадаранні на зямлі Віцебскай вобласці. Адпаведныя ацэнкі былі дадзены 15 мая ў час рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы ў Віцебскі раён.

Прэзідэнт адзначыў, што меў магчымасць ацаніць стан спраў ужо з верталёта. “Вядома, гэта лапікі, нікуды не дзенемся, — такая контурнасць палёў. Але бачна, што лепш. Калі падрыхтуецеся да ўборкі як належыць, убераце, то будзеце мець збожжа і корм. Проста патрэбна арганізацыя. Нельга спыняцца ні ў якім разе”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Пакуль абстаноўка добра складваецца. Аснова для добрай работы сёння створана”, — пацвердзіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, які курыруе Віцебскую вобласць.

“Але гэта толькі пачатак”, — звярнуў увагу беларускі лідар.

Наведваючы арганізацыі ААТ “Малако” і ведучы размову аб развіцці ў рэгіёне інтэграцыйных структур у АПК, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што падтрымка і грошы будуць выдзяляцца перш за ўсё пад перспектыўныя праекты і напрамкі, калі будзе бачны гаспадарскі падыход да справы. “Будзе вынік — будуць грошы. Я не магу ўкладваць грошы ў прадпрыем­ствы, якія ніякай надзеі не падаюць”, — адзначыў ён.

Наведваючы адну з ферм, Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў убачанае, адзначыўшы добрыя ўмовы для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. “Малайцы, бачна адразу. І галоўнае, што талкова, па тэхналогіі. Вось гэтым шляхам трэба ісці”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб прынятым рашэнні ствараць у рэгіёне інтэграцыйныя структуры, прэзідэнт выказаў меркаванне, што яно было своечасовым і ішло ад жыцця. “Напэўна, мы намацалі зямную форму — інтэграцыйную структуру. Дзякуючы вам усім, намацалі. Мая справа ўжо была прааналізаваць і сказаць так або не. Я бачу, што гэта зямное. Ад зямлі: ідуць кармы, потым малако, мяса — на перапрацоўку; перапрацаваў, прадаў — грашовыя патокі пайшлі туды, адкуль прыйшлі малако, мяса. Гэта нармальна.
І так мы можам за 5 гадоў Віцебскую вобласць адрадзіць”, — адзначыў ён.

Аляксандру Лукашэнку таксама паказалі розную сельскагаспадарчую тэхніку, якая вырабляецца на прадпрыем­ствах рэгіёна.

Вопыт Віцебскай вобласці па стварэнні інтэграцыйных структур у сельскай гаспадарцы неабходна ў будучыні пашыраць і на іншыя рэгіёны краіны, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Віцеб­скім раёне.

“Віцебскай вобласці адступаць няма куды. Да вас павінны прыязджаць потым і вучыцца, як арганізоўваць такія інтэграцыйныя структуры і выцягваць стратныя прадпрыемствы адзіным ланцугом”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што ў рэгіёне створаны сем інтэграцыйных структур, у якіх стратныя, нізкарэнтабельныя гаспадаркі далучаны да мяса- і малакапера­працоўчых вытворчасцей. “У Віцебскай вобласці будучы год, калі нам давядзецца працаваць пасля прэзідэнцкіх выбараў, або два, або ўсю пяцігодку мы бу­дзем працаваць менавіта ў такой форме і такім стылі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Асаблівую ўвагу, паводле яго слоў, неабходна ўдзяліць узроўню аснашчанасці прадпрыемстваў. “Галаўныя прад­прыемствы (інтэгратары), мясакамбінаты павінны быць тэхналагічна самымі перадавымі, каб маглі вырабляць з сыравіны, якую вяскоўцы паставілі, самую шыкоўную прадукцыю, на якую будзе добры попыт”, — падкрэсліў прэзідэнт. Ён акцэнтаваў увагу на неабходнасці забяспечыць высокую якасць прадукцыі — тады яна будзе карыстацца попытам як на ўнутраным, так і на знешніх рынках. “Мы заў­сёды ў свеце знойдзем, куды прадаць прадукты харчавання. Таму аб’ёмы малака і мяса можна нарошчваць. Але з малака і мяса трэба рабіць такую прадукцыю, якую ў вас будуць ірваць з рукамі і нагамі”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы перасцярог: развіццё аграхолдынгаў не павінна ісці на шкоду сялянскім гаспадаркам.

Прэзідэнт даручыў вопыт Віцебскай вобласці па стварэнні інтэграцыйных структур пры неабходнасці распаўсюджваць і на іншыя рэгіёны краіны. “Не трэба думаць, што ў нас толькі ў Віцебскай вобласці такое становішча. І ў Магілёўскай, і ў Мінскай абласцях можна ствараць такія інтэграцыйныя структуры: стратныя гаспадаркі як сыравінную зону далучац­ь да мяса- або малакаперапрацоўчых прад­прыемстваў, — сказаў ён. — Хоць па адной інтэграцыйнай структуры трэба ствараць. Яны ў любой, нават Гродзенскай, вобласці ў якіх-небудзь раёнах будуць патрэбны”.

У якасці новага фармату выязных мерапрыемстваў прэзідэнт мае намер у будучыні прадоўжыць наведванні прадпрыемстваў інтэграцыйных структур, каб на месцы аналізаваць стан спраў.

“Рэалізуем гэта, пераможам — будз­е толк, — падагульніў Аляксандр Лукашэнка. — Калі ўжо мы ў Віцебскай вобласці зможам падняць сельскую гаспадарку… Прывесці ў парадак, каб людзі тут працавалі і радаваліся, каб моладзь сюды ішла, а моладзь пойдзе”.

Прэзідэнт адзначыў, што пандэмія, і істэрыя вакол яе ў тым ліку, памяняла свядомасць людзей. “Яны зразумелі, што трэба трымацца за зямлю, — сказаў ён. — Людзі робяць пераацэнку сваіх дзеянняў і жыццёвых асноў, і гэта на карысць сельскай гаспадарцы”.

Губернатар Мікалай Шарснёў на нарадзе далажыў аб сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебскай вобласці, адзначыўшы, што ў цэлым па выніках першага квартала дынаміка станоўчая.