Прэзідэнт у бліжэйшы час плануе сустрэцца з вучонымі

- 11:35Інфармацыйная гадзіна

Прыярытэтамі беларускай навукі на пяцігодку стануць энергетыка, бія-, нана- і медтэхналогіі. Аб гэтым далажыў Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў.

У час даклада ішла размова аб 13 прыярытэтах навуковай дзейнасці на будучую пяцігодку. Пад гэтыя прыярытэты распрацаваны пералік праграм асноўных навуковых даследаванняў. Цяпер ідзе іх напаўненне канкрэтнымі заданнямі і праектамі. Аляксандру Лукашэнку было даложана таксама аб крыніцах фінансавання, якія прапануюцца, навуковых даследаванняў і будучых рынках збыту прадукцыі. Кіраўнік дзяржавы выказаў жаданне ў бліжэйшы час сустрэцца з беларускімі вучонымі, якія прадстаўляюць не толькі НАН, але і ўніверсітэцкую, галіновую навуку, з тым, каб падвесці вынікі зробленага і абмеркаваць планы.
Акрамя таго, Уладзімір Гусакоў праінфармаваў прэзідэнта аб выкананні праграмы ўдасканалення навуковай сферы. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час паступала шмат прапаноў па рэфармаванні Нацыянальнай акадэміі навук, якія прадугледжвалі ў тым ліку скарачэнне колькасці функцый НАН, пазбаўленне яе ўласнасці і г.д. “Я ніколі не прытрымліваўся такой практыкі і зыходзіў з таго, што хопіць ужо гэтых рэформ, давайце спакойна жыць і ўдасканальваць працэсы, каб не спыніцца, не застыць”, — адзначыў прэзідэнт. Такое рашэнне было прынята і адносна акадэміі навук.
Што тычыцца зрухаў у рэалізацыі праграмы ўдасканалення навуковай сферы, кіраўнік дзяржавы цікавіўся ў тым ліку і эканамічным эфектам. “Калі навука не ўплывае на фінансавае становішча дзяржавы і сама целяпаецца з боку ў бок, не зарабляючы грошы хаця б на ўласнае ўтрыманне, гэта ўжо не арганізацыя (НАН. — Заўв. БелТА.)”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Быў прыняты шэраг мер для таго, каб забяспечыць акадэмію навук магчымасцю быць самадастатковай у фінансавых адносінах. Адначасова праводзіцца структурная і кадравая аптымізацыя. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў акадэміі павінны быць рэальна працуючыя структуры. “У нас паразітызму гэтага хапае ва ўсіх арганізацыях, асабліва там, дзе бюджэт расходуецца, дзе не трэба зарабляць уласным розумам і рукамі”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. У святле гэтай праблемы аптымізацыя акадэміі навук праводзілася такім чынам, каб пакінуць там толькі тое, што патрэбна для дзяржавы. Як было даложана кіраўніку дзяржавы, за апошні год сем арганізацый НАН было рэарганізавана і далучана. Цяпер іх 113, у тым ліку 63 навуковыя і 29 вытворчых прадпрыемстваў.