Прэзідэнт высока ацаніў ролю пасла Літвы ў збліжэнні адносін паміж краінамі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка высока цэніць ролю пасла Літвы ў збліжэнні беларуска-літоўскіх адносін. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Літвы ў Беларусі Эвалдасам Ігнатавічусам у сувязі з завяршэннем яго дыпламатычнай місіі ў краіне.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў сувязі з завяршэннем дыпламатычнай місіі сустракаецца з тымі пасламі, “якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё адносін, працавалі так, як належыць, на збліжэнне двухбаковых адносін і зрабілі нямала за перыяд сваёй службы для збліжэння народаў”.

“З’яўляецца фактам і тое, што чарговы раз з Мінска выязджае пасол, які працаваў на карысць Беларусі і Літвы. Вас я адношу да такіх паслоў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я разумею, што вы слуга сваёй краіны. У вас могуць быць свае інтарэсы, але, тым не менш, вы разумееце, што Беларусь — гэта суседняя краіна, не чужая вам”.

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь і Літва жылі ў адной дзяржаве: “Вы гэта помніце, і на нас гэта накладае пэўны адбітак, можа, нават абавязацельствы”.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў: “Вы маеце пэўныя абавязацельствы з боку сваіх партнёраў у Еўрапейскім саюзе, НАТА і г.д. Вы ведаеце нашу сітуацыю. Мы таксама маем свае абавязацельствы перад нашымі партнёрамі. Але, тым не менш, мы заўсёды знаходзілі шлях да разумення, і той шлях, па якім гатовы ісці сумесна”. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў Эвалдасу Ігнатавічусу за яго ўклад у развіццё беларуска-літоўскіх адносін.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус у час сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў: “Літва — дзяржава, не чужая Беларусі, суседняя, і мы некалькі соцень гадоў былі адзінай дзяржавай. Жылі поплеч, ніколі не ваявалі”. Ён падкрэсліў, што цяпер краіны жывуць па-суседску і іх аб’ядноўвае 700-кіламетровая граніца. “Цяпер у нас выбудаваліся добрыя эканамічныя і культурныя адносіны”, — сказаў Эвалдас Ігнатавічус.

“У нас агульнае гістарычнае мінулае, агульная, я спадзяюся, і будучыня ў пашыранай бяспечнай Еўропе”, — заявіў дыпламат. Ён падкрэсліў, што Літва вельмі цэніць Беларусь як суседа, як вельмі важную рэгіянальную дзяржаву, а таксама цэніць намаганні ва ўстанаўленні міру і добрасуседства ў рэгіёне. “Гэта для нас вельмі важна”, — запэўніў пасол.

“Літва ўжо 12 гадоў з’яўляецца членам Еўрасаюза і ўсе гэтыя гады імкнецца да самых лепшых адносін паміж Беларуссю і ЕС. І рады прагрэсу, які мае месца апошнія гады, — заявіў Эвалдас Ігнатавічус. — Мы будзем старацца ісці і далей па шляху добрасуседства і развіцця адносін як на двухбаковым узроўні, так і па лініі Беларусь — ЕС”.