Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заклікае выпускнікоў звязваць сваю будучыню з Беларуссю, а не шукаць уяўнага шчасця за яе межамі. Аб гэтым прэзідэнт заявіў на рэспубліканскім балі выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі.
“Звязвайце сваю будучыню абавязкова з Беларуссю. Не шукайце ўяўнага шчасця за яе межамі, бо па-сапраўднаму можна быць шчаслівым толькі на Радзіме, у асяроддзі сваіх сяброў і блізкіх. Яшчэ выдатны філосаф Вальтэр гаварыў, што людзі нярэдка ідуць далёка шукаць тое, што маюць у сябе дома”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“У заўтрашні дзень вы можаце глядзець упэўнена і смела. Суверэнная Беларусь — дзяржава маладая і ўяўляе сабой вялікую прастору для прыкладання вашых сіл і дараванняў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да выпускнікоў.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, атрыманне дыплома аб вышэйшай адукацыі, а разам з ім і трывалых ведаў адкрывае перад выпускнікамі шырокія перспектывы. “Дзейнічайце, стварайце, стаўце перад сабой амбіцыйныя мэты і старайцеся дасягаць іх. Толькі не будзьце пасіўнымі і, самае галоўнае, не пужайцеся жыццёвых цяжкасцей. Смела, мэтанакіравана ідзіце наперад. Тады прыйдзе да вас і поспех у справах, і прызнанне калег”, — даў наказ прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць як для кожнага з выпускнікоў, так і для ўсёй краіны таго факта, што яны папоўняць шэрагі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй — людзей, ад умення і энергіі якіх у многім залежыць дабрабыт дзяржавы і грамадства, развіццё эканомікі, культуры і іншых сфер жыццядзейнасці. “Інжынеры і тэхнолагі, аграномы і эканамісты, педагогі і ўрачы, юрысты, журналісты — усе вы запатрабаваныя ў нашай краіне. Галоўнае цяпер — старанне і праца, вернасць выбранаму шляху, набыццё прафесійнага майстэрства. Пакажыце на практыцы, чаму вас навучылі студэнцкія гады. І помніце: добры пачатак працоўнай біяграфіі — гэта шлях да поспеху ў кар’еры, ды і ва ўсім жыцці”, — сказаў прэзідэнт.
“Дзяржава са свайго боку імкнецца стварыць спрыяльныя ўмовы для станаўлення маладых спецыялістаў, павышэння іх кваліфікацыі і кар’ернага росту, таму актыўна падключайцеся да мадэрнізацыі эканомікі, распрацоўкі і ўкаранення найноўшых тэхналогій, рэалізацыі перспектыўных сацыяльных і культурных пытанняў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў помніць і берагчы вялікія заваяванні мінулых пакаленняў, гераічную гісторыю беларускага народа. “Мы з вамі напярэдадні лёсавызначальнай даты — 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пакаленне пераможцаў дзякуючы неймавернай самаадданасці і мужнасці прынесла мір і спакой не толькі на беларускую зямлю, яно пазбавіла ўсю Еўропу і чалавецтва ад фашысцкага прыгнёту, — адзначыў беларускі лідар. — Не ў кожнага народа ёсць такая Вялікая Перамога, таму аб ёй заўсёды трэба помніць, глыбока шанаваць подзвіг ветэранаў вайны і працы, якія абаранілі краіну ад ворага і ўзнялі яе з руін і попелу. І не толькі помніць, але і быць дастойнымі іх, прадаўжаць традыцыі любові і служэння нашай Айчыне”.
“Дабівайцеся поспеху і помніце, што нашым агульным здабыткам з’яўляецца моцная і квітнеючая краіна. І толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам пабудаваць шчаслівую будучыню для нашай роднай Беларусі”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Словы ўдзячнасці кіраўнік дзяржавы адрасаваў рэктарам ВНУ і выкладчыкам за дастойных вучняў, у выхаванне якіх укладзена вялікая педагагічная праца. “Жадаю ўсім вам новых здзяйсненняў і навуковых адкрыццяў. Няхай развіваюцца лепшыя традыцыі беларускай вышэйшай школы”, — сказаў прэзідэнт.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Аляксандр Лукашэнка ўручыў 10 лепшым выпускнікам ВНУ спецыяльныя лісты аб аб’яўленні падзякі прэзідэнта за выдатныя поспехі ў вучобе, прыкладныя паводзіны і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
На рэспубліканскі баль былі запрошаны 200 лепшых выпускнікоў.
Усяго беларускія ВНУ штогод выпускаюць амаль 80 тысяч спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, у 2014 годзе — амаль 77 тысяч. У Беларусі функцыянуюць 45 дзяржаўных і 9 прыватных устаноў вышэйшай адукацыі, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка па 15 профілях, якія ўключаюць 468 спецыяльнасцей і напрамкаў спецыяльнасцей, звыш тысячы спецыялізацый.
Уладзімір МАТВЕЕЎ,
БелТА.
Фота Мікалая ПЯТРОВА,
БелТА.