Прэзідэнт запатрабаваў росту тавараабароту і новага ўзроўню супрацоўніцтва

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу дасягнуць у развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Кітая новага якаснага ўзроўню. Аб гэтым ён заявіў, назначаючы Кірыла Рудага новым паслом Беларусі ў КНР.

“Нам патрэбны рывок у нашых адносінах. Трэба выйсці нават не на новую ступень, а на арбіту ў адносінах з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Вы бачыце, што яны да гэтага гатовы, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Я бачу, што яны з адкрытым сэрцам і душой ідуць нам насустрач. У мяне вельмі блізкія і дружалюбныя адносіны з кіраўніцтвам КНР — і з былым, і асабліва з цяперашнім кіраўніком”.

Прэзідэнт запатрабаваў, каб і беларускі бок быў гатовы аператыўна рэагаваць на магчымасці, якія адкрываюцца ў развіцці супрацоўніцтва. “І тут галоўнае — ваша работа. Вельмі хацеў бы, каб вы не скаціліся, як многія паслы, каб звяртацца ў сваю краіну з пасланнямі: кітайцы прапаноўваюць, а нашы не могуць. Напісаў — і ўсё добра. Паскардзіўся, потым пры сустрэчы мне можаце аб гэтым далажыць. Мне гэтага не трэба. Вы павінны дабіцца таго, каб былі рэалізаваны самыя смелыя, рашучыя прапановы ў адносінах з Кітайскай Народнай Рэспублікай”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Пра нас яны будуць заўсёды помніць, прымаць рашэнні, калі мы будзем мэтанакіравана працаваць у правільным напрамку. Тады будзе вынік. А калі проста звычайна, то і будзе, як звычайна. Але вы разумееце, што я не пацярплю такой работы ні з боку пасольства, ні з боку МЗС, таму што гэта наша будучыня, калі мы з Кітаем будзем мець такія адносіны. Можаце адчуць і ўявіць, які груз адказнасці на вас ляжыць”, — сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да Кірыла Рудага.

Асобнае даручэнне кіраўнік дзяржавы даў адносна падрыхтоўкі дзяржаўнага візіту ў Кітай, які, як чакаецца, павінен адбыцца ў канцы верасня 2016 года. Размаўляючы з прадстаўнікамі СМІ, Кірыл Руды адзначыў, што менавіта гэты напрамак работы будзе ў ліку яго першых крокаў на новай пасадзе. “Трэба напоўніць яго (візіт. — Заўв. БелТА.) максімальна, каб тыя дамоўленасці, якія будуць дасягнуты ў час візіту, сапраўды сталі дарожнай картай і потым рэалізоўваліся на працягу некалькіх гадоў. І каб гэты рывок сапраўды меў працяг і вынікі як для Беларусі, так і для Кітая”, — сказаў ён.

Кірыл Руды таксама падкрэсліў, што назначэнне паслом у КНР — гэта вялікая адказнасць і гонар для яго. “Вядома, усе магчымыя і немагчымыя інструменты будуць выкарыстаны для таго, каб зрабіць прарыў у двухбаковых адносінах. Кітай імкліва развіваецца. Гэта сусветная дзяржава”, — падкрэсліў ён.

Сярод прыярытэтаў Кірыл Руды назваў гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, у тым ліку ўзаемадзеянне ў рамках эканамічнага пояса “шаўковага шляху”, рэалізацыю буйных інвестыцыйных праектаў з акцэнтам на іх сур’ёзную прапрацоўку і эфектыўнасць, развіццё Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, а таксама рэгіянальнае супрацоўніцтва.

***

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу дасягнуць тавараабароту з Грузіяй $200 млн пры ўзроўні $45 млн па выніках 2015 года, паведаміў журналістам Міхаіл Мятлікаў, які быў назначаны паслом Беларусі ў Грузіі.

“Прэзідэнтам пастаўлена задача выйсці на тавараабарот $200 млн. Мы плануем у пачатку верасня правесці поўнамаштабную нацыянальную выставу Беларусі на “Экспа Джорджыя” ў Тбілісі. Інтарэс вялікі ёсць у грузінскага бізнесу”, — сказаў Міхаіл Мятлікаў. У час форуму, які мае адбыцца, будуць прэзентаваны магчымасці Беларусі ў ІТ-сферы.

Гаворачы аб цяперашнім тавараабароце, Міхаіл Мятлікаў адзначыў яго збалансаванасць. Па выніках першых чатырох месяцаў 2016 года тэмп росту экспарту склаў 126%.

Беларуска-грузінскія эканамічныя адносіны будуюцца па многіх таварных пазіцыях. З беларускага боку гэта пашырэнне экспарту ў галіне машынабудавання, нафтахімічнай прадукцыі. “У перспектыве ў нас — адкрыццё зборачных вытворчасцей трактарнага завода, прадпрыемства “Магілёўліфтмаш”. Думаю, у нас з’явяцца і сумесныя прадпрыемствы на тэрыторыі Беларусі. Грузія сёння пастаўляе нам шмат фруктаў, агародніны. Гэта той крытычны імпарт, якога ў нас няма. Глыбокая перапрацоўка ўнутры Беларусі з улікам існуючых плошчаў дасць магчымасць нам выходзіць і на іншыя рынкі краін Еўразійскага эканамічнага саюза”, — адзначыў пасол.

Яшчэ адна перспектыўная сфера для развіцця супрацоўніцтва — фармацэўтыка. Міхаіл Мятлікаў прывёў даныя, згодна з якімі зарэгістраваны ўжо дзве сотні беларускіх фармацэўтычных сродкаў, якія пачынаюць пастаўляцца і пастаўляюцца ў Грузію.

Акрамя таго, Беларусь актыўна развівае экспарт у Грузію транспартных паслуг, яго аб’ём дасягнуў $14 млн.
Міхаіл Мятлікаў таксама расказаў, што на першым этапе трэба будзе вырашыць пытанне з пошукам памяшкання для пасольства, паколькі беларускае дыппрадстаўніцтва ў Грузіі толькі адкрываецца.