Аляксандр Лукашэнка патрабуе больш актыўнай работы па разведцы карысных выкапняў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, прымаючы з дакладам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Каўхуту.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэтае пытанне ўзнімалася і раней, але папярэдні склад урада на чале з ранейшым прэм’ер-міністрам не дасягнуў вялікага поспеху ў гэтым напрамку.
Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на сур’ёзныя недапрацоўкі па разведцы нетраў. “Я проста не веру, што ў нас няма вялікіх аб’ёмаў нафты і што ў нашых нетрах адсутнічае прыродны газ, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — На падобных тэрыторыях у Расіі і іншых краінах здабываецца нямала нафты і прыроднага газу, а таксама каштоўных металаў — тое, што стварае аснову дабрабыту і ўстойлівасці любой эканомікі любой дзяржавы”.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што гэтая сустрэча праходзіць напярэдадні нарады, якая ў гэтым годзе адбудзецца на ўзроўні прэзідэнта і будзе прысвечана тэме запасаў карысных выкапняў у Беларусі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на ёй гаворка пойдзе аб перспектывах работы па разведцы карысных выкапняў, а не толькі аб тым, што ўжо выяўлена. “Далажыце пра тое, што мы маем, і пра тое, што будзем мець заўтра і паслязаўтра. План дзеянняў па сур’ёзным вывучэнні нашых нетраў вы павінны пакласці мне на стол”, — запатрабаваў прэзідэнт. Ён сказаў, што гэтыя пытанні будуць знаходзіцца пад яго асаблівым кантролем.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць важным улічваць вопыт замежных партнёраў і наладжваць супрацоўніцтва з імі па разведцы карысных выкапняў.
“Ёсць шмат дзяржаў, што маюць вялікія багацці сваіх нетраў, кіраўнікі якіх прапануюць нам супрацоўнічаць, — Венесуэла, Зімбабвэ і іншыя лацінаамерыканскія і афрыканскія краіны, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Трэба сур’ёзна разам з зацікаўленымі прапрацаваць гэтыя пытанні, у тым ліку паглядзець, на якіх умовах супрацоўнічаць і што мы ад гэтага будзем мець”.