Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць на самым высокім узроўні

- 11:29Інфармацыйная гадзіна

Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Уладзімір Пуцін выказаў упэўненасць, што прэзідэнцкія выбары пройдуць на самым высокім узроўні ў поўнай адпаведнасці з беларускімі і міжнароднымі стандартамі.
Прэзідэнцкая выбарчая кампанія — гэта заўсёды вельмі адказны і няпросты этап у жыцці любой краіны, адзначыў Прэзідэнт Расіі. Яму вядома, што ў Беларусі пачалі работу маніторынгавыя групы БДІПЧ АБСЕ і СНД, у абедзвюх прысутнічаюць расійскія прадстаўнікі. Уладзімір Пуцін пажадаў беларускаму калегу поспехаў.
Прэзідэнт Расіі адзначыў, што двухбаковыя беларуска-расійскія адносіны развіваюцца вельмі паспяхова. “Ёсць пытанні, якія, безумоўна, патрабуюць нашай асаблівай увагі, дасканалага разгляду, але ў цэлым хацеў бы адзначыць, што тыя мэты, якія мы перад сабой ставім у ходзе нашага ўзаемадзеяння, дасягаюцца”, — сказаў Уладзімір Пуцін.
“Мы ведаем і праблемы, звязаныя з сённяшнімі эканамічнымі пытаннямі і ў свеце, і ў нашых краінах. Разумеем, што адбываецца, ведаем, што трэба зрабіць. Не заўсёды ўсё атрымліваецца, гэта зразумела, але мы будзем упэўнена ісці наперад. І не сумняваюся: усе гэтыя складанасці будуць пераадолены”, — рэзюмаваў Уладзімір Пуцін.
Таксама выступаючы на II Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія гатова да самага цеснага прамысловага супрацоўніцтва з Беларуссю.
На думку Уладзіміра Пуціна, цеснае прамысловае супрацоўніцтва дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць дзвюх краін, прыцягнуць інвестыцыі і ў цэлым станоўча паўплывае на дабрабыт народаў.
Прэзідэнт Расіі адзначыў, што Расіі і Беларусі сумесна ўдалося стварыць добрую структуру супрацоўніцтва. Ён заўважыў, што ў Расіі добра ведаюць высокую якасць беларускіх прадуктаў, а ў рэгіёнах ёсць вопыт прамысловай кааперацыі.
“Беларусь — наш стратэгічны партнёр і найбліжэйшы саюзнік, — падкрэсліў расійскі прэзідэнт. — Наша ўзаемадзеянне мае шматпланавы і паступальны характар”.