Прэзідэнту даложана аб перспектыўных напрамках эканамічнага ўзаемадзеяння з афрыканскімі дзяржавамі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам кіраўніка справамі Прэзідэнта Беларусі Віктара Шэймана.

Адной з галоўных тэм сустрэчы стала развіццё супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Афрыкі. “Мы дамаўляліся, што вы пабу­дзеце ў шэрагу краін, з якімі мы спрабуем супрацоўнічаць і ў нас завязаліся добрыя адносіны. Каб разумець (тут утойваць няма чаго), на якія дзяржавы ў Афрыцы нам абапірацца для выбудоўвання адносін на далёкай дузе. Вы больш, чым хто іншы, гэтым займаліся. Што вы можаце прапанаваць у сувязі з гэтым, на каго будзем абапірацца, з кім будзем супрацоўнічаць?” — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Віктар Шэйман, які па даручэнні прэзідэнта Беларусі зрабіў шэраг паездак па краінах Афрыкі, далажыў кіраўніку дзяржавы аб перспектыўных напрамках работы на гэтым кантыненце. Гэта, у прыватнасці, здабыча карысных выкапняў, будаўніцтва, энергетыка, сельскагаспадарчая галіна, транспарт і лагістыка, падрыхтоўка кадраў.

Размова на сустрэчы ішла аб канкрэтных краінах, дзе Беларусь плануе прысутнічаць па абазначаных напрамках. Цяпер пачынаецца актыўная работа па ­поўдні Афрыкі ў такіх дзяржавах, як Зімбабвэ, Замбія, Мазамбік. Перспектыўнай для развіцця адносін і ўзаемавыгадна­га супра­цоўніцтва з’яўляецца і паўднёва-ўсходняя частка кантынента. Ужо ідзе работа па стварэнні сумесных прадпрыемстваў у сельскай гаспадарцы, утвараецца транспартная кампанія ў сферы грузаперавозак з перспектывай работы на поўдні Афрыкі. Беларусь уваходзіць у праект па будаўніцтве электрастанцыі на сонечных панэлях у Зімбабвэ.

Яшчэ пытанні тычыліся работы Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, падпарадкаваных прадпрыемстваў і арганізацый. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта вялікая структура, якая ўключае ў сябе самыя розныя напрамкі дзейнасці — ад народных мастацкіх промыслаў да сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і нацыя­нальных паркаў. “Калі ёсць праблемы, іх трэба цяпер абазначыць і вырашыць на працягу года”, — сказаў прэзідэнт.

У сувязі з гэтым ён нагадаў, што бліжэй­шыя два гады будуць экзаменам для ўсёй вертыкалі. “Экзамены здаём усе, у тым ліку і вы”, — падкрэсліў беларускі лідар.

На сустрэчы ў прэзідэнта абмеркаваны новыя напрамкі развіцця дзейнасці Кіраўніцтва справамі. У прыватнасці, даложаны прапановы па развіцці вытворчасці лякарстваў, медыцынскай тэхнікі і расходных матэрыялаў. Размова ішла і аб развіцці сельскагаспадарчага сектара, у тым ліку аб стварэнні прадпрыемства па гадоўлі і перапрацоўцы чырвонай рыбы.