Прэзідэнту прадэманстравалі ўзоры мадэрнізаванага ўзбраення

- 10:31Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка — Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі — азнаёміўся з узорамі мадэрнізаваных узбраення і ваеннай тэхнікі 120-й асобнай механізаванай брыгады Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл.

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб арганізацыйна-штатнай структуры, дыслакацыі брыгады, выкананні Дзяржаўнай праграмы па добраўпарадкаванні ваенных гарадкоў, а таксама арганізацыі заняткаў па баявой падрыхтоўцы з выкарыстаннем сучасных камп’ютарызаваных трэнажораў. Прэзідэнт пацікавіўся, наколькі эфектыўная падрыхтоўка на трэнажорах. На думку міністра абароны Андрэя Раўкова, гэты метад з’яўляецца сапраўды эфектыўным і дае магчымасць зменшыць затраты на падрыхтоўку спецыялістаў.
Затым Аляксандр Лукашэнка наведаў пакой баявой славы, дзе адлюстравана гісторыя 120-й асобнай механізаванай брыгады. Ён пакінуў запіс у памятнай кнізе, дзе пажадаў воінам праслаўленага злучэння быць дастойнымі светлай памяці герояў-аднапалчан. “Народ Беларусі даверыў нам бяспеку радзімы, мір і спакой на беларускай зямлі, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі — Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі. — Апраўдвайце гэты высокі давер сваёй ратнай працай у імя працвітання Айчыны”.
Кіраўнік дзяржавы пабываў таксама ў адной з казарм брыгады, дзе пазнаёміўся з арганізацыяй жыцця і быту ваеннаслужачых. У адрамантаваных казармах для салдат створаны добрыя ўмовы.
Аляксандр Лукашэнка, змяніўшы праграму наведвання брыгады, зайшоў таксама ў салдацкую сталовую, дзе яму паказалі, як і чым харчуюцца ваеннаслужачыя, а таксама па-за праграмай наведаў медыцынскую роту.
На вайсковым стрэльбішчы прэзідэнту прадэманстравалі ўзоры ваеннай тэхнікі, баявой формы адзення, экіпіроўкі і стралковай зброі, якую плануецца прыняць на ўзбраенне механізаваных брыгад.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тактыка-тэхнічнымі характарыстыкамі пісталетаў і іншай стралковай зброі, што знаходзіцца на ўзбраенні ва Узброеных Сілах. Прэзідэнту былі прадэманстраваны сучасныя аптычныя сродкі айчыннай вытворчасці, якія даюць магчымасць весці стральбу ў любы час сутак без дадатковых карэкціровак. Ваеннаслужачыя прадэманстравалі прэзідэнту элементы тактычнай стральбы з выкарыстаннем айчынных аптычных прыцэлаў.
На памяць аб сустрэчы ваеннаслужачыя ўручылі Аляксандру Лукашэнку сувенір.