Тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным адбылася 9 лістапада, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Прэзідэнты абмеркавалі праблемныя аспекты ў беларуска-расійскім узаемадзеянні. Рашэнні па іх прапрацоўваліся ўрадамі дзвюх краін і будуць канчаткова прыняты на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў, якая, згодна з папярэдняй дамоўленасцю, адбудзецца на працягу будучых двух тыдняў.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін таксама абмеркавалі пытанні міжнароднага парадку дня, у прыватнасці, вынікі выбараў у ЗША і іх магчымы ўплыў на развіццё рэгіянальных і глабальных працэсаў.
Прэзідэнт Беларусі расказаў расійскаму лідару і аб некаторых падрабязнасцях свайго нядаўняга візіту ў Блізкаўсходні рэгіён.