Прэзідэнты абмеркавалі правядзенне форуму рэгіёнаў

Адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі арганізацыю ў Беларусі Дзён культуры Украіны, якія запланаваны з 7 па 20 ліпеня. Іх правядзенне прадугледжвае выступленні і канцэрты ўкраінскіх выканаўцаў і творчых калектываў на Купалле (“Александрыя збірае сяброў”) і Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка таксама абмеркавалі падрыхтоўку да правядзення ў кастрычніку 2018 года ў Гомелі першага форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны.

Акрамя таго, размова ішла аб развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеянні ў розных галінах. У тым ліку разгледжаны ход рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых на вышэйшым узроўні ў час праведзеных раней узаемных візітаў лідараў дзвюх краін.