Прэзідэнты абмеркавалі развіццё супрацоўніцтва

Праблемы ў адносінах Беларусі і Расіі ёсць, але яны не накопліваюцца, а таксама не з’яўляецца новых. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Сочы на перагаворах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

“Нам сапраўды ёсць пра што пагаварыць. Але я не сказаў бы, што ў нас накопліваюцца праблемы. У нас праблемы ёсць, якія вырашаюцца хутка або доўга не вырашаюцца. Але новыя праблемы, на шчасце, не з’яўляюцца, як я прааналізаваў, за апошні час. Тым не менш гэтыя праблемы без нас ніхто не вырашыць. І некаторыя праблемы і не нашы даводзіцца вырашаць, як у нас часта з вамі бывае. Таму сапраўды ёсць пра што пагаварыць. І я буду рады, калі вы папоўніце мае веды ў плане міжнародных адносін, вашых сустрэч, вашых уражанняў і сумесных дзеянняў на міжнароднай арэне”, — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну за запрашэнне “прыехаць, крыху абстрагавацца ад жыццёвых прэзідэнцкіх праблем”. “Я штогод бываю тут. Тут кавалачак зямлі Беларусі. І я пры любым зручным выпадку стараюся сюды прыехаць для таго, каб на 3—4 дні адысці ад тых праблем, якія заўсёды накопліваюцца. Яны аднолькавыя ўсюды. І ў вас іх хапае, толькі ў большых аб’ёмах”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што рады сустрэцца з Прэзідэнтам Беларусі і сам-насам абмеркаваць пытанні, якія тычацца развіцця двухбаковага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў розных інтэграцыйных фарматах, праблематыкі міжнароднага парадку дня. “Мы з вамі сустракаемся рэгулярна, але кожная з гэтых сустрэч мае значэнне і вельмі важная для нас”, — падкрэсліў ён.

Пасля завяршэння перагавораў кіраўнікі дзяржаў абмяняліся падарункамі. Аляксандр Лукашэнка падарыў Уладзіміру Пуціну абраз Анёла Ахоўніка. Кіраўнік расійскай дзяржавы ў сваю чаргу падарыў Прэзідэнту Беларусі карціну на тканіне, якую выканалі ўральскія майстры.