Прэзідэнты задаволены характарам і вынікамі ўзаемадзеяння краін

- 14:49Інфармацыйная гадзіна

Эканамічныя выклікі не павінны раз’ядноўваць краіны Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС. Аб гэтым заявіў журналістам у Маскве Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Значная ўвага на перагаворах была ўдзелена развіццю інтэграцыйных адносін. “Эканамічныя выклікі, з якімі мы сутыкаемся ў цяперашні няпросты час, не павінны весці да раз’яднанасці дзяржаў — удзельніц дагавораў аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і аб Еўразійскім эканамічным саюзе”, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін задаволены характарам і вынікамі ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі на міжнароднай арэне. Адносіны міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін маглі б служыць прыкладам для супрацоўніцтва іншых ведамстваў, адзначыў у сувязі з гэтым Прэзідэнт Беларусі.
Не засталося ніводнага пытання, якое б мела патрэбу ў паглыбленай прапрацоўцы, як сказаў Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі перагавораў. Паводле яго слоў, ёсць некалькі пытанняў, якія на працягу тыдня будуць дапрацаваны, і ўрады прымуць па іх рашэнні.
Абмяркоўваючы міжнародны парадак дня, прэзідэнты гаварылі аб Украіне, аб сітуацыі на Блізкім Усходзе, аб іншых гарачых пунктах планеты. “Беларусь па-суседску зацікаўлена ў міры на Украінскай зямлі”, — сказаў лідар беларускай дзяржавы. Такой жа пазіцыі краіна прытрымліваецца і наконт сітуацыі на Блізкім Усходзе. “І разыходжанняў у нас з Прэзідэнтам Расіі абсалютна няма па гэтых праблемах”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
“Зямлю трасе ад міжусобіц і ўзброеных канфліктаў. Бежанцы вылічваюцца ўжо мільёнамі. Міжнародны тэрарызм кінуў выклік усяму свету. Толькі за апошні месяц мы сутыкнуліся з чарадой бесчалавечных, варварскіх дзеянняў тэрарыстаў, якім няма і не можа быць апраўдання”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь гатова ўсямерна садзейнічаць у задавальненні патрэб расійскага рынку, заявіў таксама, каменціруючы вынікі перагавораў, прэзідэнт Беларусі.
У беларускіх вытворцаў — добрая рэпутацыя на рынку Расіі. “Мы гатовы ўсямерна садзейнічаць у задавальненні патрэб расійскага рынку па тых групах тавараў, якія мы можам вырабляць канкурэнтна па цане і якасці”, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Ён нагадаў, што шэраг ключавых экспартных пазіцый Беларусі вырабляецца з расійскіх камплектуючых, расійскай сыравіны, гэта значыць з’яўляецца рэальным прадуктам беларуска-расійскай кааперацыі.
Прэзідэнты падрабязна абмеркавалі пытанні роўнага доступу беларускіх тавараў на расійскі рынак. “Мы атрымалі падтрымку Прэзідэнта Расіі ў гэтым плане”, — праінфармаваў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь рэалізоўвае другую праграму імпартазамяшчэння і набыла пэўны вопыт у гэтай сферы. Гаворачы аб аналагічнай праграме ў Расіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта рух у абсалютна правільным напрамку. “Вынік будзе, і літаральна ў найбліжэйшым будучым, — перакананы кіраўнік беларускай дзяржавы. — Але гэтая праграма ні ў якім разе не павінна пагаршаць магчымасці і ўмовы дзеяння нашых сумесных прадпрыемстваў, тым больш паставак беларускіх тавараў і паслуг”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. “Каб нашы тавары і паслугі не лічыліся замежнымі, а былі практычна як расійскія”, — дадаў ён. Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што такія роўныя магчымасці і ўмовы паставак беларускіх тавараў і паслуг замацаваны двухбаковымі пагадненнямі і нормамі ЕАЭС.
У сваю чаргу Уладзімір Пуцін, выступаючы перад журналістамі, адзначыў, што асаблівая ўвага на перагаворах была ўдзелена развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. “У гэтым годзе з-за рэзкіх курсавых ваганняў на валютных рынках тавараабарот у доларавым вылічэнні знізіўся, а ў рублёвым, наадварот, узрос на 20,6 працэнта да 1,3 трлн расійскіх рублёў, — канстатаваў ён. — На гэты вынік мы выйшлі ў тым ліку дзякуючы таму, што расійскія і беларускія кампаніі ўсё больш актыўна разлічваюцца ў нацыянальных валютах. Гэта прыкладна 86 працэнтаў ад агульнага тавараабароту”.
Прэзідэнт Расіі нагадаў, што на дасягненне ўстойлівага росту тавараабароту накіравана і рэалізацыя зацверджанага ўрадамі дзвюх краін плана мерапрыемстваў па стварэнні дадатковых умоў па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Уладзімір Пуцін назваў будаўніцтва БелАЭС важнейшым беларуска-расійскім інвестыцыйным праектам. “Яно вядзецца ў строгай адпаведнасці з графікам, — адзначыў ён. — Запуск першага энергаблока намечаны на 2018 год, другога — на 2020-ы”.
Паводле слоў Прэзідэнта Расіі, на перагаворах бакі дамовіліся ўдзяляць павышаную ўвагу высокатэхналагічнай кааперацыі, у прыватнасці, у галіне станкабудавання, развіваць сумесныя распрацоўкі ў касмічнай прамысловасці, у галіне спадарожнікавай навігацыі, геолагаразведкі.
Прэзідэнт Расіі паведаміў, што на перагаворах абмяркоўваліся ў тым ліку перспектывы развіцця ЕАЭС. “Высока ацэньваем дзейнасць Беларусі ў якасці старшыні гэтага інтэграцыйнага аб’яднання ў бягучым годзе, — сказаў Уладзімір Пуцін. — Падтрымліваем крокі, што робяцца Мінскам па ўмацаванні дагаворна-прававой базы нашай арганізацыі з улікам уступлення ў яе новых членаў — Арменіі і Кыргызстана”.
Уладзімір Пуцін таксама канстатаваў, што Беларусь і Расія “ў мэтах умацавання рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі дамовіліся актыўна развіваць ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва”.
Ён падкрэсліў, што Беларусь і Расія на міжнароднай арэне праводзяць узгодненую знешнюю палітыку. “Мы адзначылі блізкасць нашых краін па такіх тэмах, як урэгуляванне ўкраінскага крызісу і барацьба з міжнародным тэрарызмам у Сірыі”, — сказаў Уладзімір Пуцін.