Тыдзень беларускай мовы, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння Максiма Багдановiча, прайшоў у Вендаражскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Магілёўскага раёна.
“Запрашаем усiх” — так было напiсана ў аб’яве, дзе арганiзатары тыдня запрашалi вучняў і настаўнiкаў на розныя мерапрыемствы. Аднак гэта было неабавязкова, усе i так бачылi вакол сябе вялiкае свята беларускай культуры, лiтаратуры i наогул прыгожую старонку жыцця сельскай школы ў грамадска-патрыятычным выхаваннi вучняў.
Кожны дзень на працягу тыдня вучнi i настаўнiкi былi апрануты ў беларускiя нацыянальныя касцюмы, у якiх вучылiся на ўроках i хадзiлi на перапынках. Кожны вучань iмкнуўся на перапынку падысці да ўдзельнiкаў i пастаяць каля сваіх сяброў, апранутых у нацыянальныя касцюмы, нават дакрануцца да іх. Гэта было вельмi незвычайна. Адкрыўся тыдзень з відэаабзору “Творчасць Максiма Багдановiча”. Сярод вучняў старшых класаў быў аб’яўлены конкурс лiтаратурных газет. Усе газеты былi выкананы ў адпаведнасці з патрабаваннямі і ўпрыгожвалi фае школы на працягу тыдня.
Настаўнiкi беларускай мовы i лiтаратуры Лiлiя Аляксандраўна Хадаровiч i Вольга Аляксандраўна Анiшчанка правялi лiтаратурна-пазнавальную вiктарыну “125-годдзю М.Багдановiча прысвячаецца”. Самым захапляльным быў конкурс на лепшага чытальнiка вершаў Багдановiча, у якiм перамогу атрымаў Мiкiта Васiленка, навучэнец 9 класа. Сярод вучняў пачатковых класаў быў праведзены конкурс малюнкаў па творах М.Багдановіча. Пераможцамі сталі вучаніцы 4 класа Валерыя Волбушка і Хрысціна Іванова.
Напрыканцы тыдня адбылася ўрачыстая лінейка, дзе ўзнагароды атрымалі ўсе ўдзельнікі. У Мінску адбыўся ўрачысты мітынг ля помніка паэту, былі ўскладзены кветкі. Не парушылі гэтай традыцыі і вучні нашай школы, якія ўсклалі кветкі ля партрэта паэту.
Асоба і творчасць Максiма Багдановiча высока ацэнены нашчадкамi. Ушанаванне яго памяцi грамадскасцю Беларусi пачалося з першай гадавiны яго смерцi i доўжыцца да сённяшняга дня. Жыццё і творчасць паэта з’яўляецца прыкладам патрыятызму і самаадданасці беларускай зямлі. Гэта трэба паказваць вучням. І помніць.
Сяргей ІЗМЕР,
дырэктар Вендаражскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Магілёўскага раёна.