Pro-сто, ці 100 добрых спраў

- 11:50Навіны рэгіёнаў

У Любанскім раёне прайшоў фестываль ідэй сацыяльных праектаў. Цікавых ініцыятыў і ідэй у моладзі рэгіёна заўсёды было шмат, але сканцэнтраваліся яны на спецыяльным мерапрыемстве ўпершыню. Фестываль стаў гучным акордам, якім развітваліся на Любаншчыне з Годам моладзі.

“Фестываль аб’яднаў моладзь адзінай творчай справай. Фарміраванне грамадзянскай пазіцыі немагчыма без удзелу ў дзейнасці, накіраванай на карысць роднага горада, раёна, без узаемадзеяння з соцыумам. Кожны сацыяльны праект дае рэальную магчымасць зрабіць больш цікавым і якасным жыццё тых, хто рэалізоўвае праект, і тых, для каго праект рэалізоўваецца. Дзякуючы фестывалю, мы атрымалі магчымасць вызначыць лідараў сярод моладзі. Зараз перад намі стаіць задача накіраваць іх творчы патэнцыял, крэатыўнае мысленне, жаданне ствараць на карысць нашай малой радзімы”, — расказвае Вольга Леанідаўна Ярэц, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Любанскага райвыканкама. Вольга Леанідаўна разам з супрацоўнікамі аддзела Анжалікай Юр’еўнай Маглыш і Кацярынай Пятроўнай Афанасьевай увайшла ў склад арганізацыйнага калектыву, які быў створаны для падрыхтоўкі і правядзення фестывалю.Удзел у фестывалі прынялі ўсе 22 установы агульнай сярэдняй адукацыі Любанскага раёна. Кожную з іх прадстаўлялі маладыя педагогі і члены органаў навучэнскага самакіравання. Удзельнікі былі падзелены на 5 творчых груп. Кожная група распрацавала і прадставіла на конкурс праект, накіраваны на развіццё і ўдасканаленне сацыяльна значнай дзейнасці навучэнцаў і маладых педагогаў Любанскага раёна. Выніковае мерапрыемства фестывалю прайшло ў сярэдняй школе № 3 Любані імя Г.Л.Сячко і складалася з двух этапаў. На першым этапе творчыя групы прадстаўлялі рэкламныя плакаты, якія адлюстроўвалі сутнасць праектаў, якія прапаноўваюцца. Другі этап прадугледжваў прэзентацыю гэтых праектаў, якая прайшла творча: гледачы і журы ўбачылі мультфільм, міні-канцэрт, тэатралізаваныя замалёўкі. Журы ацэньвала актуальнасць, сацыяльную значнасць праектаў і, самае галоўнае, магчымасці іх практычнай рэалізацыі. Творчыя групы прапанавалі праекты аб развіцці спорту і ўкараненні здаровага ладу жыцця “Тэрыторыя здароўя” і “Формула будучыні: моладзь + спорт”, праекты аб добраўпарадкаванні і паляпшэнні экалагічнай сітуацыі “Квітней зямля” і “Якім быць школьнаму двару? ”, праект падтрымкі нядобранадзейных і малазабяспечаных сем’яў “Дастукацца да сэрцаў”. Пераможцам стаў праект “Pro-сто, ці 100 добрых спраў”, які прапаноўвае развіваць валанцёрскі рух у некалькіх актуальных кірунках. Кожны з праектаў — рэальныя меры, якія можна здзейсніць на карысць людзей і краіны.
Фестываль завершаны, але добрыя справы толькі пачынаюцца: праект-пераможца не застанецца “на паперы”, а будзе рэалізаваны на Любаншчыне. Створана раённая творчая група, якая падрыхтуе праграму і план рэалізацыі праекта “Pro-сто, ці 100 добрых спраў” у 2016 годзе. Да гэтай агульнай добрай справы далучацца ўсе школы і гімназіі раёна.

Дар’я РЭВА.
Фота Уладзіміра ЕЎДАКІМАВА.