PRO-з’ява

- 10:42Якасць адукацыі

Сучасны рынак працы ў Беларусі перанасычаны спецыялістамі з вышэйшай адукацыяй, у той жа час ён больш арыентаваны на рабочыя прафесіі. Так, па даных рэспубліканскіх органаў па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, на 1 ліпеня 2014 года 75,7% вакансій, заяўленых наймальнікамі, складалі менавіта рабочыя прафесіі.

Па выніках даследавання, праведзенага сярод першакурснікаў Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва, на працэс фарміравання іх прафесійнай арыентацыі аказалі ўплыў даступнасць паступлення (45%), будучая заработная плата (40%), запатрабаванасць прафесіі на рынку працы (11%), уплыў бацькоў і блізкага акружэння (10%), мара, самастойнае рашэнне (11%).
Большасць абітурыентаў, якія паступілі ў каледж, маюць павярхоўнае ўяўленне аб сваёй будучай прафесіі. Так, 48% першакурснікаў даюць толькі знешнюю апісальную характарыстыку прафесіі; 58% не ведаюць, якімі асноўнымі навыкамі павінен валодаць работнік у абранай імі галіне; 66% не ўяўляюць, якімі ведамі павінен валодаць чалавек, які працуе па абранай спецыяльнасці; 80% не ведаюць, якімі прафесійнымі якасцямі павінен валодаць спецыяліст у гэтай галіне.
Вынікі даследавання паказалі, што традыцыйная прафарыентацыйная работа недастаткова выніковая, неабходна стварэнне сістэмы работы, накіраванай на прафактывізацыю — стварэнне ўмоў для практычнай спробы сіл у розных сферах працоўнай дзейнасці. З мэтай пашырэння ўяўленняў школьнікаў аб разнастайнасці прафесій, па якіх ажыццяўляецца навучанне ў каледжы, выяўлення прафесійных інтарэсаў і схільнасцей старшакласнікаў з навучэнцамі 8-х класаў школы № 71 Мінска была праведзена прафарыентацыйная гульня “PRO-з’ява”. Арганізатары меркавалі, што прафарыентацыйнае мерапрыемства ў нестандартнай форме актывізуе аптымістычныя адносіны старшакласнікаў да прафесійнага самавызначэння, дапаможа свядома выбраць будучую прафесію, створыць станоўчы імідж устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і павысіць прэстыж рабочых прафесій.
Гульня “PRO-з’ява” праводзілася на базе вытворчых майстэрняў МДПТК лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Адкрыла яе дырэктар каледжа Ілона Антонаўна Чак. Яна расказала школьнікам пра ўстанову, выкарыстаўшы відэапрэзентацыю “Ва ўсім імкнёмся да дасканаласці”, прысвечаную знаёмству з прафесіямі, па якіх ажыццяўляецца навучанне ў каледжы.
Інтэрактыўны пачатак гульні заінтрыгаваў удзельнікаў: неабходна было вызначыць па прадстаўленых мадэлях, хто з прафесіяналаў удзельнічаў у стварэнні вобразаў (цырульнік, візажыст, майстар па манікюры, швачка, абутнік). Вядучы прапанаваў гульцам паспрабаваць свае сілы ў кожнай з названых прафесій. Каманды атрымалі свае пуцявыя лісты, у якіх была паказана паслядоўнасць наведвання “PRO-майстэрняў”: “PRO-манікюр”; “PRO-цырульніцкае майстэрства”; “PRO-фатаграфія” ; “PRO-пашыў адзення”; “PRO-абутак”. Кіруючыся пуцявым лістом, удзельнікі гульні ў камандах па 5 чалавек па чарзе наведвалі вытворчыя майстэрні, у якіх ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў. Майстры вытворчага навучання прапаноўвалі школьнікам выканаць пэўныя аперацыі. Пры выкананні задання гульцы звярталіся па дапамогу як да майстроў вытворчага навучання, так і да іх памочнікаў — навучэнцаў каледжа. На выкананне задання ў адной майстэрні адводзілася да 30 хвілін, на кожным этапе ацэньваліся паўната выканання работы, яе якасць і творчы падыход.
У вучэбнай цырульні гульцы выконвалі пляценне з валасоў, у абутковай майстэрні асвойвалі працэс зацяжкі абутку, у швейнай рабілі закладкі для кніг, у майстэрні зборкі верху абутку збіралі чахол для флэшкі, у фотапавільёне стваралі мастацкія партрэты, у майстэрні па манікюры асвойвалі нэйл-дызайн. Кожную каманду суправаджалі фотакарэспандэнты, якія фіксавалі ход гульні.
А потым члены журы падводзілі вынікі, узнагароджваючы пераможцаў у камандным і асабістым першынстве. Пасля завяршэння гульні школьнікі абменьваліся думкамі, адказваючы на пытанні аб тым, што новага даведаліся аб прафесіях у ходзе гульні, якая PRO-майстэрня самая цікавая і чаму, ці змянілася ўяўленне аб прафесіях. Паспрабаваўшы прафесіі непасрэдна, удзельнікі гульні былі аднадушныя ў сваіх ацэнках: форма правядзення прафарыентацыі вельмі спадабалася, уяўленне аб прафесіях для сферы бытавога абслугоўвання змянілася, прывабнымі аказаліся нават складаныя прафесіі абутковай вытворчасці, а яшчэ ў кожнай з прапанаваных прафесій ёсць прастор для творчасці.
Творчая група супрацоўнікаў каледжа, якая прапанавала сцэнарый гульні “PRO-з’ява”, таксама засталася задаволенай вынікамі нестандартнай прафарыентацыі.

Наталля ШЫШКАВЕЦ,
выкладчык гісторыі МДПТК, суаўтар праекта гульні “PRO-з’ява”.
Фота аўтара.