На базе Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва прайшоў рэспубліканскі семінар для кіраўнікоў і педагогаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць інавацыйны праект “Укараненне мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў у працэсе ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай і дадатковай адукацыі, сям’і і соцыуму”. Кансультантамі праекта выступаюць метадыст упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы АПА Г.І.Дабрынеўская і прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце РІПА М.В.Ільін.
Інавацыйны праект “Укараненне мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў у працэсе ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай і дадатковай адукацыі, сям’і і соцыуму” рэалізуецца ў 11 установах агульнай сярэдняй адукацыі нашай краіны з 2016 года. Мэта праекта спачатку вызначыць і ў далейшым сфарміраваць імкненні і магчымасці школьнікаў у найбольш раннім узросце, выкарыстоўваючы пры гэтым найбольш эфектыўныя формы ўрочнай і пазаўрочнай работы. Асновай такой мадэлі з’яўляецца дыягностыка прафесійных схільнасцей, узроставых і індывідуальных асаблівасцей і патрэб навучэнцаў пачынаючы з 1-га і заканчваючы 11 класам.
У кожнай з 11 устаноў адукацыі распрацаваны свае мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў з улікам іх асабістых запытаў і магчымасцей, а таксама рэгіянальных патрэб. Распрацаваны планы практычнай рэалізацыі гэтых мадэляў, у якіх вывучаюцца існуючыя рэсурсы, наладжваецца ўзаемадзеянне школ з установамі прафесійнай і дадатковай адукацыі, з прадпрыемствамі і арганізацыямі, улічваюцца інтарэсы бацькоў навучэнцаў. Згодна з гэтым складзены праграмы супрацоўніцтва і распрацаваны ўзгодненыя графікі практычнай работы як галоўнага звяна ў дапрафесійнай падрыхтоўцы вучняў.
Акрамя таго, як у саміх установах адукацыі, так і ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі распрацаваны тэматыка і напрамкі метадычнай работы, для таго каб павысіць прафесійны ўзровень педагогаў, якія задзейнічаны ў гэтым праекце. Ужо праведзены першыя семінары і практыкумы па засваенні і мэтанакіраваным прымяненні інавацыйных падыходаў і сучасных адукацыйных тэхналогій пры ўкараненні мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі.
Усвядомленасць першага прафесійнага выбару — адна з найбольш важных умоў паспяховай прафесійнай рэалізацыі нашых дзяцей у будучыні. Для таго каб ён быў для іх сапраўды ўсвядомленым, незалежным, самастойным, адпавядаў іх прыродным даным, унутраным запытам, а не навязаным звонку, — для гэтага неабходна апераджальная і суправаджальная работа, якая спрыяла б правільнасці прафесійнага выбару школьнікаў. Як паказала практыка рэалізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі, важную ролю ў прафесійным вызначэнні адыгрываюць прафесійныя пробы навучэнцаў (азнаямленчыя і практычныя), яны, па сутнасці, сталі ўвасабленнем дапрафесійнай падрыхтоўкі. Прафесійныя пробы даюць магчымасць дзецям не толькі тэарэтычна пазнаёміцца з рознымі прафесіямі, але і практычна дакрануцца да некаторых з іх. Але не кожная ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі сёння мае неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу, кадравы склад для арганізацыі і правядзення прафесійных проб для школьнікаў. Таму найбольш аптымальным варыянтам у гэтым з’яўляецца супрацоўніцтва школы і ўстановы прафтэхадукацыі.
Калі гаварыць аб найбольш адметных кірунках рэалізацыі праекта, то за гэты час праведзены псіхолага-педагагічныя кансіліумы педагогаў, псіхолагаў, медыкаў і бацькоў з мэтай вызначэння адпаведнасці выбару і саміх магчымасцей навучэнцаў да вывучэння асобных прафесій. У школах арганізаваны профільныя класы і групы, факультатыўныя заняткі і заняткі па інтарэсах. Распрацоўваюцца праграмы і графікі правядзення прафесійных проб на базе ўстаноў ПТА і ССА, прадпрыемстваў і арганізацый.
У некаторых выпадках прафесійныя пробы навучэнцаў па некаторых прафесіях арганізаваны майстрамі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі непасрэдна ў школах (у Коханаўскай сярэдняй школе Талачынскага раёна і інш.). Ёсць вопыт, калі прафесійныя пробы на базе школ арганізоўваюць бацькі навучэнцаў, яны праходзяць па суботах і ў канікулярны час, падчас капітальных і бягучых рамонтаў у школе (сярэдняй школе № 3 Стоўбцаў і інш.).
Складаюцца банкі вучэбных і творчых заданняў прафарыентацыйнай накіраванасці. Ва ўстановах адукацыі адкрыты кансультацыйныя пункты для навучэнцаў, настаўнікаў і бацькоў па праблемах самавызначэння, усвядомленага адукацыйнага і прафесійнага выбару.
— Дапрофільная падрыхтоўка — гэта першапачатковы этап асобаснага і прафесійнага самавызначэння нашых дзяцей, — адзначыла Л.В.Дземідзенка, дырэктар сярэдняй школы № 5 Светлагорска Гомельскай вобласці. — Мэта такой падрыхтоўкі ў пэўным сэнсе апераджае мэту профільнага навучання. У дапрофільнай падрыхтоўцы мы яшчэ не задавальняем запыты і развіццё здольнасцей асобы ў якой-небудзь галіне пазнавальнай дзейнасці, а толькі выяўляем інтарэсы і схільнасці дзіцяці ў самым раннім узросце, пачынаем фарміраваць уяўленні ў нашых дзяцей аб прафесійнай дзейнасці, аб свеце прафесій і вызначаць, як кажуць, першыя парасткі іх цікавасці да той ці іншай прафесіі. Таму вельмі важнай лічу сістэмную работу ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу, іх узаемадзеянне, выразнасць і ўзгодненасць арганізацыйнай, педагагічнай, псіхолага-педагагічнай і інфармацыйнай дзейнасці па суправаджэнні навучэнцаў.
А.В.Шпілеўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 96 Мінска, расказваючы пра арганізацыю школьнага дня, заўважыла, што ў школе выкарыстоўваюцца розныя формы: дні здароўя, калектыўныя творчыя справы, бацькоўскія суботы, праектная дзейнасць, працоўны дэсант, мерапрыемствы СППС, а таксама выязныя мерапрыемствы ва ўстановы прафесійнай адукацыі, на прадпрыемствы і ў арганізацыі. Такія крокі, безумоўна, спрыяюць развіццю ў школе дапрафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў. Асаблівая ўвага ў працэсе арганізацыі работы школы ў шосты дзень удзяляецца прыцягненню вучняў і іх бацькоў да сумеснага ўдзелу ў мера-прыемствах, у тым ліку накіраваных на прафесійны выбар школьнікаў, што дазваляе ўмацоўваць супрацоўніцтва сям’і і школы, рабіць гэты выбар найбольш свядомым.
Поспех прафесійнага выбару залежыць у тым ліку ад таго, наколькі цесна наладжана ўзаемадзеянне школы з сям’ёй школьніка. Як паказвае вопыт, бацькі, якія пражываюць школьнае жыццё са сваім дзіцем і вольныя ад працы ў суботні дзень, з цікавасцю і жаданнем удзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў шостага школьнага дня. Гэта дазваляе ўбачыць сваё дзіця ў іншым, чым хатняе, асяроддзі і тым самым вызначыць нейкія невядомыя дагэтуль яго рысы.
Намеснік дырэктара Коханаўскай сярэдняй школы Талачынскага раёна І.А.Якубовіч расказала, што ў іх школе папулярнымі сталі класныя гадзіны з удзелам бацькоў, якія расказваюць школьнікам пра сваю прафесію. У дні прафесійных свят працуюць агітацыйныя брыгады, члены якіх расказваюць вучням пра розныя прафесіі. Школьнікі маюць магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі памочніка выхавальніка, важатага, і такую магчымасць можна разглядаць як прафесійную пробу. Добрай традыцыяй лічыцца правядзенне сустрэч з выпускнікамі школы, калі сённяшнія школьнікі могуць з першых вуснаў даведацца, як прафесійна адбыліся выпускнікі школы розных гадоў. Сумесна з цэнтрам занятасці створана працоўнае аб’яднанне, дзе асобам, якія дасягнулі 16 гадоў, прапаноўваюць работу з наступным завядзеннем працоўнай кніжкі і выдачай заработнай платы. Прафарыентацыйную агітацыю праводзяць таксама прадстаўнікі іншых галін: аховы здароўя, МНС, МУС. Школа заключыла дагаворы па дапрафесійнай падрыхтоўцы і правядзенні прафесійных проб з Коханаўскім прафесійным ліцэем сельскагаспадарчай вытворчасці і Аршанскім прафесійным ліцэем тэкстыльшчыкаў.
Цікава і прадукцыйна ў праекце па дапрафесійнай падрыхтоўцы працуе калектыў сярэдняй школы № 3 Вілейкі, дзе створаны віртуальны і рэальны кабінет прафарыентацыі. Гэтая работа вядзецца мэтанакіравана і дзейсна праз інтэграцыю ўрочнай, пазаўрочнай і пазашкольнай дзейнасці. У Старыцкай сярэдняй школе Капыльскага раёна выкарыстоўваюцца патэнцыяльныя магчымасці школы і раёна, асабліва для арыентацыі на прафесіі аграпрамысловага комплексу. У Юрацішкаўскім яслях-садзе — сярэдняй школе Іўеўскага раёна выкарыстоўваюцца магчымасці рэгіёна, школьнага музея, кабінета інфарматыкі і г.д. пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму і вучэбна-метадычнага кабінета раёна (распрацаваны інавацыйныя механізмы кіравання праектам, асвойваюцца інавацыйныя тэхналогіі прафарыентацыйнай работы і г.д.). У сярэдняй школе № 3 Стоўбцаў арганізаваны прафесійныя пробы навучэнцаў на некаторыя дробныя будаўнічыя работы непасрэдна ў школе, асабліва па суботах.
Педагагічны калектыў сярэдняй школы №4 Жодзіна мэтанакіравана вядзе гэтую работу ў асноўным праз супрацоўніцтва з бацькамі навучэнцаў, работнікамі МАЗа (спробы не толькі ўмацаваць кадравы склад свайго завода добрымі кадрамі, але і працягнуць сямейныя працоўныя традыцыі і дынастыі). А гімназіі Мастоў, Століна, Драгічына арганізуюць прафесійныя пробы навучэнцаў не толькі на базе вучэбных кабінетаў ўстановы адукацыі, але і праз выкарыстанне магчымасцей дадатковай адукацыі і іншых рэгіянальных магчымасцей раёна і найбліжэйшых ВНУ.
Свае напрацоўкі па арганізацыі дапрафесійнай падрыхтоўкі паказалі на семінары работнікі Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва, дзе выпрацавана гібкая сістэма ўзаемадзеяння і сацыяльнага партнёрства ліцэя і агульнаадукацыйных школ сталіцы ў прафарыентацыйным развіцці і станаўленні навучэнскай моладзі. Загадчыца аддзялення дапрафесійнай падрыхтоўкі С.І.Клішанец пазнаёміла з блочна-кальцавым метадам дапрофільнай падрыхтоўкі школьнікаў 8—9 класаў. Акрамя таго, у аддзяленні праводзяцца кансультацыі для вучняў, іх бацькоў, арганізавана метадычная работа з педагагічнымі кадрамі.
На працягу навучальнага года вучні школ знаёмяцца з рабочымі прафесіямі, праходзяць свае першыя прафесійныя пробы і імкнуцца зразумець, якая прафесія прыцягвае найбольш і самая блізкая да душы.
У аддзяленні праходзяць навучанне школьнікі з двух раёнаў Мінска: Маскоўскага і Кастрычніцкага. З Маскоўскага раёна — 479 школьнікаў, з Кастрычніцкага — 434. З упраўленнямі адукацыі, спорту і турызму адміністрацый раёнаў падпісваюцца дамовы аб супрацоўніцтве ў галіне дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, складаецца план сумеснай работы. З мэтай рэкламы прапанаваных прафесій майстры вытворчага навучання наведваюць школы, выступаюць на класных гадзінах, бацькоўскіх сходах, знаёмяць школьнікаў і іх бацькоў з арганізацыяй навучання ў ліцэі. Сумесная работа па фарміраванні кантынгенту аддзялення вядзецца з упраўленнямі адукацыі, спорту і турызму адміністрацый раёнаў і ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі на працягу ўсяго навучальнага года. Школы загадзя атрымліваюць спіс прафесій, па якіх у ліцэі можна арганізаваць дапрафесійную падрыхтоўку. Ажыццяўляецца папярэдняе камплектаванне, якое дазваляе загадзя вызначыць колькасць навучэнцаў, іх пажаданні па напрамках дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі, неабходную колькасць факультатыўных гадзін для перадачы ў аддзяленні для навучання. Ужо напрыканцы летніх канікул праводзіцца індывідуальная работа з кожнай школай па размеркаванні навучэнцаў на прафесіі і курсы дапрафесійнай падрыхтоўкі.
На сёння аддзяленне можа прапанаваць блокі прафесій для дзяўчат: грамадскае харчаванне, гандлёвая справа, садова-паркавае будаўніцтва, медыцына, для юнакоў: сталярная справа, блок электратэхнічных прафесій, аддзелачныя будаўнічыя работы.
Такім чынам, навучэнцы за навучальны год атрымліваюць уяўленне і першыя прафесійныя навыкі прыкладна па 10—14 прафесіях. Акрамя таго, для навучэнцаў 9-х класаў праводзіцца прафарыентацыйны курс “Асновы выбару прафесіі”. Яго задачай з’яўляецца выяўленне і развіццё інтарэсаў і схільнасцей дзяцей, фарміраванне ў вучняў прафесійных намераў, аказанне дапамогі з боку педагогаў у выбары далейшага навучання і атрымання прафесійнай падрыхтоўкі.
Педагогі метадычнай камісіі аддзялення дапрафесійнай падрыхтоўкі ліцэя праводзяць работу па стварэнні метадычных распрацовак урокаў, як па тэарэтычным навучанні, так і па вытворчым, а таксама дыдактычнага матэрыялу.
Практычнае азнаямленне з прафесіяй, набыццё першых прафесійных навыкаў адбываецца як на базе ліцэя, так і на базе прадпрыемстваў і арганізацый, з якімі ў пачатку навучальнага года заключаюцца дагаворы.
Згодна з загадам Міністэрства адукацыі, ліцэй быў уключаны ў праект па ўкараненні мадэляў прафесiйна-тэхнічнай адукацыі, прафесійнай падрыхтоўкі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на модульнай аснове ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі па прафесіі “Малодшая медыцынская сястра па доглядзе хворых”. У ліцэі для ажыццяўлення гэтага праекта быў адкрыты кабінет, для аснашчэння якога было закуплена спецыяльнае абсталяванне. Увогуле вучэбна-матэрыяльная база ліцэя даволі сучасная.
У гэтым навучальным годзе была абноўлена электрамантажная майстэрня, практычна створана нанава слясарна-сантэхнічная майстэрня, пастаянна ўдасканальваюцца каменная, сталярная, апрацоўчыя майстэрні.
У аддзяленні дапрафесійнай падрыхтоўкі працуюць чатыры кабінеты тэарэтычнага навучання па прафесіях кухара, малодшай медыцынскай сястры па доглядзе хворых, кветкавода, аператара ПЭВМ. Адметна тое, што калектыў ліцэя сфарміраваны з высокапрафесійных педагогаў, якім па сілах пастаўленыя задачы, у тым ліку па арганізацыі дапрафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў.Намеснік дырэктара ўстановы Н.М.Каранкевіч расказала пра мэты і місіі ўстановы, пра асноўныя напрамкі работы, пра кіраванне інавацыйнымі падыходамі да арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў ліцэі, да арганізацыі дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай прафесійнай адукацыі дарослых. Намеснік дырэктара па вытворчым навучанні ліцэя Д.Л.Зайкоўскі расказаў пра арганізацыю вытворчага навучання выхаванцаў ліцэя, пра работу майстэрань і сістэму падрыхтоўкі вучняў да рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. У заключным слове М.В.Ільін падкрэсліў спецыфіку і інавацыйна-практычную значнасць праекта і гэтага семінара для ўдзельнікаў праекта, а Г.І.Дабрынеўская агучыла сістэматызаваныя прапановы работнікаў ліцэя і ўдзельнікаў семінара па павышэнні эфектыўнасці супрацоўніцтва ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі з мэтай дасягнення высокай якасці дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі навучэнцаў.
Ала КЛЮЙКО.