Профілі ў школе павінны адкрывацца пад патрэбы эканомікі

- 9:10Навіны рэгіёнаў

Такое меркаванне выказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка падчас рабочай паездкі ў Мінскую вобласць, дзе наведаў установы адукацыі Мядзельскага раёна.

Першай стала гімназія-інтэрнат Мядзела. Дырэктар установы Ірына Азарка расказала пра арганізацыю вучэбнага працэсу, пазнаёміла з матэрыяльна-тэхнічнай базай. Міністр паглядзеў харчовы блок, спартыўную залу, медыцынскі кабінет, бібліятэку, вучэбныя кабінеты, наведаў галерэю славы гімназіі-інтэрната. Ірына Іосіфаўна адзначыла, што вялікая ўвага ўдзяляецца бяспецы навучэнцаў. Гімназія-інтэрнат Мядзела працуе кругласутачна, бо на базе ўстановы дзейнічае інтэрнат, дзе пражываюць навучэнцы, якія паступілі ва ўстанову са школ, што знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Сёлета ў гімназіі 25 такіх навучэнцаў. Міністр пазнаёміўся з умовамі іх пражывання.

У сваёй структуры навучальная ўстанова мае рэсурсныя цэнтры па хіміі, фізіцы, матэматыцы і біялогіі. На базе 10 класа працуе педагагічная група. Акрамя таго, у гімназіі дзейнічаюць міжшкольныя факультатывы па матэматыцы, рускай і англійскай мовах, фізіцы, хіміі. Сёння ў гімназіі-інтэрнаце налічваецца 159 навучэнцаў 5—11 класаў, працуе 21 педагог, з якіх 3 — настаўнікі-метады­сты. Вучэбная база ўключае 10 сучасных кабінетаў з чатырма інтэрактыўнымі дошкамі і трыма мультыбордамі, бібліятэку, майстэрні, камп’ютарны клас, лінгафонны кабінет, спартыўную залу. 43 камп’ютары аб’яднаны ў лакальную сетку.

17 навучэнцаў і 3 настаўнікі з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Настаўнік інфарматыкі настаўнік-метадыст Вячаслаў Саўчык правёў невялікую экскурсію па гімназічным музеі айчыннай вылічальнай тэхнікі (дарэчы, адзіным у краіне па гэтай тэматыцы з такой колькасцю экзэмпляраў), які знаходзіцца ў кабінеце інфарматыкі і робататэхнікі. Вячаслаў Станіслававіч актыўна развівае ў сваёй навучальнай установе робататэхніку, падрыхтаваў не адну каманду пераможцаў інжынерных конкурсаў, кубкаў па адукацыйнай робататэхніцы, рэспубліканскага конкурсу JuniorSkills.

Дзесяцікласнік Мікіта Жукоўскі з’яў­ляецца адным з паспяховых вучняў Вячаслава Станіслававіча. Нядаўна ён вярнуўся са змены ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку і падзяліўся з міністрам сваімі ўражаннямі. Таленавіты падлетак выбраў напрамак “Робататэхніка”, праходзіў навучанне ў вучэбнай лабараторыі БНТУ, спецыяльна створанай для дзіцячага тэхнапарка.

Падчас размовы з педагогамі гімназіі-інтэрната кіраўнік ведамства звярнуўся да тэмы матывацыі маладых настаўнікаў. У прыватнасці, Ігар Карпенка мяркуе, што маладому спецыялісту не трэба адпрацоўваць два гады, каб атрымаць катэгорыю. “Пачаў паказваць у працы выдатны вынік — трэба прысвойваць яму катэгорыю, гэта паслу­жыць добрым стымулам для далейшага прафесійнага росту педагога”, — адзначыў міністр.

Акрамя таго, падчас гутаркі міністр падкрэсліў, што адміністрацыя навучальных уста­ноў павінна стаць бліжэй да кожнага педагога, часцей з імі размаўляць і рэагаваць на ўсе пытанні, якія ўзнікаюць. Былі змястоўна абмеркаваны пытанні даплат настаўнікам, актыўнасці педагогаў у сацыяльных сетках, адзінай адукацыйнай платформы.

Закранаючы тэму сучасных падыходаў у арганізацыі адукацыйнага працэсу, Ігар Карпенка адзначыў: “Профілі павінны адкрывацца пад тыя спецыяльнасці, якія будуць запа­трабаваны ў эканоміцы краіны і рэгіёна, у якім знаходзіцца навучальная ўстанова. Пасля 9 класа, ідучы ў профільны клас, навучэнец павінен выразна ўсведамляць, куды ён будзе паступаць. А для гэтага ён павінен быць загадзя прафесійна сарыентаваны”.

Другім міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў Старлыгскі дзіцячы сад — сярэднюю школу імя Івана Аніські. Тут кіраўнік ведамства таксама азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, наведаў вучэбныя кабінеты і абмеркаваў з педагогамі школы арганізацыю адукацыйнага працэсу ў сельскай мясцовасці.

Дырэктар школы Святлана Тацэвіч паведаміла, што ў школе сёння 51 навучэнец, 13 выхаванцаў рознаўзроставай групы дзіцячага сада, 17 педагогаў. Дзейнічаюць 11 класаў, 11 факультатываў па розных напрамках, 3 аб’яднанні па інтарэсах. У школе шануецца памяць выпускніка воіна-інтэрнацыяналіста Івана Аніські.

Навучэнцы з’яўляюцца актыўнымі і паспяховымі ўдзельнікамі Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ. У школе вынікова працуе бізнес-кампанія “Зерне поспеху”. Навучэнцы разам з педагогамі займаюцца вырошчваннем садавіны і агародніны. Асноўная мэта бізнес-кампаніі — даць магчымасць навучэнцам атрымаць у ходзе адукацыйнага працэсу практычны вопыт у галіне прадпрымальніцтва і менеджменту, праявіць ініцыятыву і знаходлівасць у рэалізацыі практычных праектаў, бізнес-планаў.

“Пра поспех нашай працы ў гэтым напрамку сведчыць той факт, што кожны год мы вядзём нарыхтоўку агародніны для школьнай сталовай пад поўную патрэбу, што да­зваляе рабіць харчаванне больш танным. Тое, што застаецца, мы прадаём. І, напрыклад, у гэтым годзе за ўласныя грошы абнавілі фасад школы”, — заўважыла дырэктар.

Новы будынак Занарацкай сярэдняй школы адкрыўся для навучэнцаў з пачаткам ІІ чвэрці бягучага навучальнага года. Дырэктар навучальнай установы Вікторыя Кумішча расказала, што новая ўстанова разлічана на 108 месцаў (цяпер тут вучацца 100 дзяцей, працуюць 24 настаўнікі), у школе 11 класаў-камплектаў. У аднапавярховым будынку размясціліся сучасныя вучэбныя кабінеты, харчаблок са сталовай, спартыўная зала, укамплектаваны лінгафонны кабінет, камп’ютарны клас, кабінеты тэхнічнай і абслугоўвай працы, бібліятэка.

Для аказання дзецям медыцынскай дапамогі абсталяваны медыцынскі кабінет, а ў пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі выхаванцам аказваюць прафесійную дэфекталагічную і псіхалагічную дапамогу. У рэкрэацыі будынка для вучняў пачатковай школы створана спецыяльная інфармацыйная прастора “Азбука бяспекі”. Для гарантавання бяспекі навучэнцаў у холах школы, на харча­блоку і па ўсім перыметры будынка ўсталявана сі­стэма відэаназірання, таксама прадугле­джана сістэма перадачы паведамленняў аб на­дзвычайных сітуацыях “Маланка”.

На тэрыторыі навучальнай установы створаны і выдатныя магчымасці для заняткаў спортам. Тут абсталяваны некалькі гульнявых і адна спартыўная пляцоўка, а таксама пляцоўка псіхалагічнай разгрузкі і па навучанні дзяцей правілам дарожнага руху. Новы будынак школы ў Мядзельскім раёне быў пабудаваны за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Будаўніцтва абышлося ў 4,5 млн рублёў. Міністр адзначыў, што праект такой сельскай школы варты пераймання.

У Занарацкай школе прайшла сустрэча міністра адукацыі Ігара Карпенкі з педагагічнай грамадскасцю раёна. У пачатку размовы кіраўнік ведамства адзначыў, што на Мядзельшчыне знаходзіцца шэраг устаноў прамога падпарадкавання Міністэрству адукацыі, уключаючы Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, лячэбна-выхаваўчае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу ў Крывічах.

Міністр падзякаваў за паспяховую працу ва ўмовах пандэміі педагогам, якія праявілі творчыя здольнасці, ініцыятыву і прафесіяналізм пры правядзенні заняткаў у навучальных установах.

“Мы не закрывалі школы, сістэма адукацыі годна спрацавала. Прэзідэнт на VI Усебеларускім народным сходзе сказаў, што школа, як і раней, будзе выконваць функцыю не толькі навучальную, але і выхаваўчую. Пытанні сацыялізацыі дзяцей, падрыхтоўкі да выхаду ў самастойнае жыццё не вырашаюцца дыстанцыйна. Важныя асабістыя зносіны, узаемадзеянне ў сваім калектыве, вопыт старэйшага пакалення. Вядома, жыццё не стаіць на месцы, трэба ўкараняць дыстанцыйныя формы адукацыі. Але я глыбока перакананы, што гэтыя дыстанцыйныя формы ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі не заменяць паўнавартаснай класна-ўрочнай сі­стэмы.

Сёння ЮНІСЕФ цалкам прызнала неапраўданым вопыт закрыцця школ і лі­чыць, што школы павінны закрывацца ў самую апошнюю чаргу, як крайняя мера. Правёўшы глыбокі аналіз адукацыйнага працэсу ў нашай краіне ў цяперашніх умовах, мы прыйшлі да высновы, што ўсё робім правільна. Нельга нічога навязваць настаўніку. Ён творчая асоба і ведае, як разнастаіць урок, прымяніць інавацыйныя метады”, — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Міністр акцэнтаваў увагу: “Перад галіной на наступную пяцігодку пастаўлена задача завяршыць лічбавізацыю адукацыі. Прынята рашэнне на адкрытым тэндары выбраць адзіную платформу з пэўным доступам для кожнай навучальнай установы і з замацаванай адказнасцю структур, якія будуць абслугоўваць гэтыя школы. Тэхнічнае абслугоўванне павінна быць празрыстым, поўная цэнтралізацыя ў гэтых пытаннях”. Будзе працягнута работа па аснашчэнні школ мультыбордамі і 3D-прынтарамі, а кабінетаў працоўнага навучання — сучасным абсталяваннем, станкамі і нагляднымі дапаможнікамі. Школы і надалей будуць аснашчацца спартыўным інвентаром і трэнажорамі.

Адказваючы на пытанні педагогаў, кіраўнік ведамства падкрэсліў, што трэба працягваць работу над умацаваннем імі­джу педагога, пашыраць магчымасці падрыхтоўкі настаўнікаў і выхавальнікаў для сельскіх школ і дзіцячых садкоў (рыхтаваць па здвоеных спецыяльнасцях). Але галоўнымі тэмамі  размовы былі развіццё асобаснага патэнцыялу вучняў, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, прафесійная арыентацыя.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.