PROмоладзь

На Магілёўшчыне адбыўся абласны этап конкурсу “Студэнт года”. Яго ўдзельнікамі сталі лепшыя прадстаўнікі студэнцкай моладзі вобласці, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, праявілі сябе ў розных сферах дзейнасці.

Сёлетнія канкурсанты — гэта сапраўды яркія, таленавітыя, актыўныя, мэтанакіраваныя маладыя людзі. Так, прадстаўнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Сяргей Аганісян — удзельнік каманды КВЗ “Detroit”, любіць спяваць і чытаць коміксы. Яшчэ адзін канкурсант ад гэтай УВА — Дзмітрый Дабранскі — сур’ёзна захапляецца спортам, з’яўляецца байцом універсітэцкага вытворчага атрада “Маладосць”.

Вельмі рознабаковая асоба і студэнтка Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Яна Даўбенка. Яна — пераможца і ўдзельніца шматлікіх міжнародных канферэнцый, прадметных алімпіяд і мерапрыемстваў акадэміі. Дзяўчына спявае, танцуе, з’яўляецца вядучай, а таксама іграе на музычных інструментах.

Гонар Беларуска-Расійскага ўніверсітэта на конкурсе абаранялі Павел Фланчаў і Уладзімір Ушкоў. Павел — удзельнік міжнародных конкурсаў, алімпіяд, навуковых канферэнцый, уладальнік павышанай акадэмічнай стыпендыі. Уладзімір — вельмі творчая асоба, чые інтарэсы вар’іруюцца ад пісьменніцтва да танцаў. Ён актывіст БРСМ, валанцёр руху “Добрае Сэрца” і баец студэнцкага вытворчага атрада “БРУклін”. 

Прадстаўніцы Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Аляксандра Лучкова і Дар’я Францікава таксама неаднаразовыя пераможцы міжнародных алімпіяд, канферэнцый, фестываляў і конкурсаў.  

За права насіць ганаровае званне “Студэнт года” ўсім канкурсантам неабходна было справіцца са шматлікімі іспытамі. Арганізатары падбіралі заданні такім чынам, каб ацаніць усе якасці і ўменні ўдзельнікаў.

Студэнты прадстаўлялі свае візіткі, якія адлюстроўвалі іх найбольш важкія дасягненні. У конкурсе прамоўніцкага майстэрства “#Прафесіі” маладым людзям неабходна было творча прадставіць будучую прафесію. Інтэлектуальны конкурс патрабаваў праяўлення крэатыўнасці мыслення і разумовых здольнасцей. У творчым конкурсе “Моладзь PRO” трэба было раскрыць і прадэманстраваць свае таленты з дапамогай артыстызму, арыгінальнасці, творчага падыходу. Падчас выступленняў на сцэне прайшла таксама абарона праектаў конкурсу “Ідэя”. Удзельнікі агучылі шэраг дзейсных прапаноў, якія накіраваны на вырашэнне праблемных пытанняў у маладзёжным асяроддзі.

Крэатыўна прадставілі сябе ўсе сямёра канкурсантаў. Па агульных выніках студэнтам года стала Дар’я Францікава з МДУ імя А.А.Куляшова. 2-е і 3-е месца — у студэнтаў БРУ Паўла Фланчава і Уладзіміра Ушкова. Званне “Студэнт года ONLINE” атрымала прадстаўніца БДСГА Яна Даўбенка. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Магілёўскага абкама ГА “БРСМ”.