Проста космас

- 10:37Партфоліа

Як зачапіць сучаснага старшакласніка астраноміяй.

Паслухайце! Калі зоркі запальваюць — зна­чыць гэта каму-не­будзь трэба?” — гэтыя словы з верша рускага паэта У.Маякоўскага ведае кожны адукаваны чалавек. А самым “зорным” вучэбным прадметам у школе па праве была і застаецца астраномія. Менавіта астраномія з асобных ведаў аб свеце фарміруе ў свядомасці вучня цэласную карціну Сусвету. Дзякуючы гэтаму вучэбнаму прадмету, да школьнікаў прыходзіць разуменне аб тым, што ўяўляе сабой свет, што ў ім адбываецца, якія існу­юць адлегласці, што знаходзіцца за межамі нашых уяўленняў і як падрыхтавацца да сустрэчы з гэтай невядомасцю. Астраномія пашырае межы разважанняў чалавека аб сваім месцы ў Сусвеце ў тысячы і мільёны разоў.

Вучня, які валодае астранамічнымі ведамі, нельга спалохаць недакладнай, калянавуковай інфармацыяй, якая распаўсюджваецца ўсюды ў інтэрнэце, напрыклад, будучым канцом свету, непазбежнасцю сутыкнення Зямлі з буйным астэроідам або каметай, небяспечным уплывам пазаземных цывілізацый. Зыходзячы з гэтага становіцца зразумелай актуальнасць пытання: навошта сучаснаму вучню глядзець у зорнае неба і разгортваць падручнік астраноміі?

І хоць заўсёды знойдуцца ва ўстанове адукацыі дзеці, якія адчуваюць устойлівую цікавасць да вывучэння загадак космасу і нават на этапе пачатковай школы ведаюць інфармацыю аб чорных дзірках, тым не менш да заканчэння вучобы ва ўстанове адукацыі цікавасць масавага школьніка да астраноміі прыкметна падае. Прычыны такой з’явы заключаюцца не толькі ў тым, што час палёту Юрыя Гагарына даўно мінуў і сучасных дзяцей не так вабіць космас. Тыя ж папулярныя ў маладзёжным асяроддзі фільмы, напрыклад, “Інтэрстэлар”, “Марсіянін”, “Гравітацыя” і іншыя, хоць і ствараюць выпадковы штуршок цікавасці падлетка да пазнання свету, але гэтага сёння відавочна недастаткова. Цяперашнія старшакласнікі імкнуцца набываць асабліва “вузкія” веды і кампетэнцыі, неабходныя ім для паспяховай атэстацыі і далейшага паступлення ва УВА. Вельмі часта гэта прыводзіць да таго, што астраномія ва ўяўленнях дзяцей становіцца другарадным вучэбным прадметам, які варта выву­чаць толькі для таго, каб павысіць свой сярэдні бал атэстата. А светапоглядныя матывы, пошукі адказаў на пытанні “Якое маё месца ў свеце?”, “Што знаходзіцца за межамі таго месца, у якім я жыву?” адыходзяць на другі план.

Як удаецца школе юнага астранома захапіць незацікаўленых космасам дзяцей? Вялікае значэнне мела адкрыццё ў 2021 годзе на базе ліцэя смарт-цэнтра астраноміі і астрафізікі “Сірыус” Гродна. Дзеці з дапамогай спецыяльных маніпулятараў і шлема віртуальнай рэальнасці маюць магчымасць атрымаць эфект “максімальнай прысутнасці” ў космасе.

Не менш значнай прычынай зніжэння цікавасці навучэнцаў да вывучэння астраноміі стала пагаршэнне ўмоў для правядзення саміх назіранняў. Гарадскі школьнік не можа ўявіць сабе ўсю прыгажосць і чароўнасць яснага начнога неба, напоўненага зоркамі, не ўяўляе, як можна не толькі ўбачыць, але і пачуць успышку метэора. Пашырэнне вышынных забудоў вакол тэрыторый, якія прылягаюць да школ, вулічнае засвечванне ў вячэрні час, адсут­насць у арсенале настаўніка базавых астранамічных інструментаў ускладняюць умовы для пра­вя­дзення астранамічных назіранняў. Таму і памяншаецца патрэбнасць у вучня тлумачэння ўбачанага.

У ліцэі № 1 Гродна знайшлі свае адказы на пытанні аб тым, як настаўніку абудзіць цікавасць сучаснага вучня ўзнімаць галаву да неба, напоўненага зоркамі, і чаму важна захаваць энтузіязм дзяцей, захопленых астраноміяй. На працягу некалькіх гадоў у ліцэі існуе школа юнага астранома. У яе склад уваходзяць захопленыя астраноміяй настаўнікі, а таксама навучэнцы ўстановы адукацыі. Узрост нашых удзельнікаў — перыяд ранняга юнацтва. Можна вылучыць некалькі катэгорый дзяцей: захопленыя астраноміяй энтузіясты; вучні, якія імкнуцца дасягнуць поспеху ў алімпіядах; дзеці, якія адчуваюць фрагментарную цікавасць да асобных пытанняў касмічнай тэматыкі. Склад выхаванцаў школы юнага астранома штогод мяняецца ў сувязі з тым, што многія вучні з’яўляюцца навучэнцамі выпускных класаў.

У якасці сістэмаўтваральных інструментаў, якія дапамагаюць школе забяспечваць папулярнасць астранамічных ведаў у маладзёжным асяроддзі, выбраны праектная дзейнасць, вучоба і ўзаеманавучанне ў супрацоўніцтве, а таксама выкарыстанне патэнцыялу лічбавых тэхналогій.

Гэты выбар быў зроблены намі невыпадкова. Праектную дзейнасць мы разглядаем як сродак забеспячэння супрацоўніцтва, сумеснай творчасці педагога і ліцэістаў, як спосаб самавыхавання і самаразвіцця пазітыўных якасцей асобы яе ўдзельнікамі. Удзе­л у праектаванні ставіць дзяцей у пазіцыю “аўтара ўласнай адукацыйнай траекторыі”, калі падлетак выступае ў ролі не толькі выканаўцы, але і творцы, распрацоўшчыка. У такім стаўленні вельмі пераканаўчай становіцца вядомая філасофская формула: “мяняючы ўмовы, чалавек мяняе самога сябе”, гэта значыць, без знешняга прымусу ператварае сябе, свой патэнцыял.

Школа юнага астранома функцыянуе ў пазаўрочны час, у рамках мерапрыемстваў шостага школьнага дня, а таксама ў летні канікулярны перыяд. Арганізуюцца ключавыя справы, прадстаўленыя ў 3 сферах актыўнасці старшакласнікаў: 1) праектная дзейнасць і развіццё астранамічнага кругагляду; 2) падрыхтоўка да прадметных алімпіяд па астраноміі і астрафізіцы; 3) сфера астранамічнай асветы.

Як удаецца школе юнага астранома захапіць незацікаўленых космасам дзяцей? Вялікае значэнне мела адкрыццё ў 2021 годзе на базе ліцэя смарт-цэнтра астраноміі і астрафізікі “Сірыус” Гродна. Дзеці з дапамогай спецыяльных маніпулятараў і шлема віртуальнай рэальнасці маюць магчы­масць атрымаць эфект “максімальнай прысутнасці” ў космасе: узаемадзейнічаць з нябеснымі аб’ектамі, перамяшчацца, “адчуваць” на ўзроўні эмацыянальнай сферы маштабы космасу, кіра­ваць “сілавой гарматай” для абароны Зямлі ад каметна-астэроіднай небяспекі і інш.

А касмічная смарт-галерэя, якая ёсць у смарт-цэнтры, паглыбляе вучняў праз мабільны дадатак у дапоўненую рэальнасць (прагляд відэаматэрыялу, выкананне тэста). Гэта дазваляе дзецям выйсці за межы, пашы­рыць прастору вучэбнага памяшкання кабінета. Адукацыйны кантэнт смарт-галерэі ўвесь час абнаўляецца, перш за ўсё, сіламі ўдзельнікаў школы юнага астранома.

Смарт-цэнтр абсталяваны тэхнічнымі магчымасцямі для ажыццяўлення 3D-друку. Сумесная распрацоўчая дзейнасць ліцэістаў дазваляе ўзнавіць з выкарыстаннем тэхналогій 3D-друку мадэлі астэроідаў, касмічных апаратаў, макетаў паверхняў некаторых нябесных цел Сонечнай сістэмы і інш. Вядома, усе вышэй пералічаныя тэхнічныя магчымасці прыцягва­юць старшакласнікаў. Таму з хлопцаў, якія зайшлі ў школу юнага астранома выпадкова, заўсёды знойдуцца тыя, хто зразумее, што тут цікава і што сюды варта вярнуцца.

Якія формы работы з навучэнцамі школы юнага астранома? Педагагічнае ўзаемадзеянне будуецца на прынцыпе падзейнасці, праз выкарыстанне патэнцыя­лу лічбавых тэхналогій, цікавых пазнавальных лекцый, а таксама прадукцыйнага супрацоўніцтва адно ­з адным. 

Важную ролю ў рабоце школы юнага астранома адыгрыва­юць ідэі супрацоўніцтва і ўзаемнага навучання навучэнцаў. Механізмы арганізацыі такога супрацоўніцтва прадстаўлены наступнымі прыкладамі: удзел ліцэістаў у сумесных адукацыйных праектах, анлайн-урокі з разборам задач астранамічных алімпіяд, якія праводзяцца выпускнікамі школы юнага астранома мінулых гадоў для новага пакалення яе ўдзельнікаў, камандныя выязныя астранамічныя злёты і назіранні, сумеснае планаванне работы засваення вучэбнага матэрыялу і інш.

Сферы дзейнасці школы юнага астранома

Напрамкі работы

Прыклады прадуктаў дзейнасці
ліцэістаў, рэалізаваных ідэй

Праектная дзей­насць і развіццё астранамічнага кругагляду

1. Выкарыстанне тэхналогій 3D-друку для ўзнаўлення нябесных цел, касмічных апаратаў.

2. Арганізацыя і ажыццяўленне даследчых
праектаў.

3. Распрацоўка канцэпцыі праграмы па астраноміі з выкарыстаннем VR-тэхналогій і інш.

1. Касмічная галерэя 3D-друку.

2. Даследчы праект навучэнцаў “Механіка касмічных катастроф”.

3. Даследчы праект “Прылівы і адлівы” з элементамі камп’ютарнага мадэлявання і інш.

Падрыхтоўка да прадметных алімпіяд па астраноміі і астрафізіцы

1. Навучанне вучняў метадам рашэння задач па астраноміі.

2. Асваенне з навучэнцамі карты зорнага неба (работа з “нямымі” картамі, вір­туальнымі планетарыямі, задачамі-астрафатаграфіямі і інш.).

3. Арганізацыя трэнінгу, які забяспечвае бесперапыннасць падрыхтоўкі ліцэістаў да ўдзелу ў алімпіядах па астраноміі рознага ўзроўню і інш.

1. Дзеючая каманда навучэнцаў, з якой штогод вядзецца сістэмная пад­рыхтоўка да ўсіх этапаў рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі.

2. Анлайн-заняткі выпускнікоў школы юнага астранома для новага пакалення яе ўдзельнікаў.

3. Астрафізічныя агульналіцэйскія турніры і інш.

Сфера астранамічнай асветы

1. Распрацоўка адукацыйнага кантэнту для смарт-галерэй.

2. Правядзенне папулярных лекцый для навучэнцаў устаноў адукацыі Гродна і рэгіёна.

3. Арганізацыя выязных астранамічных злётаў і назіранняў.

4. Засваенне астранамічнага матэрыялу з выкарыстаннем VR-тэхналогій, тэхналогій дапоўненай рэальнасці.

5. Правядзенне навукова-папулярных сустрэч і адукацыйных экскурсій для жыхароў Гродна па пытаннях астраноміі і астрафізікі і інш.

1. Прататып смарт-галерэі (інфармацыйныя стэнды ў дапоўненай рэальнасці на паверхні арт-аб’екта).

2. Праграмы правядзення адукацыйных заняткаў для рознаўзроставай аўдыторыі слухачоў па пытаннях папулярызацыі астранамічных ведаў.

3. Тэматычны дзень астраноміі, тэматычны дзень касманаўтыкі.

4. Сустрэчы навучэнцаў з прафесіяналамі (лётчыкам-касманаўтам, аўтарам беларускага падручніка астраноміі) і інш.

Пры такім падыходзе кола зносін вучняў значна пашыраецца. Дзякуючы ўзаемадзеянню і супрацоўніцтву, кожны ўдзельнік паглыбляецца ў асяроддзе адукацыйнага ўзаемадзеяння захопленых вучэбным прадметам дзяцей і дарослых — настаўнік, выпускнікі-цьютары, “калегі”-аднагодкі. Адбываецца прадукцыйная камунікацыя, якая дае свае вынікі.

Як бачым, дзейнасць школы юнага астранома мае шматвектарны характар. Асаблівую цікавасць у ліцэістаў выклікаюць праектныя заданні, якія прадугледжваюць знаёмства з укладам вучоных — ураджэнцаў Беларусі. Разумеючы важнасць прац М.Пачобута-Адляніцкага, О.Шміта, І.Яркоўскага і іншых, старшакласнікі адчуваюць гордасць за дасягненні беларускіх навукоўцаў.

Прадстаўлены педагагічны вопыт развіцця цікавасці школьнікаў да астраноміі з’яўляецца эфектыўным. Аб яго выніковасці гавораць, перш за ўсё, значныя дасягненні вучняў у праектнай дзейнасці і алімпіядным руху. За апошнія 3 гады звыш 20 пераможцаў трэцяга этапу і 7 пераможцаў заключнага этапу. Бронзавы медаль на 14-й Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы (IOAA) у 2021 годзе ў выпускніка ліцэя Арсенiя Камарова.

Школа юнага астранома гатова да супрацоўніцтва з іншымі навучальнымі ўстановамі, а таксама шукае сацыяльных партнёраў па вырашэнні важнай задачы — уплываць на цікавасць дзяцей зай­мацца астраноміяй.

Ігар МАСЛАЎ, 
дырэктар ліцэя № 1 Гродна, настаўнік фізікі і астраноміі.