Проста вучні

На працягу снежня ў беларускіх школах праводзяцца інфармацыйныя гадзіны на тэму інклюзіі. На гэтых занятках вучні 5—7 класаў знаёмяцца з паняццем “інваліднасць”, даведваюцца аб прынцыпах інклюзіўнага асяроддзя, спосабах яго стварэння ў сценах школы. Інфармацыйныя гадзіны былі ініцыіраваны ЮНІСЕФ у Беларусі ў рамках кампаній “Проста дзеці” і “Проста дзеці ў школе”, што рэалізуюцца сумесна міністэрствамі адукацыі і аховы здароўя Беларусі пры фінансавай падтрымцы ўрада Расійскай Федэрацыі, і накіраваны на падтрымку дзяцей з інваліднасцю і іх сем’яў.

Па даных ЮНІСЕФ, у 93 мільёнаў дзяцей у свеце, якім да 15 гадоў, ёсць інваліднасць. Згодна з Канвенцыяй аб правах дзіцяці, усе дзеці маюць права на адукацыю, накіраваную на развіццё асобы, талентаў, разумовых і фізічных здольнасцей у іх самым поўным аб’ёме. Адна з ключавых мэт інфакампаніі “Проста дзеці ў школе” — змяненне стаўлення і паводзін адносна права дзяцей з інваліднасцю на якасную адукацыю і сацыяльную інклюзію. Адзін з урокаў, прысвечаных тэме інклюзіі, прайшоў днямі ў 5 класе сярэдняй школы № 111 Мінска. Навучэнцы пазнаёміліся з сацыяльнай канцэпцыяй інваліднасці, этыкай зносін з дзецьмі з інваліднасцю, пагаварылі аб праблемах, з якімі могуць сутыкацца такія дзеці ў працэсе навучання, даведаліся пра вядомых людзей з інваліднасцю, якія, нягледзячы на цяжкасці, дасягнулі поспеху. Што гэта за людзі? Гэта, напрыклад, Стывен Хокінг — англійскі фізік-тэарэтык, касмолаг і астрафізік, пісьменнік, ды­рэктар па навуковай рабоце Цэнтра тэарэтычнай касмалогіі Кембрыджскага ўніверсітэта, які перамяшчаўся ў інваліднай калясцы і выкарыстоўваў сінтэзатар маўлення для зносін. У вядомую трупу цыркавога праекта “Экстраардынарныя целы”, якія выконваюць неверагодныя акрабатычныя нумары, уваходзяць самыя розныя людзі, у тым ліку з інваліднасцю. І гэта яшчэ адзін доказ таго, што чалавек з інваліднасцю — не абавязкова слабы і нямоглы. Аляксандра Чычыкава — інклюзіўная актывістка і “Міс свету — 2017 на інваліднай калясцы”, якая зараз працуе ў ІТ-кампаніі. Сатосі Тадзіры — японскі геймдызайнер з расстройствам аўтыстычнага спектру, стваральнік серыі гульняў, мангі і серыяла “Пакемон”.

Дзеці з інваліднасцю пераадольваюць шматлікія перашкоды на шляху інтэграцыі ў грамадства: адсутнасць элементаў безбар’ернага асяроддзя (пад’ёмнікаў у школе, пандусаў, узмацняльнікаў гуку і інш.) і неабходных спецыяльных інструментаў для навучання, негатыўнае ўспрыманне інваліднасці з боку аднагодкаў і дарослых. “Аб інклюзіі дзецям трэба расказваць як мага раней, — адзначае класны кіраўнік 5 класа сярэдняй школы № 111 Мінска Аксана Макаранка. — Тое, што мы закладваем ім у гэтым узросце, уплывае на светапогляд і, адпаведна, на мадэль сацыяльных паводзін. Фарміраванне ў навучэнцаў карэктнага стаўлення да дзяцей з інваліднасцю можа стаць важным крокам на шляху стварэння грамадства, у якім кожны бу­дзе адчу­ваць сябе паўнацэнным чалавекам, які мае роўныя правы з усімі”. Падчас інфармацыйнай гадзіны навучэнцы даведаліся, як можа быць уладкаваны горад, зручны для ўсіх, і атрымалі дамашняе заданне: расказаць знаёмым пра тое, што дзеці з інваліднасцю такія ж, як і ўсе, падзяліцца думкамі пра інклюзію ў сваіх сацыяль­ных сетках, зняць відэа пра тое, як пераўтварыць школу або клас для дзяцей з рознымі патрэбамі, напісаць артыкул па тэматыцы ўрока ў школьную або гарадскую газету.

“Класныя гадзіны, якія закранаюць пытанні талерантнасці, інклюзіі, разумення і прыняцця нашых адрозненняў, лічу вельмі важнымі. Добра, калі грамадства прымае любога чалавека як роўнага і стварае яму ўмовы для развіцця і камфортнага жыцця, — гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 111 Мінска Святлана Пратасевіч. — З першых дзён работы школы мы стараемся фарміраваць ва ўсіх вучняў талерантнае стаўленне да такіх дзяцей. Але самая вялікая работа была праведзена з настаўнікамі і бацькамі. Менавіта ў дарослых ёсць бар’ер: прыняць асаблівае дзіця і паставіцца да яго як да роўнага. Дзякуючы такім інфармацыйным урокам дзеці змогуць падказаць сваім мамам і татам, як трэба дзейнічаць у сітуацыях зносін з такімі людзьмі”.

Распрацаваны метадычныя матэрыялы, накіраваныя на пераадоленне стыгмы ў дачыненні да дзяцей з інваліднасцю, павышэнне дасведчанасці вучняў і работнікаў устаноў адукацыі аб праве кожнага дзіцяці на якасную адукацыю. Матэрыялы для правядзення інфармацыйнай гадзіны на тэму інклюзіі размешчаны ў адкрытым доступе на сайце Дзіцячага фонду ААН (ЮНІ СЕФ) у Рэспубліцы Беларусь (прэзентацыя https://www.unicef.by/uploads/models/2020/12/inclussion_prezentaciya-k-uroku.pdf, памятка https://www.unicef.by/uploads/models/2020/12/pamyatka.pdf, дадатковыя матэрыялы https://www.unicef.by/uploads/models/2020/12/dopolnitelnaya-informaciya-dlya-uchiteley.pdf, план урока https://www.unicef.by/uploads/models/2020/12/plan-uroka.pdf). Яны рэкамендаваны для выкарыстання Нацыянальным інстытутам адукацыі Рэспублікі Бе­ларусь.

Як падтрымліваць зносіны з чалавекам з інваліднасцю

1. Звяртайся да самога чалавека, а не да таго, хто яго су­праваджае. Напрыклад, у хлопчыка ці дзяўчынкі ў інваліднай калясцы спытай “Як цябе завуць?”, а не ў бацькоў (“Як яго/яе завуць?”). 2. Калі чалавеку цяжка гаварыць, пачакай, пакуль ён сам закончыць фразу, не перабівай. Перапытай, калі табе нешта незразумела. 3. Калі хочаш дапамагчы, спачатку спытай, ці патрэбна дапамога, а затым, што менавіта і як зрабіць. 4. Інвалідная каляска, мыліцы, белы кій, сабака-павадыр — гэта частка асабістай прасторы чалавека з інваліднасцю. Да іх нельга дакранацца без патрэбы, нельга абапірацца або віснуць на інваліднай калясцы. Не варта гладзіць ці карміць сабаку-павадыра: ён знаходзіцца на рабоце. 5. Калі размаўляеш з чалавекам на інваліднай калясцы або чалавекам маленькага росту, сядзь так, каб вашы твары былі на адным узроўні. Так будзе лягчэй і зручней размаўляць. 6. Калі чалавек дрэнна бачыць, раскажы, як цябе завуць і хто знаходзіцца побач з табой. Калі збіраешся адысці ў бок, папярэдзь аб гэтым уголас. Калі вы разам заходзіце ў незнаёмае памяшканне, раскажы, дзе што размешчана. 7. Калі ты размаўляеш з чалавекам, які дрэнна чуе, памашы яму рукой. Глядзі яму ў вочы і гавары выразна. Кры­чаць не трэба. Калі чалавек можа чытаць па вуснах, стань так, каб цябе было добра відаць. 8. Можна гаварыць фразы накшталт “Убачымся”, “Вы чулі пра гэта…?”, “Пойдзем туды” таму, хто не можа бачыць, чуць ці хадзіць. Людзі з інваліднасцю карыстаюцца звычайнымі словамі! 9. Не задавайце шмат пытанняў аб хваробе або фізічным недахопе. Паважайце яго прыватнае жыццё. Інакш ён можа адчуць, што вам больш цікавыя яго абмежаванні, чым яго асоба. 10. Гаварыце “чалавек з інваліднасцю”, а не “інвалід”. Ведайце, што многія людзі з інваліднасцю не любяць жаргонныя, эўфемістычныя тэрміны, такія як “фізічна аслаблены” і “з абмежаванымі магчымасцямі”. Гаварыце, “чалавек, які карыстаецца каляскай”, а не “прыкаваны да каляскі”. Каляска — гэта тое, што дазваляе чалавеку перамяшчацца і ўдзельнічаць у жыцці грамадства, яна вызваляе, а не абмяжоўвае.

Надзея ЦЕРАХАВА.