Простыя адгадкі дзіўных рэчаў

Даведацца пра дзіўныя рэчы ў свеце навукі і тэхнікі можна у выставачнай зале Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа.

Колькі таямніц хавае ў сабе свет навукі і тэхнікі! Іншы раз мы нават не задумваемся, чаму адбываецца менавіта так, а не інакш. А разам з тым усяму ёсць тлумачэнне. Раскрыць гэтыя сакрэты якраз і з’яўляецца задачай пастаяннай выставы, якая працуе ў сценах каледжа.

З’ява гэтая не новая, зараз падобныя памяшканні адкрываюць нават у буйных гандлёвых цэнтрах.

— Гэта не намі прыдумана — усе рэчы недзе падмечаны, — гаворыць дырэктар каледжа Генадзь Казлоў. — Мы толькі ўвасобілі іх у сваіх сценах.

І ўсё ж ідэя выклікае пачуццё павагі і захаплення. Па-першае, каштоўна само рашэнне запоўніць памяшканне, у якім раней размяшчаўся музей энергазберажэння, (ён атрымаў новую базу) такой цікавай выставай. А па-другое, кожная рэч выраблена рукамі майстроў вытворчага навучання, выкладчыкаў і навучэнцаў. І нарэшце, што немалаважна, наведванне выставы дае магчымасць не проста разгледзець цікавыя вынаходкі, але і даведацца пра работу механізмаў, паспрабаваць іх у дзеянні. Таму можна з упэўненасцю гаварыць пра адукацыйны складнік.

Вось, напрыклад, такі экспанат, як рычаг Архімеда. Чытаем таблічку, дзе падрабязна апісваецца, што для чаго і як. Спачатку тлумачыцца, што рабіць: “Паспрабуйце падняць гіру, пацягнуўшы за вяроўку, якая размешчана бліжэй за ўсё да яе. А потым — з дапамогай астатніх вяровак, рухаючыся ўсё далей ад гіры”. Далей даецца адказ на тое, што адбываецца пры гэтых дзеяннях: “Чым далей ад гіры прывязана вяроўка, тым менш намаганняў неабходна прыкласці, пацягнуўшы за яе, каб падняць гіру”. Пасля апісваецца, чаму так адбываецца. Атрымаўшы даведку, спрабуем рычаг Архімеда на справе. І так з кожным экспанатам. Іх тут даволі шмат: эфект Струпа, плазменны шар, хвалевы шар і многія іншыя. Некаторыя, як, напрыклад, люстраная малявалка, абавязкова прымусяць вас смяяцца ад таго, наколькі непаслухмянымі становяцца вашы рукі, калі вы спрабуеце абвесці малюнак маркерам, гледзячы не на яго, а ў люстэрка. У выставачнай зале нават можна паспрабаваць сябе ў якасці хірурга. Вось вам звычайныя красоўкі з доўгімі шнуркамі. А цяпер бярыце ў абедзве рукі пласкагубцы і спрабуйце імі зашнураваць абутак.

— Гэта не так лёгка, як можа падацца адразу, але ж некаторыя дзяўчынкі ўмудраліся яшчэ і на банцік шнуркі завязваць, — расказвае майстар вытворчага навучання Дзмітрый Лапцейнік.

Дзмітрый Аляксандравіч — захавальнік усіх экспанатаў пастаяннай выставы і экскурсавод у адной асобе. Прызнаецца, што не перастае шукаць новыя рашэнні, каб папаўняць імі выставу.

Выставачная зала адкрыта не толькі для навучэнцаў аўтамеханічнага каледжа, але і іншых устаноў горада. Прыходзяць сюды на экскурсіі і школьнікі. Генадзь Казлоў жартуе, што гэта своеасаблівая прафарыентацыйная работа. Хаця не выключана, што яна дзейсная.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *