Пры рэфармаванні Падатковага кодэкса неабходна знайсці збалансаваны падыход

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы са старшынёй Савета па развіцці прадпрымальніцтва кіраўніком апарату Савета Міністраў Аляксандрам Турчыным.

“У нас павінна быць падатковая сістэма сапраўды няцяжкая. Але дзяржава павінна функцыянаваць. І другое, што абсалютна правільна і дакладна, нас крытыкуюць часам за гэта, нам патрэбны Падатковы кодэкс — зручны, просты, каб людзі разумелі яго. Але, рэфармуючы яго, каб мы ні ў той, ні ў іншы бок крэн не зрабілі. Гэта значыць, каб не зрабілі нашу падатковую сістэму празмернай, каб яна не націскала на прадпрымальніцтва. І, з іншага боку, каб мы (гэта яшчэ больш небяспечна) не агалілі дзяржаву. Нельга агаліць асноўныя напрамкі дзейнасці дзяржавы. А гэта падаткі, грошы”, — заявіў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся працэсамі, што адбываюцца ў прадпрымальніцкім асяроддзі, і работай абноўленага савета. “У сувязі з гэтым я хацеў бы ведаць, калі мы правядзём на ўзроўні прэзідэнта пасяджэнне гэтага савета. Калі вы будзеце гатовы, каб ён не быў падобны да ранейшага савета, калі яны прыходзілі і пачыналі расказваць, як яны працуюць у сябе на канкрэтным прадпрыемстве і якія ў іх праблемы, і часам папросяць нешта. Мне хацелася б ведаць, як у цэлым ідуць справы і што ў цэлым трэба для прадпрымальніцкага асяроддзя”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як расказаў Аляксандр Турчын пасля сустрэчы з прэзідэнтам, цяпер вядзецца вялікая і сістэмная работа над новай рэдакцыяй Падатковага кодэкса. “У Міністэрстве фінансаў створана рабочая група — амаль 60 чалавек. У яе ўваходзяць і прадстаўнікі Савета па развіцці прадпрымальніцтва, прадстаўнікі бізнес-супольнасці. Пасяджэнні рабочай групы праводзяцца 2—3 разы на тыдзень. Акрамя таго, ва ўрадзе пад старшынствам першага віцэ-прэм’ера створана рабочая група больш высокага ўзроўню для таго, каб тыя праблемныя пытанні, якія не вырашаюцца ў Мінфіне, мы маглі выносіць на гэты ўзровень і прымаць рашэнні”, — адзначыў ён.

“Як і было даручана прэзідэнтам, да 1 верасня 2018 года мы павінны ўнесці новую рэдакцыю Падатковага кодэкса. Ідэалогія павінна быць такая: максімальна спрасціць само падатковае адміністраванне. Але ўзровень збіральнасці і ўзровень даходаў бюджэту як мінімум павінен застацца на ранейшым узроўні”, — дадаў Аляксандр Турчын.

Як паведамлялася, у кастрычніку 2017 года Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ № 370, які прадугледжвае павышэнне ролі Савета па развіцці прадпрымальніцтва за кошт надзялення яго дадатковымі паўнамоцтвамі.

Старшыня савета Аляксандр Турчын таксама паведаміў, што на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы абмяркоўвалася і пытанне стварэння ў краіне міністэрства лічбавай эканомікі.

“Кіраўнік дзяржавы тэрміны канкрэтныя не абазначаў, але ўрад не будзе зацягваць з гэтым пытаннем. Пэўныя напрацоўкі ў нас ёсць. Створаны савет па лічбавай эканоміцы, які ўзначальвае прэм’ер-міністр. Мы ўжо абмяркоўвалі гэтае пытанне на гэтым савеце. Дзесьці праз два тыдні мы ў пашыраным складзе правядзём пасяджэнне савета, ключавой тэмай будзе стварэнне міністэрства лічбавай эканомікі”, — сказаў Аляксандр Турчын.

Гаворачы аб тэрмінах стварэння новага ведамства, ён адзначыў: “Мы ставім сабе задачу — гэты год, прычым не канец, а больш хуткімі тэмпамі да гэтага рухацца”.

Аляксандр Турчын таксама паведаміў, што Прэзідэнт Беларусі поўнасцю падтрымаў ідэю аб стварэнні новага міністэрства і даручыў ураду ўнесці адпаведную канкрэтную прапанову па гэтым пытанні — на базе чаго ствараць, якімі функцыямі будзе надзелена ведамства.