Прыдумаць і ўвасобіць

- 11:05Якасць адукацыі

На базе Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка прайшоў абласны стартап-форум, накіраваны на папулярызацыю навукова-практычнай дзейнасці сярод навучэнскай моладзі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі абкам БРСМ і аддзел па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.

— Падтрымка маладзёжных ініцыятыў і праектаў — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашай арганізацыі, — адзначыў першы сакратар абкама БРСМ Юрый Сегенюк. — У школьнікаў і студэнтаў Брэстчыны шмат цікавых ідэй і задум, вартых увасаблення. Стартап-форумы дазваляюць выявіць творчую і актыўную моладзь, дапамагчы ёй у самарэалізацыі.

Удзельнікі мерапрыемства ахвотна падзяліліся з начальнікам аддзела па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Ігарам Саюком планамі, ідэямі і пажаданнямі па арганізацыі цікавага і карыснага адпачынку. Старшыня абласнога Савета развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва Дзмітрый Пяскоў расказаў юнакам і дзяўчатам пра магчымасці, якія адкрывае Рэспубліканскі конкурс “100 ідэй для Беларусі”. Ментар спаборніцтва скіраваў увагу школьнікаў і студэнтаў на тое, што цікавасць да праектаў з боку спонсараў і паспяховае ўвасабленне гэтых праектаў залежаць ад іх якаснай падрыхтоўкі і прэзентацыі.

Удзельнікі школы маладзёжных ініцыятыў, якая дзейнічае ў Брэсцкім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, прэзентавалі шэраг сацыяльных і бізнес-праектаў, здольных зрабіць навакольны свет больш развітым і дасканалым.

На форум у якасці спікераў былі запрошаны ўдзельнікі конкурсу “100 ідэй для Беларусі” розных гадоў, якія падзяліліся вопытам удзелу ў ім і расказалі пра яго ролю ў далейшым жыцці. Так, некаторыя былыя канкурсанты маюць сёння ўласныя праекты з добрым даходам. 

Вялікую цікавасць выклікала прэзентацыя робатаў, створаных навучэнцамі школы інфармацыйных тэхналогій Брэста. Прадстаўнікі ІТ-школы MyIT правялі майстар-клас, дзе расказалі пра ІТ-спецыяльнасці і ІТ-сферу ў цэлым.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.