Прыехалі, убачылі, перамаглі!

- 10:37Адукацыйная прастора

Менавіта такімі словамі можна ахарактарызаваць удзел каманды Ходасаўскай сярэдняй школы ў VI Міжнароднай алімпіядзе “Эрудыты планеты-2016”. Чацвёрты раз наша каманда ўдзельнічае ў гэтай алімпіядзе і з кожным годам падымаецца ўсё вышэй і вышэй па турнірнай табліцы. Першы раз былі восьмымі, потым — шостымі, у 2014 годзе ў агульнакамандным заліку занялі 4-е месца. І вось доўгачаканая перамога! Ва ўсіх асабістых конкурсах навучэнцы Ходасаўскай школы занялі ўсе прызавыя месцы.

У гэтым годзе ў Маскву, у гасцінічны комплекс “Ізмайлава”, з’ехалася больш за 150 удзельнікаў, якія прадстаўлялі 25 лепшых каманд з адукацыйных устаноў Расіі, Беларусі, Эстоніі і Таджыкістана. Расію прадстаўлялі каманды з Дагестана і Стаўрапольскага краю, Нарыльска і Калінінграда, Масквы і Саратава, Арэнбурга і Валгаграда, Астрахані і Новаўральска. Усе каманды былі падзелены на 4 узроставыя групы. Каманда Ходасаўскай школы выступала ў юнацкай групе, у якой спаборнічалі 54 удзельнікі.
У расійскай сталіцы прадстаўляла Мсціслаўскі раён і Рэспубліку Беларусь каманда “Новы дзень” у складзе Вадзіма Налівайкі, Дзіяны Крупскай, Іны Валошынай, Яны Дзядковай, Марыі Зямцовай і Святланы Рыбаковай.Асноўнай мэтай правядзення алімпіяды з’яўляецца развіццё ў дзяцей творчых здольнасцей, раскрыццё інтэлектуальнага патэнцыялу і выяўленне новых талентаў. Уд зел у алімпіядзе дазваляе школьнікам з розных краін пашырыць свой кругагляд, прымяніць уласныя веды, эрудыцыю і лагічнае мысленне, праявіць уменне прымаць рашэнні ў нестандартнай сітуацыі, выпрацоўваць уменне працаваць у камандзе ва ўмовах абмежаванага часу. Візітная картка, інтэлектуальнае тэсціраванне, лагічныя і займальныя задачы, інтэлектуальнае мнагаборства і брэйн-рынг — вось асноўныя конкурсы алімпіяды.
Інтэлектуальнае тэсціраванне — гэта 60 пытанняў з розных галін ведаў: гісторыі, літаратуры, фізікі, біялогіі, мастацтва, спорту, палітыкі, геаграфіі. Гэты конкурс выявіў узровень інтэлектуальнай падрыхтоўкі ўдзельнікаў. У ім Вадзім Налівайка заняў 1 месца, Дзіяна Крупская стала другой, Марыя Зямцова заняла 3 месца.
Лагічныя задачы правяралі веданне матэматыкі, інфарматыкі, логікі, а некаторыя пытанні былі на кемлівасць. Акрамя таго, яны былі з гумарам, што дапамагло дзецям крыху разняволіцца. У гэтым конкурсе Яна Дзядкова заняла 1 месца, Іна Валошына — 2 месца, а Вадзім Налівайка стаў трэцім.
Інтэлектуальнае мнагаборства ўяўляла сабой блок заданняў па літаратуры, прыродазнаўстве, гісторыі. Кожнае заданне мела адпаведную шкалу адзнак у балах. Найбольшую колькасць балаў у гэтым конкурсе набраў Вадзім Налівайка, ён і заняў 1 месца, Дзіяна Крупская стала другой, а Іна Валошына заняла 3 месца.
І толькі ў конкурсах “Візітная картка” і “Брэйн-рынг” не трапілі ў лік прызёраў — усюды былі чацвёртымі, але гэта не перашкодзіла камандзе ўпэўнена перамагчы ў агульнакамандым заліку. З Масквы навучэнцы везлі не толькі 10 кубкаў у розных намінацыях, але і сертыфікат на 100 000 расійскіх рублёў на адпачынак у атэлі “Эдэльвейс” (Адлер).
Але не толькі спаборніцтвамі запомнілася алімпіяда. У праграме былі экскурсіі ў Маскоўскі Крэмль і сабор Васілія Блажэннага, прагулка па культурна-забаўляльным комплексе “Крэмль у Ізмайлаве”, наведванне выставы-кірмашу прадметаў выяўленчага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народных промыслаў і рамёстваў “Вернісаж у Ізмайлаве”, карабля Пятра І “Божае Прадбачанне”, кавальскага двара і вуліцы рамёстваў, кірмашу дываноў, алеі жывапісу, антыкварнага рада і ўсходняга рынку. На калядныя святы ўдзельнікі алімпіяды калядавалі ў Цэнтры садзейнічання сямейнаму выхаванню “Сонечны круг”, дзе жывуць дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. І дзеці, і дарослыя атрымалі задавальненне ад гульняў, песень, зносін — і гэта самае галоўнае.
Асаблівую ўдзячнасць выказваем былому выпускніку Ходасаўскай школы ганароваму грамадзяніну Мсціслаўскага раёна Аляксандру Мікалаевічу Кулічкову і генеральнаму дырэктару ААТ “Белхім” Таццяне Іванаўне Маталавай за дапамогу ў арганізацыі паездкі.

Аляксандр СЯМЁНАЎ,
настаўнік Ходасаўскай сярэдняй школы.