Прыемная сустрэча і каштоўны падарунак

- 11:18Навіны рэгіёнаў

Прадстаўнікі Пасольства Германіі ў Мінску на чале са спадарыняй Лютэр наведалі Дварышчанскі яслі-сад — сярэднюю школу Дзяржынскага раёна. Навучэнцы ўстановы атрымалі ўнікальную магчымасць пагутарыць з носьбітамі мовы, паглыбіць веды пра традыцыі Германіі.

— Многія выпускнікі нашай школы паступілі і паспяхова скончылі Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Настаўніца нямецкай мовы Тамара Пятроўна Дароцкая робіць шмат для падтрымання матывацыі да вывучэння нямецкай мовы. І гэтая сустрэча не выключэнне, — адзначыла дырэктар Людміла Іванаўна Сцепанкова.

Госці падзякавалі кіраўніцтву і педагагічнаму калектыву за цёплы прыём, падарылі 39 кніг для кабінета нямецкай мовы. Л.І.Сцепанкова падкрэсліла, што для ўстановы гэта велізарны гонар.

Навучэнцы школы падрыхтавалі выступленне на нямецкай мове, у якім расказалі, як вывучаюць гэтую мову, чым займаюцца ў вольны час, а таксама чыталі вершы нямецкіх паэтаў.

— Для нас гэта вялікая радасць і натхненне прымаць у школе такіх гасцей, ды яшчэ атрымаць столькі кніг на нямецкай мове, — не хаваючы захаплення, падзялілася ўражаннямі Паліна Быкоўская, навучэнка 9 класа. — Мы вельмі любім урокі нямецкай мовы, а цяпер яны стануць яшчэ больш цікавымі.

Таццяна СУЛІМА,
намеснік дырэктара
Дварышчанскага ясляў-сада — сярэдняй школы Дзяржынскага раёна.