Прыгажосць моманту

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі працуе Рэспубліканская выстава-конкурс мастацкіх праектаў “Новае ўражанне” калектываў выяўленчага мастацтва ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія маюць званні “народны”, “узорны” і “заслужаны”.

Мастацкі праект The Minsk Metropolitan Museum узорнай студыі “Крынічка” НЦМТДіМ (педагог Вольга Кашкурэвіч).

Гэта ўжо другі такі як па маштабе, так і па сутнасці (умоўна кажучы, наследаванне вялікім) праект, які ладзіць НЦМТДіМ. Нагадаем, што некалькі гадоў назад удзельнікам народных, узорных і заслужаных студый выяўленчагага мастацтва з сістэмы дадатковай адукацыі прапаноўвалася творча пераасэнсаваць творчасць нашага выбітнага земляка-мастака Казіміра Малевіча. Сёлета ж у цэнтр увагі трапіла творчасць імпрэсіяністаў. Адпаведна, была прапанавана тэматыка праектаў: “Прыгажосць моманту”, “Сіла колеру”, “Імгненнае ўражанне”, “Мой настрой” (бо вядома, што прадстаўнікі імпрэсіянізму і акцэнтавалі ўвагу ў сваёй творчасці менавіта на ўсе гэтыя рэчы). Адпаведным “імпрэсіяністычным” быў выбраны і эпіграф выставы-конкурсу — “Часам на тое, каб усвядоміць момант, патрабуецца цэлае жыццё” (выказванне аднаго з самых бліскучых імпрэсіяністаў Клода Манэ). Зрэшты, гэты самы эпіграф, можа быць, ідзе і ўразрэз наогул з творчасцю дзяцей і падлеткаў, у якіх усё жыццё яшчэ наперадзе. А з другога боку, гэта і адмысловы чэлендж для мастакоў-пачаткоўцаў у свае 10 ці 16 гадоў паспрабаваць усвядоміць момант, на што тэарэтычна, паводле Манэ, можна патраціць і цэлае жыццё.

З праекта ўзорнай студыі “Тон” Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці (педагог Людміла Дудкова).

Тым не менш гэтая тэма імгненнага ўражання, моманту прыгажосці, які трэба яшчэ знайсці, убачыць, выхапіць з рэчаіснасці і зразумець яго непаўторнасць, стала блізкай юным мастакам з устаноў дадатковай адукацыі з самых розных куткоў краіны. На конкурс было прадстаўлена 56 мастацкіх праектаў ад 43 калектываў, а ў выставачную экспазіцыю ўвайшлі 37 праектаў. Здольнасць нашых юных творцаў перанесціся ў атмасферу эпохі імпрэсі-янізму, авалодаць выяўленчай мовай імпрэсіяністаў, але пры гэтым застацца беларускімі дзецьмі і падлеткамі, якія малююць у 10-х гадах ХХІ стагоддзя, па-добраму ацанілі і арганізатары конкурсу з НЦМТДіМ (цёплымі словамі ўдзельнікаў і гасцей выставы вітала на яе адкрыцці намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ларыса Ісачкіна), і прафесійнае журы (сваё захапленне творчасцю юных беларускіх імпрэсіяністаў на вернісажы выказаў старшыня журы, вядомы мастак, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Іван Дзямідаў), і многія дзеці ды педагогі, якія сёння маюць магчымасць наведваць экскурсію па выставе “Размова з мастаком” (экспазіцыя і, адпаведна, экскурсіі будуць працаваць па 17 сакавіка).

Адна з работ праекта ўзорнай студыі выяўленчага мастацтва Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі (педагог Ларыса Здор).

“Нават цяжка сказаць, хто даўся для пераасэнсавання цяжэй ці лягчэй нашым юным мастакам — Малевіч або імпрэсіяністы, — гаворыць загадчык сектара выставачнай работы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Святлана Скварнюк. — Здаецца, і тады, і цяпер ім вельмі цікава. Можа быць, хіба што імпрэсіяністы ў адрозненне ад Малевіча ўсё-такі больш блізкія дзецям і па сваёй пэўнай наіўнасці ўспрымання свету, і па сваіх яркіх колерах. А яшчэ мы, безумоўна, шукалі хоць маленечкую юбілейную нагоду. Сёлета вясной якраз спаўняецца 145 гадоў са дня адкрыцця першай выставы знакамітых французскіх імпрэсіяністаў. Але мы не зацыкліваліся толькі на іх. Мы прапаноўвалі ўдзельнікам конкурсу пазнаёміцца з творчасцю і беларуска-польскага імпрэсіяніста Станіслава Жукоўскага, і прадстаўнікоў рускага імпрэсіянізму Канстанціна Каровіна, Ісаака Левітана, Валянціна Сярова ды іншых. І сёння відавочна, што дзеці пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў сапраўды вельмі адказна рыхтаваліся да конкурсу, вывучалі гісторыю мастацтва і шукалі цікавыя і сучасныя канцэптуальныя рашэнні конкурсных праектаў. Чаго толькі варты, напрыклад, мастацкі праект The Minsk Metropolitan Museum узорнай студыі “Крынічка” НЦМТДіМ (педагог Вольга Кашкурэвіч), калі дзеці малявалі ў колеравым руху станцыі мінскага метро! А хтосьці, як, напрыклад, удзельнікі ўзорнай студыі “Тон” Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці (педагог Людміла Дудкова), зрабілі акцэнт у сваім праекце на партрэце, дакладней, на імпрэсіяністычным аўтапартрэце. У некаторых праектах, напрыклад, узорнай студыі выяўленчага мастацтва Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі (педагог Ларыса Здор), прасочваецца адсылка да творчасці канкрэтнага мастака-імпрэсіяніста, у гэтым выпадку Эдгара Дэга. Як вядома, Дэга вельмі любіў звяртацца ў сваёй творчасці да тэмы балета і тэмы коней — вось і юныя віцебскія мастакі паспрабавалі па-свойму ўвасобіць менавіта гэтыя тэмы. Прадстаўлены праекты, прысвечаныя снегірам, букетам, гарадскім вуліцам і іншым тэмам. Усе мастацкія праекты вельмі розныя. І тут ёсць шырокая прастора для дыскусіі як пра гэтыя канкрэтныя прадстаўленыя сёлета мастацкія праекты, так і пра далейшы рух праектнай дзейнасці студый выяўленчага мастацтва наогул”.

Якраз такая маштабная дыскусія і адбудзецца 12 сакавіка ў рамках пасяджэння рэспубліканскага метадычнага аб’яднання педагагічных работнікаў калектываў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога кірунку “Творчая і праектная дзейнасць народнай (узорнай) студыі ў сучаснай адукацыйнай прасторы”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.