Прыгажосць па-за часам

- 12:15Навіны рэгіёнаў

Самая прыгожая дзяўчына Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы вучыцца на педагагічным факультэце. У ГрДУ 20-ы раз выбіралі студэнтку-прыгажуню. Першы конкурс “Міс універсітэт” адбыўся яшчэ ў мінулым стагоддзі.

У 2010 годзе з’явіўся яшчэ адзін конкурс — “Містар універсітэт”. Праз пяць гадоў два святы аб’ядналі, і вось ужо пяты раз універсітэт разам выбіраў самых прыгожых, творчых, спартыўных і крэатыўных маладых людзей.

— Рашэнне аб’яднаць конкурсы было правільным. Атрымалася сапраўднае свята мужнасці, прыгажосці, любові і гармоніі, — такімі словамі вітала ўдзельнікаў і гледачоў свята рэктар ГрДУ Ірына Кітурка.

Тры месяцы рыхтаваліся ўдзельнікі конкурсу “Міс і містар універсітэт — 2019” да шоу. І яно атрымалася. Пачалося спаборніцтва з урачыстага выхаду дзевяці хлопцаў і дзевяці дзяўчат. Асаблівасцю гэтага выхаду, які называўся “Гарадзеншчына… Мой лёс… Мая Радзіма”, былі ўборы дзяўчат. Па задумцы ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю і пры непасрэдным увасабленні мастака па тканінах Алены Дзянісік былі пашыты сукенкі з выявамі архітэктурных славутасцей Гарадзеншчыны.

Удзельнікі свята выступалі ў парах, ствараючы агульны творчы нумар. Пры прадстаўленні сябе маладыя людзі абавязкова расказвалі пра сваю малую радзіму і сваю будучую прафесію. Былі і два агульныя выхады ўсіх удзельнікаў — з беларускім танцам і спартыўны.

Перад конкурсам сваіх фаварытаў студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта выбіралі праз інтэрнэт-галасаванне. Усяго было пададзена звыш пяці тысяч галасоў. З вынікам 428 галасоў званне “Містар інтэрнэт” атрымаў студэнт юрыдычнага факультэта Глеб Кадзянцоў, а званне “Міс інтэрнэт” заваявала студэнтка педагагічнага факультэта Таццяна Шчэрбач, за якую прагаласавалі 583 чалавекі. Інтэрнэт-галасаванне супала з меркаваннем журы. Таццяна і Глеб атрымалі галоўныя ганаровыя званні і ў дадатак да гэтага цыліндр для містара і дыядэму для міс, а таксама грашовыя прэміі ў памеры 500 рублёў.

У гэты вечар было агучана яшчэ шмат званняў і ўручана шмат падарункаў: студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Марыя Жук стала ўладальніцай тытула “Каралева вясна ГрДУ — 2019”. Яна прадставіць універсітэт на гарадскім конкурсе “Каралева вясна”. Журы вызначыла і самую творчую пару. Ёй сталі студэнт факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Вадзім Сачко і Марыя Жук. Студэнты юрыдычнага факультэта Раўшэн Султанаў і Вікторыя Рацьковіч атрымалі тытулы “Містар фота” і “Міс фота”.

Удзельнікі конкурсу вызначылі і сваіх пераможцаў — “Міс сяброўства” стала магістрантка факультэта фізічнай культуры Алеся Лозка, а “Містарам лідарам” —  студэнт інжынерна-будаўнічага факультэта Арцём Болтуць.

 Пакуль журы вызначалася, свае вынікі падвялі і гледачы. Яны абралі “Міс глядацкіх сімпатый” Алесю Лозка і “Містара глядацкіх сімпатый” студэнта факультэта фізічнай культуры Данііла Аляшкевіча. Дарэчы, у 2010 годзе старэйшы брат Данііла Аляксандр Аляшкевіч, таксама студэнт факультэта фізічнай культуры, стаў пераможцам конкурсу. І на сцэне з’явіліся не толькі Аляксандр, але і іншыя пераможцы конкурсаў розных гадоў. Яны расказалі пра сваё жыццё і пра тое, што даў ім удзел ва ўніверсітэцкім спаборніцтве грацыі, элегантнасці і артыстычнага майстэрства. Вось толькі некалькі фактаў. За 20 гадоў удзельнікамі конкурсу былі каля 400 студэнтаў. Дзяўчаты са званнем “Міс універсітэт” на працягу апошніх гадоў станавіліся пераможцамі гарадскога конкурсу прыгажосці, а таксама вынікова ўдзельнічалі ў конкурсе “Міс Беларусь”, міжнародных конкурсах прыгажосці.

А ўпэўненасці ў такой добрай традыцыі і ў тым, што свята не спыняецца, надаў выхад на сцэну пераможцаў конкурсу… 2030 года. Маленькія дзяўчынка і хлопчык перакінулі праз дзесяцігоддзе стужачку надзеі, што прыгажосць, талент і актыўнасць — па-за часам.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.