Праблемы выхавання дзяцей не ўзнікаюць раптам і ніадкуль. Яны абумоўлены непасрэднай жыццёвай сітуацыяй, бытам, соцыумам. Для выхавання падрастаючага пакалення ў цяперашні час ёсць неабходнасць выкарыстання традыцый праваслаўнай культуры.
У нашай маленькай вясковай школе — садзе склалася сістэма духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў на аснове праваслаўнай культуры: на дашкольнай ступені ў гуртку “Урокі дабрыні” займаюцца ўсе выхаванцы 4—5 гадоў, з 2005 года арганізаваны факультатыўныя заняткі для старшых школьнікаў “Асновы праваслаўнай маральнасці”, для малодшых школьнікаў — “Асновы праваслаўнай культуры”. Сталі традыцыйнымі сумесныя мерапрыемствы з прадстаўнікамі духавенства, бацькамі, вучнямі і выхаванцамі.
Вось і 13 мая Свята-Нікольскім кафедральным саборам Навагрудка была арганізавана паломніцкая паездка для бацькоў, навучэнцаў і выхаванцаў школы. Свой маршрут выхаванцы дзіцячага сада, навучэнцы і іх бацькі пачалі з наведвання духоўнага сэрца нашай Беларусі — Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, дзе пазнаёміліся з гісторыяй мясціны, наведалі святую крыніцу.
Затым адправіліся ў в.Шылавічы, дзе наведалі храм у гонар Казанскай іконы Божай Маці. Настаяцель храма айцец Вадзім пазнаёміў з гісторыяй храма, паказаў унікальнае месца каля вёскі, дзе з зямлі расце крыж.
Велізарнае ўражанне на ўсіх удзельнікаў паездкі зрабіла наведванне Спаса-Праабражэнскага кафедральнага сабора Слоніма, дзе айцец Сергій расказаў пра гісторыю сабора, абразы і прапанаваў падняцца на званіцу. Тут кожны меў магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі званара.
Вольга ЧАМЯРОЎСКАЯ,
настаўніца факультатыўных заняткаў “Асновы праваслаўнай культуры”
Ладзеніцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.