Прыгажосць як прафесія

- 13:17Адукацыйная прастора, Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Некалькі дзён назад у Мінскім дзяржаўным прафесійна-­тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва было надзвычай горача — не толькі ад нагрэтых плоек, шчыпцоў і паветра, што выдзімаюць фены, але і ад напружанага супрацьстаяння юных прафесіяналаў.

У каледжы прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства па спецыяльнасцях “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”, “Фатаграфія”.

“Мы так засумавалі без конкурсаў!” — гэтую думку выказваў ледзь не кожны прадстаўнік каманд. За некалькі гадоў, што мы жылі ва ўмовах пандэміі, большасць конкурсаў прафмайстэрства не праводзілася. Некаторыя конкурсы перайшлі ў анлайн-фармат, аднак тыя, хто паспрабаваў, што такое стаяць поплеч з сапернікам на конкурснай пляцоўцы, перакананы, што гэтыя рэчы нельга нават параўноўваць. Таму атмасфера на конкурсных пляцоўках была ўзрушаная і святочная, мерапрыемства нагадвала сустрэчу добрых сяброў, якія даўно не бачыліся, нягледзячы на супрацьстаянне канкурсантаў. 

Конкурс ініцыіраваны, арганізаваны і праведзены Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжам лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Да ўдзелу запрасілі прадстаўнікоў устаноў адукацыі краіны, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку па спецыяльнасцях “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”, “Фатаграфія”. Адгукнуліся калегі з розных рэгіёнаў Беларусі, і мерапрыемства выйшла на рэспубліканскі ўзровень.

— Гэты конкурс праводзім упершыню. Увогуле, прафесійныя конкурсы для нашай установы — гэта звычайная практыка, аднак мерапрыемства рэспубліканскага ўзроўню арганізавалі першы раз. І вельмі прыемна, што яно атрымалася маштабным і статусным, — расказвае Наталля Уладзіміраўна Ярмак, намеснік дырэктара МДПТК лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва.

І сапраўды, атрымалася маштабна — каля 150 удзельнікаў з устаноў адукацыі сталіцы, Брэста, Гродна і Віцебска. Самая вялікая дэлегацыя прыехала з Гродна — 40 чалавек. 

— У нас было вельмі многа жадаючых, нават 40 чалавек адабраць было складана, мы імкнуліся пайсці ўсім насустрач. У нашым каледжы мы імкнёмся падтрымліваць ініцыятыўнасць. Калі навучэнец хоча паспрабаваць сябе ў нечым новым, нельга патушыць яго іскрынку жадання і цікаўнасці! Таму нашы навучэнцы заўсёды ўдзельнічаюць ва ўсіх магчымых актыўнасцях у родным Гродне і ў рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах, — расказвае Алена Мацюк, майстар вытворчага навучання Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Конкурс праводзіўся па намінацыях “Жаночая салонная стрыжка з укладкай”, “Жаночая ўрачыстая ўкладка на доўгіх валасах”, “Жаночая афарбоўка валасоў у адзін тон”, “Накрутка валасоў на каклюшкі”, “Вячэрняя прычоска на доўгіх валасах”, “Мужчынская салонная стрыжка з укладкай”, “Салонны манікюр”, “Аўтарскі нэйл-дызайн”, “Фотагульня на зададзеную тэму”. У кожнай намінацыі па выніках выканання конкурсных работ вызначаліся пераможцы і лаўрэаты ў асабістым і камандным першынстве.

Адметнасць конкурсу ў тым, што да ўдзелу запрашаліся пачынаючыя майстры. Канкурсанты выконваюць тыя віды работ, што кожны выконвае падчас вучэбных заняткаў,   запатрабаваныя ў  штодзённым жыцці супрацоўніка любога салона прыгажосці. Заданні не выходзілі за рамкі звычайнай праграмы навучання. Таму ўзяць удзел у конкурсе мог літаральна кожны.  

Давайце зазірнём у майстэрні, дзе юныя майстры скрыжавалі нажніцы і фотааб’ектывы. У майстэрні, дзе праходзілі спаборніцтвы ў намінацыі “Вячэрняя прычоска на доўгіх валасах” ужо ціха — канкурсанты скончылі работу і цяпер тут маўкліва асляпляюць прыгажосцю цырульніцкія манекены. Завітыя локаны сабраны ў мноства прыгожых варыяцый. 

— Работы ў намінацыі моцныя, хоць і адчувалася хваляванне, — расказвае ўдзельніца журы выкладчык МДПТК лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва Марына Басалыга. — Канкурсанты прымянялі розныя элементы — хвалі, рэбры, жгуты, валікі, па-рознаму іх камбінавалі, выкарыстоўвалі ўпрыгажэнні. Важна, каб створаная прычоска была не толькі прыгожай, але і добра насілася. Увогуле, сёння адзначаецца тэндэнцыя да стварэння дынамічных прычосак, якія не перашкаджаюць быць актыўным. Ну і, канечне, гарманічнасць прычоскі актуальная заўсёды. На гэта звяртае ўвагу журы. 

Пад акампанемент стракатання нажніц і гул фенаў праходзіць спаборніцтва ў намінацыі “Жаночая салонная стрыжка з укладкай” . І тут працуюць не з манекенамі, а з сапраўднымі мадэлямі. Кожнаму кліенту юныя майстры падбіраюць стрыжку. Строгае журы ацэньвае не толькі канчатковы вынік — прыгажосць, форму, якасць выканання стрыжкі, ці пасуе яна кліенту, а таксама і выкананне санітарных норм і тэхнікі бяспекі падчас работы. 

— Многім трэба яшчэ вучыцца, бачны пачынаючыя майстры, але ёсць і ўдзельнікі, якія вельмі добра працуюць. Высокі ўзровень падрыхтоўкі відаць па тэхніцы выканання стрыжкі, па прыёмах трымання інструментаў і па ўпэўненасці дзеянняў, — адзначае член журы Вольга Іванаўна Уласевіч, выкладчыца Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа.   

Застаць на месцы ўдзельнікаў-фатографаў увогуле немагчыма. Яны за натхненнем і крэатыўнымі фотаздымкамі адправіліся ў горад. Спаборніцтвы праходзілі ў фармаце фотагульні — канкурсанты атрымалі тры аднолькавыя тэмы і павінны былі за 4 гадзіны іх раскрыць. Тэмы былі такія:  “Адлюстраванне”, “Геаметрыя горада”, “Пачатак лета”. 

— Такі фармат заўсёды цікавы і нечаканы, бо ў фотагульні тыя, хто мае невялікі вопыт, можа вырваць перамогу ў больш вопытных таварышаў.   Дарэчы, адна з нашых канкурсантак не вучыцца па прафесіі, звязанай з фатаграфіяй, яна будучы цырульнік, а фотаздымкі — яе хобі, — расказвае Вольга Сяргееўна Панфіленка, майстар вытворчага навучання МДПТК лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва, член журы. — Ацэньваючы фотаработы, будзем глядзець на адпаведнасць тэме, якасць выканання, крэатыўнасць, мастацкасць і нестандартныя віды здымак. Пераканана, што канкурсанты змогуць нас здзівіць.

Конкурс прафмайстэрства — гэта не проста вызначэнне лепшых. Гэта работа дзеля развіцця ўсёй індустрыі прыгажосці. 

— Конкурсы даюць цудоўныя магчымасці для стварэння і развіцця экспертнай супольнасці, супрацоўніцтва майстроў міжнароднага класа, прафесіяналаў, якія з задавальненнем перадаюць свой вопыт моладзі, дапамагаюць ацэньваць канкурсантаў, рыхтаваць іх да ўдзелу ў фестывалях і чэмпіянатах, —  расказвае Наталля Аляксандраўна Крылова, загадчык аддзялення “Цырульніцкае мастацтва” МДПТК лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва, нацыянальны эксперт WorldSkills па кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва”. — Сёння ў нас на конкурсных пляцоўках у якасці членаў журы працуюць унікальныя прафесіяналы — удзельнікі і пераможцы міжнародных конкурсаў, члены сусветнай арганізацыі цырульнікаў, нацыянальныя эксперты WorldSkills, сертыфікаваныя суддзі міжнародных чэмпіянатаў. Сярод іх — удзельнікі чэмпіянату свету, чэмпіянату Еўропы, пераможцы міжнародных фестываляў. Гэта вельмі важна для галіны, што такія спецыялісты ў нас ёсць. Мы ўсе працуем дзеля адзінай мэты — каб нашы цырульнікі, візажысты, майстры пазногцевага сэрвісу — адным словам, спецыялісты індустрыі прыгажосці, выйгрышна глядзеліся не толькі на сваім рабочым месцы, абслугоўваючы кліентаў, але і на міжнароднай арэне.

 

***

Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва рыхтуе кадры для індустрыі прыгажосці ўжо больш за 60 гадоў. З яго выпускнікамі мы кожны дзень сустракаемся ў фотаатэлье і цырульні, у абутковай майстэрні і ў швейным атэлье. Выпускнікі, а іх больш за 17 тысяч, працуюць на прадпрыемствах лёгкай прамысловасці і ў арганізацыях бытавога абслугоўвання Мінска і іншых рэгіёнаў краіны. Многія з іх сталі арганізатарамі вытворчасці, майстрамі, мадэльерамі, прадпрымальнікамі і проста цудоўнымі работнікамі. 

Сёння ў каледжы навучанне ажыццяўляецца на дзвюх ступенях. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі можна ў гэтым годзе атрымаць кваліфікацыі швачкі, цырульніка, майстра па педыкюры і манікюры, візажыста, зборшчыка абутку, рэкламнага агента. Прычым навучэнцы могуць атрымаць дзве кваліфікацыі, што пашырае іх запатрабаванасць на рынку працы. На аснове атрыманай прафесійна-тэхнічнай адукацыі можна прадоўжыць навучанне і атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”. 

У гэтым годзе плануецца набраць 276 навучэнцаў, з іх 60 — на аснове агульнай сярэдняй адукацыі. Усяго ва ўстанове больш за 800 навучэнцаў.

У каледжы створана максімальна спрыяльнае для прафесійнага развіцця асяроддзе. Для навучання розным прафесіям ёсць добра аснашчаныя кабінеты і майстэрні. Напрыклад, будучыя цырульнікі могуць адточваць навыкі ў дзвюх вучэбных цырульнях. Адна знаходзіцца ў вучэбным корпусе, а другая — непадалёк. Тут навучэнцы адпрацоўваюць свае ўменні на сапраўдных кліентах. 

Навучанне не абмяжоўваецца толькі сценамі ўстановы: выставы, кірмашы, гарадскія і рэспубліканскія семінары, конкурсы, прэзентацыі, канферэнцыі — гэта складнікі штодзённага жыцця кожнага вучня і супрацоўніка каледжа.

У каледжы працуе зладжаны, таленавіты калектыў. І гэта галоўны сакрэт паспяховай работы. Педагагічны калектыў  імкнецца да дасканаласці ва ўсім. Супрацоўнікі ўстановы — прафесіяналы, захопленыя справай, якія валодаюць інавацыйнымі методыкамі і заўсёды знаходзяцца ў пошуку новага.  

У навучэнцаў ёсць магчымасць вучыцца ў людзей, чый найвышэйшы ўзровень прафесіяналізму пацверджаны на міжнародным узроўні. Так, напрыклад, майстры вытворчага навучання Алеся Сяргееўна Ганчарык, Арсеній Вітальевіч Гарнастай, Ірына Юр’еўна Матуліс — удзельнікі і пераможцы шматлікіх конкурсаў прафмайстэрства па цырульніцкай справе. Арсеній Вітальевіч літаральна некалькі тыдняў назад вярнуўся з Екацярынбурга, дзе перамог у міжнародным праекце “Залатыя рукі”.

Дзякуючы такой падрыхтоўцы, навучэнцы каледжа дасягаюць прафесійных поспехаў не толькі пасля выпуску, але і падчас навучання, удзельнічаючы ў розных конкурсах. Так, Настасся Станкевіч стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus у 2020 годзе і ўвайшла ў склад нацыянальнай зборнай.  

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.