Прыгоды “турысцят”

- 11:18Навіны рэгіёнаў

Паходы і турзлёты пакідаюць незабыўныя ўражанні на доўгія гады. Чым раней чалавек пачне сваё турыстычнае жыццё, тым больш назбірае гэтых уражанняў. Маленькім жыхарам Любаншчыны асабліва пашанцавала, бо для іх турыстычныя падзеі пачаліся яшчэ ў дашкольным узросце: у раёне прайшоў турзлёт для самых маленькіх.

Турзлёты для дашкольнікаў на Любаншчыне пачалі праводзіць чатыры гады назад. Мерапрыемствы атрымліваюцца настолькі цікавымі і яркімі, што з’яўляецца жаданне іх працягваць зноў і зноў.

— Правядзеннем турыстычнага злёту мы стараемся вырашыць розныя задачы, — падзялілася меркаваннем Алена Віктараўна Кандраценя, галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Любанскага райвыканкама. — У першую чаргу гэта дзейсны сродак весела і ненадакучліва прывіваць дзецям любоў да спорту і здаровага ладу жыцця. Акрамя таго, гэта цудоўны сямейны адпачынак, які яднае дзяцей і дарослых, а таксама дае магчымасць педагогам праявіць сваё майстэрства і творчасць пры арганізацыі мерапрыемства.

Ідэю ўпадабалі не толькі на Любаншчыне. Калі арганізатары прапанавалі далучыцца да турзлётаў удзельнікам з суседніх раёнаў, тыя з задавальненнем згадзіліся. Так, сёлета на турзлёт прыехалі таксама каманды са Случчыны і Старадарожчыны. Гасцей вітаў аздараўленчы лагер “Арэса”.

У склад каманд, якія прадстаўлялі тры раёны, уваходзілі па 10 удзельнікаў: тры хлопчыкі, столькі ж дзяўчынак і чацвёра бацькоў. На старт спаборніцтваў выйшлі каманды “Кеды”, “Юныя турысцяты” і “Суперпчолкі”.

Удзельнікаў чакала некалькі спартыўных і творчых выпрабаванняў. Кожная каманда падрыхтавала дамашняя заданне — музычны нумар на турыстычную тэматыку. Гэты конкурс быў настолькі ж вясёлым і непасрэдным, як і яго маленькія артыстычныя ўдзельнікі, якія з задавальненнем спявалі, танцавалі і разыгрывалі сцэнкі. Правяралася таксама ўменне рыхтавацца да паходу і паводзіць сябе ў ім — дзеці збіралі турыстычны рукзак, выбіраючы патрэбныя для падарожжа рэчы, а таксама раскладвалі вогнішча (калі дакладней, то складалі дровы). Самым захапляльным было праходжанне турыстычнага маршруту, падчас якога неабходна было выканаць заданні “Пераправа” і “Пошук”: пераадолець перашкоды і пры дапамозе карты і компаса адшукаць у лесе часткі пазла. Завяршэннем мерапрыемства стаў сапраўдны абед турыста — каша з тушонкай.

Пераможцамі турзлёту сталі ўсе каманды, і ўсе дзеці атрымалі граматы і салодкія прызы. А самае галоўнае, кожны маленькі ўдзельнік змог адчуць сябе турыстам і атрымаць ад гэтага задавальненне.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена ўпраўленнем па адукацыі,
спорце і турызме Любанскага райвыканкама.