Прыгожа, сучасна, натхняльна

- 10:05Культура

Днямi ў сталiцы стартаваў маштабны арт-фестываль выяўленчага мастацтва, які аб’яднаў адразу тры выставачныя праекты: Міжнародны фестываль мастацтваў “Арт-Мінск-2020”, І Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў Vivat Vita і праект “Графіка года”. Амаль што адначасова шэсць выставачных пляцовак сталіцы знаёмяць з разнастайнасцю мастацкіх напрамкаў у творчасці звыш 400 аўтараў Беларусі, Эстонii i Славакii.

— Наш арт-фестываль — гэта значная культурная падзея для краіны. У адным фэсце мы аб’ядналi тры праекты, ператварыўшы Мінск у яркую і сучасную галерэю, наведаць якую можна будзе на працягу месяца да 16 снежня, — падкрэсліла першы намеснiк старшынi Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговiч. — Вядома, мы не змаглi б размясцiць усе работы нашых мастакоў у адным месцы, таму пляцоўка фестывалю не толькi Палац мастацтваў, а i Нацыянальная бiблiятэка, галерэі “Мастацтва” і “Беларт”, мастацкая галерэя твораў Леа­ніда Шчамялёва і выставачная зала імя Андрэя Бембеля. Усюды можна пабачыць шмат яркіх, нечаканых работ, якія прымушаюць задумацца, бо мастакі пачалі адчуваць вастрэй і бачыць новыя тэмы і фарматы.

Так, у галерэі “Беларт” паказаны зрэз беларускага пейзажу ў работах мастакоў розных пакаленняў у праекце “Сузіранне цішыні”, а ў галерэі “Мастацтва” праходзіць выстава “Край святла”, прысвечаная творчасцi Сяргея Цiмохава. У мастацкай галерэi твораў Леанiда Шчамялёва мiнчане могуць пазнаёмiцца з творчасцю Iвана Мiско, Васiля Шаранговiча, Льва Гумiлеўскага, Уладзiмiра Тоўсцiка i самога Леанiда Шчамялёва. “Гэта экспазіцыя — даніна павагі нашым патрыярхам, бо гэта людзі, якія стварылі тую глебу, на якой зараз займаюцца творчасцю маладыя ма­стакі”, — дадала Н.Шаранговіч.

Выстава станковай скульптуры i малюнкаў Анатоля Арцiмовiча “ХХI стагоддзе” чакае сваiх наведвальнiкаў у выставачнай зале iмя Андрэя Бембеля. Праект “Сiбiрская гарачка” ад мастакоў са Славакii дэманструецца ў галерэi “Арт-Беларусь”, а творчасць эстонскiх мастакоў прадстаўлена ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi, дзе таксама можна наведаць лiтаратурна-мастацкi праект “Княства вобразаў i слоў”, прысвечаны
90-годдзю Уладзiмiра Караткевiча.

Першае трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Vivat Vita паказвае лепшыя творы майстроў, якія з’яўляюцца членамі Беларускага саюза мастакоў. “Мы былі крыху насцярожаны, як успрыме гэты праект публіка. Асцярогі былі дарэмныя. Мы бачым, што жыццё ў любым выпадку пераможа любыя нягоды і перафармацiруе нас, дазволiўшы выйсцi на новы ўзровень, — расказаў намеснік старшыні па творчых і агульных пытаннях Беларускага саюза мастакоў Андрэй Басалыга. — Другi праект — “Графiка года” — праходзiць у нас ужо чацвёрты раз. Ён прадстаўляе творы, якія створаны менавіта ў гэтым годзе. Беларуская графіка не стаіць на месцы: яна развіваецца, з’яўляюцца новыя імёны і стылі, праводзяцца цікавыя эксперыменты. На праект звярнулі ўвагу не толькі непасрэдна мастакі-графікі, але і жывапісцы, і скульптары”.

Дарэчы, Беларускі саюз мастакоў сёлета планаваў правесці VII Беларускую біенале жывапісу, графікі і скульптуры. Аднак арганізатары прынялі рашэнне пашырыць рамкі праекта і перафармаціраваць яго ў трыенале, якое будзе праходзіць раз на тры гады.

— Яшчэ нам вельмi хочацца, каб не засталiся ўбаку мастацтвазнаўцы, бо важна не толькi паказваць мастацтва, а i абмяркоўваць яго. Таму што мастацтва патрабуе дыскусіі, і мы хочам, пачынаючы з гэтага фестывалю, увесці традыцыю круглых сталоў з удзелам вядучых мастацтвазнаўцаў. Спадзяюся, што сёлетняя дыскусiя атрымаецца вострай, бо ёсць пра што паспрачацца, — сказала першы намеснiк старшынi Беларускага саюза мастакоў.

Акрамя таго, Наталля Шаранговіч паведаміла, што ў межах трыенале пачнецца праект “Настаўнікі. Равеснікі. Вучні” мастацтвазнаўца Таццяны Бембель, якая прапанавала цыкл лекцый, прысвечаных найлепшым скульптарам, знакавым по­стацям ХХ стагоддзя. Першая лекцыя, якая пазнаёміць з Мiхаiлам Керзiным, адбудзецца ў снежнi ў выставачнай зале iмя Андрэя Бембеля.

Падчас правядзення арт-фестывалю прафесійнае журы з ліку мастацтвазнаўцаў вызначыць лепшых у намінацыях “Жывапіс”, “Графіка” і “Скульптура” I трыенале жывапісу, графікі і скульптуры, пераможцу “Графікі года”, а таксама ўладальніка гран-пры. Уручэнне ўзнагарод і дыпломаў адбудзецца падчас закрыцця фестывалю.

“Наш сёлетні фестываль — гэта зрэз мастацтва, вельмі прыгожы, яркі, сучасны і авангардны. А таму, мы ўпэўнены, кожны наведвальнік знойдзе штосьці цікавае для сябе”, — рэзюмавала Н.Шаранговіч.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота БелТА.