Прыгожы апошні неапошні штрых

- 12:33Культура

13 і 14 мая прайшлі заключныя мерапрыемствы ХХІV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды-2015”. Як вядома, з 2012 года арганізатарам і каардынатарам гэтага галоўнага фэшн-форуму краіны з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а яго мастацкім кіраўніком — вядомы дызайнер загадчык аддзела моды і дызайну НЦМТДіМ Святлана Гнядзёнак. З гэтага ж часу апекуны фестывалю-конкурсу пастаянна нагадваюць грамадскасці, што “Млын моды” — гэта ў першую чаргу адукацыйны праект для навучэнцаў і студэнтаў, педагогаў, маладых дызайнераў, мадэлей і фатографаў, стылістаў і візажыстаў. І не толькі нагадваюць, але і пацвярджаюць свае словы рэальнымі карыснымі справамі.

Хацеў назваць гэтыя нататкі “Прыгожы апошні штрых”, а потым падумаў, што ў фестывалю-конкурсу “Млын моды” не можа быць апошняга штрыха. Ён “круціцца”, рухаецца, як вечны рухавік, не ведаючы спачыну і перапынкаў, а яго фінальныя мерапрыемствы — гэта толькі, магчыма, нейкае вельмі кароткае адхланне пасля ўсёй зробленай за апошні год працы. Ужо сёння арганізатары форуму жывуць “Млынам моды-2016”, прадумваюць яго праграму, пракручваюць у галаве перспектывы на лета, восень, зіму… А таму штогадовы майскі фінал “Млына моды” — гэта прыгожы апошні ды неапошні штрых.
А ўвогуле, калі ў чацвер, 14 мая, я паглядзеў гала-прадстаўленне “Млына моды-2015”, якое не па традыцыі сёлета прайшло ў фешэнебельнай канцэртнай зале Prime Hall (не па традыцыі, бо апошнія гады яно праходзіла ў Палацы спорту), мне чамусьці ўспомніліся радкі з вядомай песні: “Апошні бой, ён цяжкі самы…”. А потым сам сабе адзначыў: ды ніякі не бой гэтае гала-прадстаўленне, а менавіта штрых. Прыгожы апошні неапошні штрых. А баі якраз папярэднічалі гэтаму штрыху. Баі вяліся ўвесь апошні год — за прыгажосць, за густ, за прафесіяналізм. Вяліся на ўстановачных вучэбных семінарах; на майстар-класах з прыцягненнем вядучых як айчынных, так і замежных знаўцаў моды; падчас міжнародных творчых майстэрань; у рамках “Эскізнага тура” і тура “Увасабленне”; падчас бясконцых асабістых кансультацый удзельнікаў конкурсу са спецыялістамі з Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Нарэшце, самы сапраўдны бой давялося правесці міжнародным экспертам 14 мая, калі яны з 11 да 15 гадзін у фармаце нон-стоп адгледзелі 88 калекцый фіналістаў у намінацыях “Школа моды” і “Майстар моды” і выбралі лепшых з лепшых. Таму зараз — крыху пра бэкграўнд сёлетняга фестывалю-конкурсу.
У яго “Эскізным туры”, які прайшоў у снежні 2014 года, прынялі ўдзел больш за 440 дызайнераў. Адметна, што вельмі хораша ў ім праявілі сябе навучэнцы і педагогі ўстаноў дадатковай адукацыі Барысава, Мазыра, Брэста, Гродна. Нельга не адзначыць і актыўны ўдзел у сёлетнім конкурсе прадстаўнікоў Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці, Баранавіцкага каледжа лёгкай прамысловасці імя В.Я.Чарнышова, Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. З 24 лютага па 13 сакавіка 2015 года адбыўся паўфінал конкурсу (тур “Увасабленне”) — калекцыі адзення прадстаўляліся дызайнерамі ўжо на мадэлях, кожны творчы праект суправаджаўся музычнай фанаграмай. Тады і вызначыліся 88 калекцый, вартых, на думку журы, удзелу ў фінале.
29 красавіка адбылася намінацыя “Майстар стылю” — яе ўдзельнікі мусілі распрацаваць і ўвасобіць вобраз мадэлі з улікам яе фактуры, прапарцыянальных, фізіягнамічных і пластычных асаблівасцей. Мадэлей-дэманстратараў прадаставіла подыум-школа Fashion Style Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнік Ігар Іваноў). Гэта ўжо была фактычна апошняя падрыхтоўка да фіналу сёлетняга “Млына моды”…
Тым часам з асаблівай любоўю і цеплынёй рыхтаваўся традыцыйны дабрачынны праект “Млына моды” “Стыльны пачатак”. Сёлета яго маленькімі героямі сталі навучэнцы Мінскай абласной дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху, якія і мусілі былі выйсці ў якасці мадэлей на подыум Prime Hall 14 мая. Аўтарамі калекцыі на марскую тэматыку сталі маладыя дызайнеры Наталля Касцова і Ганна Жук, якія працавалі пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела моды і дызайну НЦМТДіМ Святланы Гнядзёнак. Практычна ўсе мадэлі адзення для праекта “Стыльны пачатак” былі пашыты з беларускіх тканін педагогамі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысава.
Нарэшце, нельга не згадаць і пра міжнародныя творчыя майстэрні і адукацыйныя выезды, якія адбываліся пад эгідай фестывалю-конкурсу “Млын моды”, і тут трэба вылучыць, бадай, дзве самыя знакавыя падзеі. У лістападзе 2014 года маладыя беларускія дызайнеры і мадэлі наведалі Парыж, дзе паказалі модныя калекцыі на некалькіх фэшн-пляцоўках горада, наведалі парыжскую школу моды ESMOD, правялі там з французамі сумесны майстар-клас — усё гэта яшчэ па-добраму адгукнецца фестывалю… А ў сакавіку 2015 года ў рамках “Млына моды” адбыўся так званы “Міжнародны мост культуры “Беларусь — Італія” з наведваннем нашымі маладымі дызайнерамі школ моды ў Падуі і Мілане — адпаведна Інстытута моды SITAM і Інстытута моды і дызайну Marangoni. І гэта таксама потым абернецца прыемнымі наступствамі для фестывалю-конкурсу…
І вось ён — фінал. 13 мая ўдзельнікі ХХІV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды-2015” мелі магчымасць наведаць карысныя майстар-класы, якія правялі ўжо добры сябар нашага форуму з Расіі прадстаўнік дабрачыннага фонду “Рускі сілуэт” Джэмал Махмудаў (“Зараджэнне, станаўленне і развіццё брэнда MD Makhmudov Djemal. Роля конкурсаў маладых дызайнераў у стварэнні ўласнага брэнда адзення”), прадстаўніца Інстытута моды і дызайну Marangoni ў Мілане Алеся Малтані (“Высокія тэхналогіі як новыя магчымасці ў сферы дызайну”), Сільвія Штайнер з парыжскай школы моды ESMOD (“Workshoh: апошнія тэндэнцыі”), айчынны фатограф Яўгенія Мужава (“Fashion photo: тэхнічныя тонкасці”) і дырэктар Асацыяцыі вытворцаў парфумы і касметыкі, аўтар водараў, кіраўнік парфумнай майстэрні ў Мінску Улад Ракуноў (“Нябачны модны спадарожнік. Стагоддзе разам”).
А 14 мая, безумоўна, усе чакалі гала-прадстаўлення лепшых беларускіх і гасцявых калекцый у канцэртнай зале Prime Hall. Бліжэй да 7-й гадзіны вечара зала паступова запоўнілася пераважна маладымі, стыльна апранутымі людзьмі — і пачалося… Прысутных цёпла павітаў намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, які адзначыў, што “Млын моды”, нягледзячы на тое, што сёлета праходзіць ужо 24- ты раз, штогод адкрываецца новымі гранямі. А ў Год моладзі ён асабліва красамоўна сведчыць аб тым, што гэта менавіта маладзёжны праект, сярэдні ўзрост удзельнікаў — 20 гадоў. Віктар Віктаравіч пажадаў удзельнікам “Млына моды” крэатыву і поспеху ў творчасці. І ён жа ўручыў дыпломы абсалютных пераможцаў конкурсу, уладальнікаў першых месцаў у розных намінацыях: у намінацыі “Школа моды” — аўтару лепшай калекцыі для дзяцей Святлане Вараб’ёвай з гомельскай сярэдняй школы № 72 (калекцыя “Пацешкі”); аўтару лепшай калекцыі для падлеткаў Алене Гаўрыловіч з Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (калекцыя “Абярніся!”); аўтару лепшай мужчынскай калекцыі Ганне Жук з Інстытута сучасных ведаў імя А.М.Шырокава (калекцыя “Прабуджэнне”), аўтару лепшай жаночай калекцыі Марыі Куцко з Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці імя В.Я.Чарнышова (калекцыя Dark Paradise); у намінацыі “Майстар моды” — прафесійнаму дызайнеру з Мінска Сяргею Драчову (калекцыя Folk Street).
А потым пачалося ўжо непасрэдна фэшн-дзейства. Па подыуме грацыёзна дэфіліравалі мадэлі ў калекцыях беларускіх маладых дызайнераў-прызёраў, штораз зрываючы апладысменты; публіку нястомна забаўлялі сваімі жартачкамі вядучыя Вольга Рыжыкава і Алег Ціткоў; святочны настрой дапамагалі ажыўляць гурты NAVI і Zaleski Dance Design Show, дыджэй Slava Uncle; як і ў мінулыя гады, сапраўдны фурор выклікалі гасцявыя паказы, якія прадстаўлялі дабрачынны фонд “Рускі сілуэт” (сваю калекцыю прэзентаваў непасрэдна сам Джэмал Махмудаў), Міжнародны конкурс маладых мастакоў моды Habitus Baltija (Рыга, Латвія), парыжская школа моды ESMOD, Інстытут моды і дызайну Marangoni (Мілан, Італія). А заключным, самым светлым акордам свята таксама па традыцыі мінулых гадоў стала прэзентацыя дабрачыннага праекта “Млына моды” “Стыльны пачатак” — пад вясёлую песеньку “Тры кіты” дзеткі з Мінскай абласной дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху зрабілі з публікай тое, чаго не змаглі зрабіць ні маладыя беларускія дызайнеры, удзельнікі конкурсу, ні нават Джэмал Махмудаў — прымусілі яе забыцца, што яна знаходзіцца на высокім фэшн-свяце, і вярнуць на зямлю, дзе жыве не толькі прыгажосць, але і проста… сэрца.
“Тры кіты, тры кіты, тры кіты…” — напяваў сам сабе я гэтую песеньку, едучы дадому ў атобусе пасля шыкоўнага вечара ў Prime Hall. І радаваўся і за тых дзетак, і за “Млын моды”, які дорыць людзям у тым ліку і такую радасць.
Прыгожы апошні неапошні штрых.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.