Прыгожыя людзі

- 12:11Актуально, Апошнія запісы

Вялікім прыгожым дзействам у Маладзечне завяршыўся ў мінулыя пятніцу і суботу Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі-2015”. Гэты форум, безумоўна, мае непаўторны ўнікальны шарм, штогод збіраючы на сваіх пляцоўках тысячы маладых людзей, здольных ярка выказацца ў самых розных відах сцэнічнага мастацтва. А ў гады, калі агляд-конкурс маладзёжнай творчасці праводзіцца сярод мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, “АРТ-вакацыі” становяцца асабліва яркімі і прыцягальнымі ў сваёй непасрэднасці. Так было і на гэты раз, сёлета — у Год моладзі і ў год 70-годдзя Вялікай Перамогі.

Апафеозам свята ў Маладзечне стала субота, 23 мая, калі яго ўдзельнікам, сотням навучэнцаў і іх выкладчыкам з сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўсміхнулася нават само надвор’е (у пятніцу крыху непагодзілася). Выдаўся сапраўды цудоўны ясны дзень з ласкавым сонейкам, чысцюткім блакітным небам і лёгкім ветрыкам, які не даваў запанаваць спякоце. Ужо з адзінаццаці гадзін гучала музыка, якая даносілася з Маладзечанскага парка культуры і адпачынку імя Перамогі. Было зразумела, што там нешта адбываецца — грандыёзнае, калектыўнае, маладзёжнае…
Бліжэй да дванаццаці вялікая колькасць людзей пачала збірацца каля абеліска Перамогі — туды накіроўвалася моладзь з прыкметамі прыналежнасці прафтэха (адпаведнымі бэйджамі, у адпаведным той ці іншай прафесіі адзенні), туды, на ўрачысты мітынг, ішлі звычайныя маладзечанцы з кветкамі і сцяжкамі. Мітынг, падчас якога выступілі ветэраны, закончыўся велічнай цырымоніяй ускладання кветак да манумента.
А тым часам на алеі, якая вядзе ад абеліска да амфітэатра, і непасрэдна на тэрыторыі перад амфітэатрам ужо ва ўсю кіпела свята прафтэхаўцаў “Мая прафесія — мая будучыня”. Адна ля адной там разгарнуліся інтэрактыўныя і інфармацыйна-рэкламныя пляцоўкі “Прафстарт”, і было проста цікава блукаць па іх, знаёміцца з рознымі людзьмі і, адпаведна, з рознымі ўстановамі і прафесіямі, здзіўляючыся ў першую чаргу разнастайнасцю прафтэхаўскага руху ў нашай краіне.
Знаёмлюся. Вось Смілавіцкі сельскагаспадарчы ліцэй: намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Леанідаўна Раманеня і выкладчыца Тэрэза Феліксаўна Шэстак з задавальненнем расказваюць пра самыя апошнія распрацоўкі навучэнцаў і выкладчыкаў гэтай установы — кампактны экскаватар “Грызлі”, які можа выконваць філігранныя земляныя работы, напрыклад, выкопваць невялікія траншэі там, дзе вялікаму экскаватару будзе не падступіцца; пыласос “Віхура”, які прайшоў выпрабаванні на тэрыторыі ліцэя на ўборцы лісця… Зараз гэтыя агрэгаты экспануюцца на Рэспубліканскай выставе тэхнічнай творчасці навучэнцаў у Мінску. Святлана Леанідаўна і Тэрэза Феліксаўна вельмі спадзяюцца, што там іх чакаюць дыпломы лаўрэатаў.
Вось дзяўчаты з тэатра моды Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа дэманструюць свае прыгожыя строі і прычоскі…
Вось навучэнка Салігорскага дзяржаўнага каледжа Наталля Макаед пляце з лазы вялікі кош — засяроджана, упэўнена, спрытна. А побач стаяць ужо гатовыя кашы, сплеценыя, відаць, загадзя, як быццам намёк усім прахожым: “Можаце не сумнявацца, што новы будзе такім жа ладным”.
Вось два хлопцы-муляры з Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа акуратна выкладваюць цагліны ў нейкую будучую канструкцыю. Моцныя рукі працуюць старанна, не напаказ — я нават не стаў пытацца ў іх імёны, каб не перашкаджаць.
Вось навучэнка Барысаўскага дзяржаўнага каледжа галіновых тэхналогій Карына Гузан робіць бодзі-арт на твары мадэлі сваёй жа аднакашніцы Софіі Іпатовіч. Тая, бедалага, сядзіць ужо не першую гадзіну — не зварухнецца, не міргне. Прыгажосць патрабуе ахвяр…
Вось Ягор Сяргееў з Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя майструе табурэткі: роўненькія ножкі адна за адной кладуцца на падрыхтаванае для іх месца, і стэнд за спінай у Ягора красамоўна гаворыць сам за сябе — “Вашы праекты ў рэальнасць”.
Вось два графіцісты з Цэнтра дзіцячай творчасці Жодзіна Сяргей Клімковіч і Кірыл Мінкін літаральна на вачах ствараюць велічнае графіці на тэму Вялікай Перамогі. Кажуць, што загадзя не прыдумлялі кампазіцыю, што ўсё гэта — выключна імправізацыя аднаго дня, як, зрэшты, часцей за ўсё і бывае ў творчасці мастакоў графіці…
Такая вось галерэя прыгожых твараў, прыгожых рук і прыгожых рэчаў. А галерэя прыгожых галасоў, прыгожых рухаў і прыгожых слоў чакала яшчэ наперадзе. Так, вядома ж, я маю на ўвазе гала-канцэрт пераможцаў “АРТ-вакацый-2015” у амфітэатры.
Вітаючы гледачоў і ўдзельнікаў гала-канцэрта, намеснік міністра адукацыі Сяргей Валянцінавіч Руды падкрэсліў, што сёлета сышліся адразу дзве юбілейныя даты — 70-годдзе Вялікай Перамогі і 75-годдзе сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі (таму і было вырашана аб’яднаць фінал “АРТ-вакацый” са святам “Мая прафесія — мая будучыня”), што прафтэхадукацыя дае навучэнцам выдатныя магчымасці знайсці сябе не толькі ў прафесіі, але і ў мастацкай творчасці. Таксама ён нагадаў, што сёлетнія “АРТ-вакацыі” — гэта больш за 10 тысяч удзельнікаў, 277 уключаных у гэты рух устаноў адукацыі, 87 намінацый… “Усе дарогі для вас адкрыты — трэба па іх ісці”, — падсумаваў намеснік міністра.
Прысутных павітала таксама заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, загадчыца кафедры мастацтва эстрады факультэта музычнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, старшыня журы сёлетняга фестывалю Ірына Дарафеева, якая сказала коратка і ёмка: “Будзьце шчаслівыя. Мы ў вас верым!” Яна выканала і першы музычны нумар канцэрта — гэтакі шчыры падарунак фестывалю.
А потым амаль дзве гадзіны нас радавалі са сцэны тыя, хто найбольш радаваў на мінскім і абласных гала-канцэртах. Было вельмі шмат змяшаных нумароў, калі на сцэну адразу выходзілі, напрыклад, музычныя і харэаграфічныя калектывы, салісты і тэатры мод, групы спартыўнага танца і агітбрыгады. Было шмат яскравых, прынцыпова маладзёжных фішак — такіх, скажам, як нумар у стылі рэп “На Беларусі Бог жыве” ў выкананні творчага аб’яднання “Сузор’е” Лідскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва (пераможца рэспубліканскага інтэрактыўнага праекта “Рэцытацыя. Караткевіч. Повязь часоў”), рызыкоўны паркур у выкананні хлопцаў з Мазырскага дзяржаўнага ліцэя будаўнікоў, вeatbox ад Яніслава Неўмяржыцкага з Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя геалогіі і Аляксея Лісічкіна з Мазырскага дзяржаўнага ліцэя будаўнікоў. Было шмат па-добраму, па-юнацку задзірлівых і шчырых эмоцый у прызнаннях артыстаў у любові да сваёй Бацькаўшчыны, яе слаўнай гісторыі, сваёй будучай прафесіі, наогул да маладосці і жыцця. Ды ўсе, хто выступаў на сцэне амфітэатра 23 мая, што і гаварыць, — героі і малайцы: тэатр песні і танца “Сінтэз” Гомельскага гандлёва-эканамічнага каледжа Белкаапсаюза, група спартыўнага танца Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага, танцавальны калектыў Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, калектыў сучаснага танца “Натхненне” Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа Белкаапсаюза, ансамбль танца “Мара” Бабруйскага дзяржаўнага машынабудаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа, тэатр прычосак “Модус” Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання, тэатральная студыя “Скарбонка” Салігорскага дзяржаўнага каледжа, танцавальны калектыў “Аэліта” Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа, танцавальны калектыў Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 2, народны інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжкары” Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, народны хор “Крынічанька” Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці, танцавальны калектыў “Сучаснасць” Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, танцавальны калектыў “Фантазія” Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа… Ізноў, як ужо не раз рабіў у падобных выпадках, калі пісаў раней пра “АРТ-вакацыі”, прашу прабачэння ва ўсіх тых удзельнікаў гала-канцэрта, каго не назваў.
Дыплома Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “За высокі ўзровень арганізацыі і правядзення абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі-2015” удастоена ўпраўленне адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта. Іншымі словамі, Гомельская вобласць атры-мала гран-пры фестывалю.
Думаў, як назваць гэтыя нататкі, каб умясціць у назву ўсю маю павагу да арганізатараў “АРТ-вакацый”, іх удзельнікаў, арганізатараў і ўдзельнікаў свята “Мая прафесія — мая будучыня”, і лепшага за гэты загаловак не прыдумаў: “Прыгожыя людзі”. Вельмі ўжо шмат іх убачыў я ў мінулую суботу ў Маладзечне. Прыгожых ва ўсіх сэнсах.

Слова — старшыні ўпраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргею Іванавічу Парошыну.

— Сяргей Іванавіч, якія сёння вашы адчуванні?
— Адчуваю велізарную радасць і велізарны гонар за тых дзяўчат і хлопцаў, за іх выкладчыкаў, якія атрымалі такую высокую ацэнку сваёй рабоце. Безумоўна, гэтая работа — плён іх дзейнасці не аднаго года. Яна носіць у нас сістэмны характар. І калі людзі з душой ставяцца да сваёй справы, уцягваючы дзяцей у розныя кірункі творчай дзейнасці (а іх больш за 40 у нашай вобласці), то тады і бачыш вынікі. Я перакананы ў тым, што ў нас цудоўныя спецыялісты па кожным з гэтых кірункаў. А што тычыцца правядзення такіх мерапрыемстваў, якія мы сёння бачым, яны вельмі падтрымліваюцца моладдзю. Вось гэтая паяднанасць навучэнцаў і педагогаў у мастацкай творчасці жыццёва неабходная. І я вельмі ўдзячны Міністэрству адукацыі, Нацыянальнаму цэнтру мастацкай творчасці дзяцей і моладзі за ўсе іх ініцыятывы, звязаныя з “АРТ-вакацыямі”, з адраджэннем і развіццём фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнтаў. Гэты форум дае магчымасць кожнаму яго ўдзельніку знайсці сябе ў разнастайнасці творчасці. І хацелася б пажадаць, каб з кожным годам толькі ўмацоўвалася ўсё тое, што сёння мы бачым.

— А вам асабіста, дарэчы, які кірунак мастацкай творчасці найбольш блізкі — харэаграфія, спевы, інструментальная музыка?
— Мне здаецца, кожны малады чалавек, які лічыць сябе творчай натурай, павінен паспрабаваць сябе ў як мага большай колькасці жанраў. Я сам, між іншым, і спяваю, і танцую. І гэта вельмі важна, асабліва ў педагогіцы, бо за кошт артыстызму можна падымаць свой аўтарытэт як спецыяліста, свой культурны ўзровень, пашырыць кругагляд. Дзеці пачнуць да цябе цягнуцца. А за такога кіраўніка, які, акрамя што кіраваць, умее яшчэ танцаваць, спяваць, сваімі рукамі сам нешта рабіць, добра выглядае, яго падначаленыя адчуваюць асаблівы гонар. Думаю, што гэта партрэт сучаснага кіраўніка.

— А з прафесій, якія прапаноўвае нашым навучэнцам айчынная сістэма прафадукацыі, якая вам найбольш блізкая?
— Я пачынаў сваю працоўную дзейнасць пасля заканчэння школы вучнем фрэзероўшчыка. Працаваў слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі. Маю сёння афіцыйна пацверджаны трэці разрад электрыка, вадзіцельскае пасведчанне. У студэнцкія гады быў камандзірам студэнцкага будаўнічага атрада. І вось дзякуючы ўсяму гэтаму сёння я ўмею і класці цэглу, і рабіць дах… А на ваша пытанне адкажу так: напэўна, больш за ўсё мне падабаюцца самыя мірныя прафесіі — будаўніцтва, дызайн, афармленне… Мая жонка таксама творчы чалавек, умелая рукадзельніца. У нас дома ёсць шмат мастацкіх вырабаў, створаных і мной, і жонкай, і нашымі дзецьмі — дачкой і сынам. І я гэтаму вельмі рады.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.
Мінск — Маладзечна — Мінск.