Прыхільнасць да змяненняў — на ўласным прыкладзе

- 16:11Суразмоўца

Пытанням укаранення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс і кіраўніцкую дзейнасць у гімназіі № 5 Баранавіч Брэсцкай вобласці ўдзяляецца асаблівая ўвага. Яркім сведчаннем гэтага стаў у сёлетнім навучальным годзе ўдзел установы адукацыі ў конкурсе прафесійнага майстэрства “ІКТ у кіраўніцкай дзейнасці”, арганізаваным абласным упраўленнем адукацыі, і перамога ў ім. Падзяліцца сваімі ўражаннямі ад конкурсу, а таксама расказаць аб асаблівасцях выкарыстання ІКТ у гімназіі мы папрасілі яе дырэктара Таццяну Іванаўну ШАСТАК:

— Сапраўды, яшчэ напрыканцы 2012 года мы прынялі ўд зел у абласным конкурсе прафесійнага майстэрства ў сферы прымянення інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій у кіраўніцкай дзейнасці. Незвычайным для гэтага спаборніцтва быў удзел у ім адміністрацыі ўстаноў адукацыі. Кіраўнік установы павінен быў прадставіць матэрыял па тэме, відэафільм пра сваю ўстанову адукацыі і абараніць свой праект. Па выніках удзелу ў конкурсе праект нашай гімназіі адзначаны дыпломам І ступені і каштоўным падарункам — сучасным камп’ютарам з перыферыйнымі ўстройствамі.

Т.І. ШастакВельмі каштоўным было тое, што на выніковым туры конкурсу ўсе ўстановы адукацыі, якія выйшлі ў фінал (а іх было дзесяць), арганізатары мерапрыемства азнаёмілі з найноўшымі распрацоўкамі ў сферы ІКТ: з сістэмай MacPro (наступная ступень эвалюцыі рабочых станцый, якія вырабляюцца кампаніяй Apple), з новай тэхнікай — ноўтбукамі Apple, MacBookPro, з электроннымі кнігамі, сістэмай Votum, якая якасна мяняе прынцып арганізацыі работы на ўроку, дазваляючы праводзіць дынамічныя інтэрактыўныя заняткі з паўнацэннай уцягненасцю кожнага навучэнца ў розныя віды дзейнасці, і іншымі сучаснымі тэхналогіямі.

— Таццяна Іванаўна, раскажыце, калі ласка, аб праекце, прадстаўленым вамі на конкурс.
— Мяркую, што арганізацыя працэсаў інфарматызацыі з’яўляецца сродкам змянення якасці кіравання, якое павінна прывесці да сістэмных змяненняў на ўсіх этапах і ўзроўнях жыццядзейнасці ўстановы адукацыі. Менавіта кіраўніку адводзіцца вядучая роля ў працэсе інфарматызацыі, якая прадугледжвае дэманстрацыю прыхільнасці да змяненняў на ўласным прыкладзе, дакладнае размеркаванне перспектыў, мэт і задач, забеспячэнне рэсурсамі, прызнанне ўкладу педагогаў у справу інфарматызацыі.
Для планамернага і сістэматызаванага падыходу да працэсу інфарматызацыі ў гімназіі распрацавана праграма, асноўная мэта якой — стварэнне адзінай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі, якая ўключае ў сябе сукупнасць тэхнічных, праграмных, тэлекамунікацыйных і метадычных сродкаў, якія дазваляюць прымяняць у адукацыйным працэсе сучасныя інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі і ажыццяўляць збор, захаванне і апрацоўку даных сістэмы адукацыі. У межах рэалізацыі праграмы дзейнічае план мерапрыемстваў, дзе прадугледжаны асноўныя напрамкі па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання ІКТ.
Інфарматызацыя адукацыйнага працэсу гімназіі развіваецца па наступных напрамках: распрацоўка вучэбных матэрыялаў новага пакалення (электронных сродкаў забеспячэння і падтрымкі адукацыйнага працэсу), укараненне ЭСН па вучэбных прадметах, прафесійнае развіццё педагогаў у галіне ІКТ, функцыянаванне сістэмы міжшкольных метадычных рэсурсных цэнтраў, а таксама стварэнне гібрыдных дыстанцыйных курсаў у межах рэалізацыі на базе гімназіі інавацыйнага праекта па тэме “Укараненне мадэлі дыстанцыйных форм навучання ў падтрымку асноўнага курса і факультатыўных заняткаў па вучэбных прадметах”.
У гімназіі створана дастаткова магутная матэрыяльна-тэхнічная база, чым мы сапраўды ганарымся. Адукацыйны працэс (кіраўніцтва гімназіі, яе службы, педагогаў і навучэнцаў) забяспечваюць 52 персанальныя камп’ютары, 45 з якіх аб’яднаны ў лакальную сетку, 3 ноўтбукі, 3 мультымедыйныя праектары, 2 інтэрактыўныя дошкі і г.д. Ёсць два кабінеты інфарматыкі (24 персанальныя камп’ютары), кабінет для вывучэння замежных моў (6 персанальных камп’ютараў, аб’яднаных у лакальную сетку).
Інфарматызацыя кіраўніцкай дзейнасці вядзецца на аснове праграм “Дырэктар”, “Кадры”, “Бібліёграф”, “Інфарматызацыя” (створана база даных па гімназіі ў межах магчымасцей праграм, адсочваецца выніковасць адукацыйнай прасторы і г.д.). Прадастаўлена магчымасць выкарыстання ў адукацыйным працэсе нацыянальных электронных сродкаў навучання, распрацаваных па заказе Міністэрства адукацыі (44 найменні), тэстаў РІКВ, ЭСН беларускіх і расійскіх вытворцаў (мультымедыйныя энцыклапедыі, электронныя рэпетытары, картографы і г.д.), вучэбна-метадычных медыяматэрыялаў рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій і сучасных сродкаў навучання Брэста (каталог па ўсіх прадметах вучэбнага плана), мультымедыйных прадуктаў, створаных настаўнікамі гімназіі (РР-прэзентацыі, відэаролікі і інш.).
Укараненне і выкарыстанне ЭСН у адукацыйным працэсе па вучэбных прадметах знаходзяцца на добрым узроўні. Дарэчы, у электронным выглядзе вядуцца журналы наяўнасці і выкарыстання ЭСН у гімназіі. Яны размешчаны ў гімназічнай сетцы інтранэт. Настаўнікі-прадметнікі вядуць улік дасягненняў сваёй педагагічнай дзейнасці ў форме электронных партфоліа, якія таксама размешчаны ў лакальнай сетцы.
Кіраўніцтва гімназіі, педагагічныя работнікі валодаюць на дастаткова высокім узроўні камп’ютарнай граматай, што дазволіла актыўна ўключыцца ў працэс сертыфікацыі як кваліфікаваным карыстальнікам інфармацыйнымі тэхналогіямі. Сертыфікацыю па напрамках “Адміністрацыйная работа”, “Вучэбна-выхаваўчая работа”, “Інфармацыйныя тэхналогіі” паспяхова прайшлі 45 працэнтаў педагагічнага калектыву (38 педагогаў).
Сетка інтранэт, доступ у якую ажыццяўляецца праз інфакіёскі, прапаноўвае блокі інфармацыі для настаўнікаў і навучэнцаў: віртуальны метадычны кабінет для педагогаў (нарматыўная база для забеспячэння адукацыйнага працэсу, аргпытанні, псіхалагічныя і метадычныя рэкамендацыі настаўнікам і класным кіраўнікам па розных напрамках вучэбна-педагагічнай дзейнасці і г.д., інфармацыйныя блокі прадметных метадычных аб’яднанняў) і вучэбны інфармацыйны цэнтр для навучэнцаў (інфармацыйныя блокі выхаваўчай работы, здароўезберажэння, бібліятэкі, псіхалагічнай і сацыяльна-педагагічнай службаў; інфармацыя для абітурыентаў, рэкамендацыі педагогаў і практычныя матэрыялы па прадметах вучэбнага плана і г.д.).
Усім удзельнікам адукацыйнага працэсу прадастаўлены хуткасны кругласутачны выхад у інтэрнэт, аплата якога ажыццяўляецца са сродкаў пазабюджэтнай дзейнасці. Кантроль за выкарыстаннем інтэрнэту вядзецца ва ўрочнай дзейнасці настаўнікамі (наяўнасць праграмы прагляду педагогам з галаўнога камп’ютара кожнага сеткавага камп’ютара навучэнца і блакіроўкі сайтаў, якія не маюць адносін да адукацыі). Зроблена блакіроўка сацыяльных сайтаў (“Аднакласнікі”, “УКантакце” і г.д.).
Афіцыйны сайт гімназіі мае выхад у дыстанцыйнае навучанне, распрацаванае настаўнікамі-інаватарамі. Для фарміравання камп’ютарнай кампетэнтнасці настаўнікаў матэматыкі Баранавіч, абмену адукацыйнымі рэсурсамі створана інтэрактыўнае метадычнае аб’яднанне — віртуальная метадычная служба. Змястоўнае напаўненне сайта нясе інфармацыю аб гімназіі: інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы ўстановы, навінах і карыснай інфармацыі — “Адно акно”, метадычных аб’яднаннях настаўнікаў-прадметнікаў, візітоўцы гімназіі, навуковым таварыстве навучэнцаў. Створаны таксама прававая старонка і старонка псіхолага, дадзены карысныя спасылкі для настаўнікаў-прадметнікаў. Падтрымцы і суправаджэнню сайта, насычэнню яго статычнай (пастаяннай) і дынамічнай (актуальнай) інфармацыяй і ў далейшым будзе ўдзяляцца вялікая ўвага.
Бібліятэка гімназіі планамерна пераўтвараецца ў цэнтр інфармацыйных рэсурсаў. Ёсць 2 камп’ютары (адзін з іх дзейнічае як інфармацыйны кіёск), доступ да сеткі інтэрнэт, прынтар. Адзін з камп’ютараў прадастаўляе доступ настаўнікам і навучэнцам да лакальнай сеткі інтранэт.
Мы прадугледжваем, што вынікам інфарматызацыі гімназіі стане празрыстасць працэсу адукацыі навучэнцаў, даступнасць да інфармацыі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, удасканаленне методык і тэхналогій выкладання вучэбных прадметаў. Сучасныя тэхналогіі і камп’ютарныя праграмы да юць магчымасць стварыць “інфармацыйную вертыкаль” кіравання якасцю адукацыі, узбройваючы кіраўніка аператыўнай і актуальнай інфармацыяй аб усіх аспектах дзейнасці ўстановы адукацыі. Ужо зараз адчуваецца, што прымяненне ІКТ дазваляе на парадак узняць якасць і культуру кіраўніцкай дзейнасці і стварыць рэзервы работы ў рэжыме развіцця.

— Таццяна Іванаўна, два апошнія гады на базе ўстановы адукацыі працавала інавацыйная пляцоўка па ўкараненні мадэлі дыстанцыйных форм навучання ў падтрымку асноўнага курса і факультатыўных заняткаў па вучэбных прадметах. Як вы лічыце, ці ёсць неабходнасць у сярэдняй агульнаадукацыйнай школе выкарыстоўваць магчымасці дыстанцыйнага навучання?
— Так, з 2010 па 2012 год на базе нашай гімназіі працавала інавацыйная пляцоўка па тэме “Укараненне мадэлі дыстанцыйных форм навучання ў падтрымку асноўнага курса і факультатыўных заняткаў па вучэбных прадметах”. Зараз вядзецца ўкараненне ў адукацыйны працэс апрабаванай мадэлі інавацыйнага праекта. Наш педагагічны калектыў дакладна разумее, што, калі мы будзем вучыць сёння так, як мы вучылі ўчора, мы ўкрадзём у нашых дзяцей заўтра, таму і імкнёмся працаваць па-новаму. А працаваць можна якасна і вынікова, калі ў нагу з табой ідуць, падтрымліваючы тваю ініцыятыву, разумныя і творчыя намеснікі і настаўнікі. Каардынатарам інавацыйнага праекта стала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Канстанцінаўна Емяльянчык. Пад яе кіраўніцтвам вядзецца інфармацыйна-метадычная работа па навучанні настаўнікаў-інаватараў. Сярод педагогаў, якія прагрэсіўна і творча працуюць, — настаўніца рускай мовы і літаратуры Н.Г.Мяшчэрская, настаўнікі англійскай мовы В.А.Банкевіч, І.А.Краўчук, С.М.Вашава, настаўніца матэматыкі А.І.Завалюк, настаўніца інфарматыкі Ж.С.Журко, настаўніца беларускай мовы і літаратуры І.У.Юдзіна, настаўніца хіміі Ж.С.Карповіч і інш.
Настаўнікамі-інаватарамі распрацаваны шэсць дыстанцыйных курсаў у падтрымку асноўных курсаў і факультатыўных заняткаў па прадметах гуманітарнага цыкла, праведзена іх паспяховая апрабацыя з навучэнцамі гімназіі. Сярод іх — “Падтрымка асноўнага курса. Англійская мова. 9 клас”, “Падтрымка факультатыўнага курса. Англійская мова. Лексіка-граматычны практыкум. 11 клас”, “Падтрымка факультатыўнага курса па рускай мове “Ад значэння да напісання”. 8 клас”, “Падтрымка асноўнага курса. Гісторыя Беларусі. 8 клас”.
Думаю, выкарыстанне магчымасцей дыстанцыйнага навучання ў сярэдняй школе ўжо жыццёва неабходна. Мадэль інтэграцыі вочных і дыстанцыйных форм навучання з выкарыстаннем сеткавага навучання і кейс-тэхналогій для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі садзейнічае індывідуалізацыі адукацыйнага працэсу, развіццю здольнасці дзяцей да камунікатыўных дзеянняў і навыкаў даследчай работы, фарміруе інфармацыйную культуру асобы і гатоўнасць да бесперапыннай адукацыі. Укараненне дыстанцыйнага навучання ў адукацыйную прастору сярэдняй школы вырашыць шмат праблем. Напрыклад, надомнае навучанне школьнікаў можна часткова праводзіць дыстанцыйна. Доўгатэрміновая адсутнасць навучэнцаў па хваробе шляхам выкарыстання ДН можа ліквідаваць праблемы ў ведах школьнікаў. ДН — гэта і дадатковыя заняткі з высокаматываванымі навучэнцамі. Дыстанцыйнае навучанне ў школе сёння разглядаецца менавіта як новая, інавацыйная форма навучання, якая прадугледжвае атрыманне ведаў пад кантролем настаўніка праз інфармацыйныя сеткі інтранэт і інтэрнэт.

— А што перашкаджае ўкараненню дыстанцыйнага навучання?
— Прычынамі, якія замаруджваюць укараненне дыстанцыйнага навучання ў адукацыйны працэс сярэдняй школы, на маю думку, з’яўляюцца недастатковая падрыхтоўка настаўнікаў як цьютараў, якія суправаджаюць дыстанцыйную падтрымку асноўных вучэбных і факультатыўных курсаў, а таксама слабая курсавая падрыхтоўка педагогаў па пытанні арганізацыі дыстанцыйнага навучання ў школе. Наступнай прычынай, якая перашкаджае ўкараняць ДН у адукацыйны працэс сярэдніх школ, з’яўляецца недастатковы ўзровень забеспячэння тэхнічнага складніка інфарматызацыі адукацыйнай прасторы некаторых школ. Бо для ўкаранення дыстанцыйнага навучання неабходны выхад у высакахуткасны інтэрнэт (пажадана кругласутачны для работы навучэнца і настаўніка), вылучанае даменнае імя для прадукцыйнай работы абалонкі ДН, магутныя ПК і веды для работы ў абалонцы Moodle.

— Як вы ставіцеся да эксперымента па ўкараненні персанальных электронных прылад у адукацыйны працэс? Ці заменіць з цягам часу электронны падручнік падручнік папяровы?
— Да эксперымента па ўкараненні персанальных прылад у адукацыйны працэс стаўлюся станоўча. Лічу, што электронныя падручнікі, новае праграмнае забеспячэнне дазваляюць навучэнцам значна паменшыць выдаткі часу на падрыхтоўку і выкананне дамашняга задання, павысіць матывацыю да вучэбнай дзейнасці. Выкарыстанне персанальных электронных прылад — гэта адзін са шляхоў інтэнсіфікаваць вучэбны працэс. Трэба жыць у нагу з часам, але нельга дапусціць, каб віртуальныя зносіны замянілі сяброўскі поціск рук, пастаянныя зносіны з камп’ютарам пераважылі над жаданнем адчуваць дыханне чалавека побач. Толькі тады, калі мы захаваем чалавечае ў чалавеку, мы выхаваем сапраўдных грамадзян сваёй краіны.

— Таццяна Іванаўна, а якія перспектывы па развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у гімназіі вам бачацца?
— З сакавіка 2013 года творчая група настаўнікаў гімназіі становіцца членам часовага навуковага калектыву пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Педагогі прымуць удзел у навукова-даследчай рабоце акадэміі “Распрацоўка электронных адукацыйных рэсурсаў для дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў (у межах павышэння кваліфікацыі). Дыстанцыйнае навучанне з выкарыстаннем электронных адукацыйных рэсурсаў у выкладанні вучэбных прадметаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. Мэтай навукова-даследчай работы з’яўляецца стварэнне дыстанцыйных курсаў для павышэння прафесійнага майстэрства настаўнікаў.
Думаю, менавіта інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі пры рацыянальным іх прымяненні ў адукацыйным працэсе будуць садзейнічаць выхаванню не толькі функцыянальнай граматнасці навучэнцаў, але і фарміраваць вучэбныя, пазнавальныя, мабільныя якасці чалавека, які ўмее, здольны жыць і адаптавацца ў сучасным грамадстве. А гэта сёння з’яўляецца прыярытэтнай задачай школы.

— Вялікі дзякуй за гутарку.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.

kaliadich@ng-press.by