Прыходзь! Выбірай! Запісвайся!

- 11:40Навіны рэгіёнаў

Жыццё ўстановы дадатковай адукацыі — гэта бясконцы шэраг яркіх мерапрыемстваў і падзей. І адна з найважнейшых падзей адбываецца ў верасні — тыдзень дадатковай адукацыі. Ён уплывае на тое, ці прыйдуць дзеці ў цэнтры творчасці, экалогіі, турызму, ці будуць яны бавіць вольны час цікава і з карысцю. Установы Мінскай вобласці прыклалі максімум намаганняў, каб цікавымі і разнастайнымі мерапрыемствамі прыцягнуць увагу дзяцей і іх бацькоў.

Да правядзення тыдня кожная ўстанова дадатковай адукацыі падышла адказна і крэатыўна, каб прыцягнуць на свае пляцоўкі як мага больш патэнцыяльных гурткоўцаў. Так, у Маладзечанскім ЦТДіМ “Маладзік” прайшла тэатралізаваная акцыя-запрашэнне “Давай знаёміцца!”, падчас якой раздаваліся рэкламныя флаеры, усім жадаючым малявалі аквагрым. Тут можна было не толькі атрымаць станоўчыя эмоцыі, але і набыць карысныя веды, для чаго працавалі інфармацыйна-кансультацыйныя пляцоўкі.

Хобі-цэнтр “Вучыся і здзіўляйся!” запрасіў юных жыхароў Слуцка, каб пазнаёміць са Слуцкім цэнтрам дзіцячай творчасці. Пад кіраўніцтвам майстроў у хобі-цэнтры можна было паспрабаваць сябе ў розных напрамках дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва і знайсці захапленне даспадобы.

PR-кампанія “Дадатковая адукацыя. Прыходзь! Выбірай! Запісвайся!” разгарнулася на Валожыншчыне. Прэзентацыя раённага ЦТДіМ уключала запальны флэшмоб “Танцуем разам — не стаім на месцы” і таварыскую сустрэчу па міні-футболе “Цудоўна жыць!”.

PR-акцыю “Я запісаўся ў гурток! А ты?” правялі для дзяцей і моладзі Дзяржынскага раёна: іх чакала гульнявая праграма з роставымі шахматамі і фотазонамі, экспрэс-заняткі па арыгамі і бісерапляценні, практыкум па камп’ютарнай распрацоўцы віншавальнай паштоўкі і выстава-продаж сувенірнай прадукцыі школьнай бізнес-кампаніі.

Інтэрактыўную пляцоўку “Мабільная сэнсарная экалагічная сцежка” прадставілі педагогі ЦДТ Лагойскага раёна. Была прадэманстравана перасовачная выстава работ вучняў, якія наведваюць у цэнтры аб’яднанні па інтарэсах. Прайшлі майстар-класы “Пластылінавыя гісторыі” і “Клякса”.

Арт-дэсант Старадарожскага ЦДТ “Святліца” імя І.Н.Стасевіча “Праводзьце час цікава і з карысцю” высадзіўся ва ўстановах адукацыі раёна, дзе ў інтэрактыўнай форме прэзентавалася дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах.

У рамках тыдня дадатковай адукацыі на Міншчыне праходзілі і мерапрыемствы для педагогаў. Напрыклад, у Старадарожскім ЦДТ працавала выстава інфармацыйных і метадычных матэрыялаў, а ў Рудзенскім ЦТДіМ “Вясёлка” Пухавіцкага раёна прайшоў семінар “Інтэрактыўныя метады навучання ў дзеянні”, была арганізавана творчая гасцёўня “Садружнасць + творчасць = поспех”, якую наведалі педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй, дадатковай і спецыяльнай адукацыі дзяцей і моладзі.

Актыўнасць дзяцей і іх шчырая зацікаўленасць падчас мерапрыемстваў тыдня дадатковай адукацыі запэўнілі, што вольны час школьнікі Міншчыны будуць бавіць ярка, весела і цікава.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены МАІРА.