Прыходзьце за эмоцыямі і выбірайце будучыню!

- 8:01Выбар прафесіі

Сёння ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце праходзіць дзень адкрытых дзвярэй. Дзеля бяспекі і камфорту арганізатары прапанавалі абітурыентам адразу два фарматы: вочны — у дворыку перад галоўным корпусам — і анлайн-трансляцыю на YouTube-канале БНТУ.

Ва ўніверсітэце гасцей чакаюць стэнды факультэтаў і філіялаў — каледжаў, дзе можна даведацца пра асаблівасці ўступнай кампаніі 2021 года. Прадстаўнікі рэктарата, дэканы, выкладчыкі і студэнты раскажуць аб спецыяльнасцях, якія можна атрымаць у БНТУ.

Адметнасцю гэтага года стане інтэрактыўная забаўляльна-пазнавальная пляцоўка “БНТУ ХАБ” з тэматычнай фотазонай, VR-зонай і аўтарскімі Instagram-маскамі. Тут кожны зможа зрабіць фота і відэа на памяць, папрактыкавацца ў мадэляванні аб’ектаў віртуальнай рэальнасці, з дапамогай Instagram-масак даведацца, які ён інжынер. У БНТУ хочуць паказаць абітурыентам, што прафесіі, якім тут вучаць, цікавыя, запатрабаваныя і перспектыўныя.

Таксама на дні адкрытых дзвярэй можна паўдзельнічаць у розыгрышы фірменнай прадукцыі студэнцкай крамы БНТУ, а дробныя сувеніры (значкі, ручкі і алоўкі) — атрымаць проста ў падарунак.

Абітурыенты, у якіх не атрымаецца наведаць дзень адкрытых дзвярэй асабіста, могуць задаць свае пытанні падчас анлайн-трансляцыі на YouTube-канале. У прыёмнай камісіі абяцаюць, што ніводнае з іх не застанецца без адказу. Яшчэ больш інфармацыі можна атрымаць у Telegram-канале БНТУ і ў абітурыенцкім чаце.

Вядучы тэхнічны ўніверсітэт краіны запрашае ўсіх абітурыентаў у свой рэальны і віртуальны свет. Слоган гэтага года гучыць прывабліва: “Прыходзьце ў БНТУ за эмоцыямі і выбірайце сваю будучыню!”

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.